Общество

Вольскі: «Калі б адзін усходні дыктатар у 2020-м не ўхваліў вынік так званых беларускіх выбараў, не было б у нас цяпер ніякіх палітзьняволеных»

Пра новую ахвяру рэжыму, а таксама пра тое, адкуль усе беларускія беды і ці варта беларусам пераймацца з-за Навальнага, піша Лявон Вольскі на Будзьма беларусамі.

Лявон Вольскі

Беларускія беды: начальства і суседзі

Як пісаў Караткевіч, Беларусі з усім пашанцавала, адно толькі — начальства дрэннае. Ну, як тут не пагадзіцца? Усё добра — лясы, рэкі, азёры, лугі-сенажаці... А вось з начальствам — бяда.

Але ёсьць яшчэ адна бяда. Ці ня горшая за першую. Суседзі. Дакладней, сусед. Ці то, суседка? Старэйшая сястра. З чаго, праўда, гэта яе зрабілі сястрою — незразумела. Цягне хіба на далёкую сваячку. Багатая, але бязглуздая. Жыве побач і почасту прыходзіць бяз стуку. Дакладна ведае, як жыць і што рабіць, хаця ў самой у хаце бруд і цьвіль, і павуціньне. І не дае яна нам жыць спакойна, і прыходзіць, і наводзіць свае парадкі.

І калі першую бяду — начальства — можна яшчэ неяк прыбраць (цяжка, але магчыма), дык сусядзяў, як усе ведаюць, не выбіраюць.

І вось ужо не было Савецкага Саюзу, а нашае начальства (нашая бяда!) усё азіралася: а што на гэтыя нашыя дзеяньні скажа Масква? Як адрэагуе? А раптам не спадабаецца, і нам перакрыюць газ? І ўжо адлучыліся краіны Балтыі ад гэтае васальнае залежнасьці, а мы ўсё працягвалі енчыць і біць паклоны.

І была ў нас спроба імпічмэнту першага (можа, і апошняга?) прэзыдэнта ў далёкім 1996-м, і прыляцелі «міратворцы» з Расеі, усё «разрулілі» (так, як ім было выгодна), і жыцьцё пайшло ў звыклым васальна-залежным рэчышчы.

«Старэйшая сястра» пераймае беларускі досвед

Зрэшты, цягам гэтых пакутліва доўгіх гадоў «супрацы» ня толькі мы пастаянна глядзім на «старэйшую сястру», яна таксама пазірае на нас. Доўгім цяжкім позіркам. З-пад ілба. Вывучае. Пераймае перадавы досьвед. Напрыклад — як нэйтралізоўваць палітычных апанэнтаў.

«Старэйшая сястра» (не, хутчэй — стрыечная цётка!) думала, што гэтых апанэнтаў можна адно толькі забіваць, а прыгледзелася — не, вось жа ж беларускія таварышы актыўна распрацоўваюць старыя добрыя правераныя часам савецкія мэтады! Апазыцыйнага палітыка можна пасадзіць у турму на доўгія-доўгія гады!

І там, у вязьніцы, катаваць яго, кідаць у ШІЗА, усяляк прэсаваць, зьневажаць і прыгнятаць. А калі ён не ламаецца ад гэтага ўсяго (нармальныя людзі дык вельмі хутка здаюцца), тады заўсёды ёсьць той, першы, мэтад. Ліквідацыя.

Але адна справа — калі ліквідацыя адбываецца на вечаровай маскоўскай вуліцы з прымяненьнем агняпальнае зброі, і зусім іншая — калі чалавек у мейсцах зьняволеньня раптоўна захварэў і аддаў Богу душу.

Што нам той Навальны

Радыкальныя беларусы гавораць: што нам той Навальны? Гэта іншая краіна, там іншыя людзі. Апазыцыйныя палітыкі — усё адно імпэрцы. Ён калісьці зьневажаў беларускую мову і стаяў на скрайнеімпэрскіх пазыцыях. Прабачаўся, але што з таго? Па-сутнасьці, яны ўсе аднолькавыя!

Не такія ўжо аднолькавыя. Хтосьці болей атручаны «навічком» прапаганды, хтосьці меней. Нехта ўпэўнены, што Беларусь — гэта Расея, а нехта падазрае, што не зусім, сумняецца.

Але машына прапаганды працуе. Працуе так эфэктыўна, што ўжо й шмат хто зь беларусаў гатовы падлучыцца да «стрыечнай цёткі». Што ўжо там казаць пра расейцаў, давайце пільна паглядзім на сябе! На сваіх сваякоў, сяброў і знаёмых.

У гэтай сытуацыі, калі крамлёўскі царок увасабляе абсалютнае зло, дэмакратычная апазыцыя ў Расеі — гэта крок да лепшага. Прынамсі, да чагосьці іншага, бо гэтая цяперашняя рэчаіснасьць нам надта добра вядомая — з шалёнымі прапагандыстамі, прамытымі народнымі мазгамі, бессэнсоўнай бесчалавечнай вайной і пэрспэктывай сусьветнага ядзернага пажару. І здаецца, што гэтую ненажэрную машыну немагчыма спыніць, і ўсё рашуча паўзе ў бездань.

Навальны кінуў выклік машыне. Яна забіла яго. Але так хочацца верыць, што гэтая ахвяра была не дарэмная, што неўзабаве гліняныя ногі калоса пакрыюцца расколінамі, і ўся гэтая злачынная, заганная, зьвярыная сыстэма абрынецца, лясьне, зруйнуецца!

Тыя, хто гаворыць, што Расея — іншая краіна і пра тое, што трэба думаць найперш пра сваіх палітвязьняў, безумоўна, маюць рацыю. Трэба думаць пра сваіх. І мы думаем.

Але, каб адзін усходні дыктатар, на якога глядзелі тысячы й тысячы сілавікоў, чыноўнікаў, людзей сыстэмы ў Беларусі ў 2020-м, не ўхваліў урэшце вынік так званых беларускіх выбараў, не было б у нас цяпер ніякіх палітзьняволеных. Былі б адно былыя сілавікі ў перавыхаваўчых установах. Яны б шылі там мяккія цацкі для дзяцей, глядзелі (у абавязковым парадку) добрыя мульцікі з выхаваўчай маральлю — пра дружбу, любоў і ўзаемадапамогу і гулялі ў разьвівальныя гульні.

Яшчэ адна ахвяра

А цяпер — маем што маем. Яшчэ адзін беларускі палітвязень загінуў за кратамі — Ігар Леднік. І суддзя ведала, што чалавек хворы, што можа ня вытрымаць зьняволеньне, але непахісна выпісала прысуд.

Гэтае дзікунства — нармальная рэч для беларускіх суддзяў. Будзённая. Стандартная. І, баюся, цяпер ужо мы не абыйдземся мяккімі цацкамі, мульцікамі й разьвівальнымі гульнямі. Пакараньне мусіць адпавядаць злачынству.

Ігар Леднік

На волі ў забітых апанэнтаў гэтых рэжымаў засталіся сваякі. Засталіся жонкі, якія пражылі са свамі неабыякавымі мужамі шмат гадоў, якія суперажывалі, дапамагалі, падтрымлівалі, былі баявымі сяброўкамі...

А хто працягне справу дыктатара? Кіраўнік адміністрацыі, міністр абароны, начальнік-сілавік? Бо жонак у дыктатараў няма. Не атрымалася неяк зь сям’ёй. Развалілася ўсё. Відаць, дзяржавай кіраваць лягчэй, чымсьці ўладкоўваць сямейны побыт.

Беларусі пашчасьціла. З усім, апроч начальства. І ўсходніх суседзяў. Але трэба ведаць, што гэтае кепскае начальства ніхто за нас не памяняе.

Ніякія суседзі — нават усходнія. Дай Бог, каб з сабою разабраліся!

Моцы — сваякам закатаваных палітычных вязьняў. Трываласьці. Веры ў тое, што ўсё было не дарма! Веры. Надзеі. Любові.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(21)