Филин

Сяргей Васілеўскі

Магда: Лукашэнка разбурае суверэнітэт Беларусі літаральна ў прамым эфіры

Палітолаг — пра наступствы дэкларацыі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, у якой наша краіна згадваецца некалькі разоў.

У выніковай дэкларацыі 30-й сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ некалькі разоў была згаданая Беларусь.

У першым пункце дакумента ідзе гаворка пра асуджэнне агрэсіі Расіі супраць Украіны пры ганебнай ролі Беларусі ў якасці суагрэсара.  

У дэкларацыі зроблена выснова, што наша краіна «ўсё больш набліжаецца да статусу актыўнага боку вайны». Акрамя таго, выказваецца занепакоенасць фактам размяшчэння ў Беларусі расійскай тактычнай ядзернай зброі.

Паводле дэкларацыі, РФ прызнаная дзяржавай-спонсарам тэрарызму, а ПВК «Вагнер» — тэрарыстычнай арганізацыяй.

Рэжым Лукашэнкі, які спрыяе Маскве ў вайне, прызнаецца нелегітымным. Пры гэтым зроблена заява, што Расія праводзіць «мяккую анэксію» Беларусі.

Филин абмеркаваў наступствы дэкларацыі з палітолагам, дырэктарам украінскага Інстытута сусветнай палітыкі Яўгенам Магдам.

Яўген Магда, фота facebook.com/yevhen.mahda

— Чаму такі дакумент быў прыняты толькі цяпер, калі вайна ідзе ўжо амаль 500 дзён? Ці гэта той выпадак, калі лепей позна, чым ніколі?

— Канешне, з аднаго боку, лепей позна, чым ніколі. А з іншага боку, усё ж міжнародныя адносіны пасля 1945 года жывуць у пэўнай інэрцыі. Спачатку было стварэнне сістэмы міжнародных адносін пасля Другой сусветнай вайны, потым быў Хельсінскі акт.

Яны стварылі пэўную рэальнасць. І рэагаваць на яе, нават з улікам таго, што варварскія дзеянні Расіі сталі каталізатарам, даволі няпроста.

І я насамрэч рады, што Парламенцкая асамблея АБСЕ вызначылася са сваёй пазіцыяй. Бо гэта пазіцыя важная для ўсіх нас, для ўдзельнікаў хельсінскага працэсу.

Мне падаецца, яна дае падставы меркаваць, якім чынам будуць развівацца адносіны ў бліжэйшай будучыні. І ў прынцыпе пра тое, што павінна быць створаная новая сістэма міжнародных адносін у Еўропе пасля расійска-ўкраінскай вайны.

Хоць пры гэтым я падкрэслю, што гэта не сусветная вайна, гэта трэба абсалютна дакладна разумець.

— Лукашэнка збіраецца прыняць у сябе «вагнераўцаў», якіх прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй. Якія наступствы гэта можа мець для рэжыму, улічваючы тое, што Беларусь неўзабаве можа займець статус актыўнага ўдзельніка канфлікту?

— Я думаю, што караць Беларусь да таго, як будзе пакараная Расія, будзе няправільна. Але ў любым выпадку менавіта ад завяршэння расійска-ўкраінскай вайны будзе залежыць будучыня сістэмы бяспекі ў Еўропе.

Я лічу, што Лукашэнка надзвычай хутка прайшоў шлях чалавека, якога называлі лідарам ледзьве не ўсходне-еўрапейскай Швейцарыі да непрызнанага большай часткай Еўропы прэзідэнта, які літаральна за некалькі месяцаў фактычна паставіў сваіх грамадзян пад падвойны ўдар.

З аднаго боку, гэта размяшчэнне расійскай тактычнай ядзернай зброі, а з другога боку — гіпатэтычнае на сёння з’яўленне на тэрыторыі Беларусі баевікоў замежнай прыватнай ваеннай кампаніі з крымінальным мінулым, многія з якіх ужо з’яўляюцца ваеннымі злачынцамі.

Я не ведаю, што яшчэ трэба да гэтага дадаць, каб сказаць, што Лукашэнка разбурае суверэнітэт Беларусі літаральна ў прамым эфіры.

— Згадка ў выніковай рэзалюцыі пра прымусовы вываз украінскіх дзяцей набліжае Лукашэнку да Гаагі? 

— Думаю, гэта апошні папераджальны стрэл у паветра перад тым, як Лукашэнка сутыкнецца з рэальнай пагрозай атрымання ордара ад Міжнароднага крымінальнага суда.

І трэба разумець, што ён і без гэтага мае магчымасць наведваць абмежаваную колькасць дзяржаў. Ну добра, напэўна, ён будзе працягваць ездзіць у Расію, пры добрых раскладах, калі пашчасціць, у Кітай.

А вось сцэнар наведвання Лукашэнкі заходнімі спецназаўцамі як нелігітымнага кіраўніка, якога не абараняюць ніякія нормы міжнароднага права, у такім святле робіцца ўсе меней фантастычным, ці не праўда?

— Што дае Беларусі статус краіны, якая падверглася мяккай анэксіі? Дзе-нідзе гучаць галасы, што гэта такі рэверанс у бок дэмакратычных сілаў.

— Гэты статус павінен падштурхоўваць беларускія дэмакратычныя сілы да таго, каб яны пачалі фармаваць адзіную пазіцыю. А не мераліся тым, у каго больш кантактаў на Захадзе, чым яны займаюцца ўжо практычна тры гады.

Калі ў вас гарыць ваша радзіма, то трэба не аб’ём вядра мераць, а агульную эфектыўнасць — колькі вы агулам літраў вады можаце прынесці, каб патушыць пажар.

А пакуль што я бачу парад вёдраў, а не супольныя дзеянні па тушэнні пажару.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(26)