Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: Калі «вагнераўцы» ўсё ж патрапяць у Беларусь, то беларускія сілавікі з асаблівай пяшчотай да іх ставіцца не будуць

Ці зможа Лукашэнка манетызаваць статус «ратаўніка Расіі»? Гэтае ды іншыя пытанні Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам Юрыем Дракахрустам.

Юрый Дракахруст

— У сваіх прамовах Лукашэнка ўсё часцей кажа пра нашу «агульную Айчыну», згадвае савецкія часы, калі, па яго словах, «не дзялілі зямлю на сваю і чужую». Ці праўда яму ізноў робіцца цесна ў Беларусі? Ці праглядаецца ў ягоных паводзінах жаданне манетызаваць свой статус «ратаўніка Расіі»?

— Хутчэй не, чым так. Справа ў тым, што пасля той ролі, якую ён выканаў у гісторыі з Прыгожыным, многія эксперты прызнаюць, што ён тым самым робіцца часткай расійскай палітычнай эліты.

Але як гэта можна манетызаваць? Гэта вялікае пытанне. Я б не стаў казаць, што Лукашэнка ў нейкім практычным аператыўным плане разважае — заўтра Пуцін сыйдзе, ці яго скінуць, і вось тут ён сябе і прапануе расійскаму народу.

Гэтую яго эвалюцыю я б тлумачыў ягонымі ідэалагічнымі патрэбамі. Вось гэты наратыў, пра які вы згадалі, быў у яго на пачатку ягонага кіравання, фактычна ўсе 90-я гады. Ён сябе абсалютна ўспрымаў у якасці нашчадка СССР. А Беларусь — як Савецкі Саюз у мініяцюры.

І больш таго, ягонае пэўнае супрацьстаянне з Расіяй, і ў той жа час даволі дзіўная ідэнтычнасць, якая адрознівалася ад расійскай, будавалася менавіта на гэтай вернасці савецкаму мінуламу. Яна не заўсёды прагаворвалася, але заўсёды мелася на ўвазе.

Маўляў, вось мы, беларусы, засталіся вернымі савецкай спадчыне, а вы, расейцы, ёй здрадзілі. У вас алігархія, капіталізм, у вас несправядлівасць. І таму мы — лепшыя. І гэтая формула «беларусы — рускія за знакам якасці» — гэта не этнічная перавага.

Гэта ідэалагічная перавага. Мы са знакам якасці, бо ў нас савецкі знак якасці, а вы яго страцілі.

І да канца 90-х гэта была схема пэўнай ідэнтычнасці Беларусі. А потым Лукашэнка пачаў заігрываць з нацыяналізмам. Прынамсі, з грамадзянскім нацыяналізмам.

А часам крышачку і з этнічным. Уся гэтая мяккая беларусізацыя сведчыла пра тое, што савецкая ідэнтычнасць паводле Лукашэнкі адыходзіла на задні план, але яна нікуды не знікала.

Але пасля 2020 года этнічную і нават грамадзянскую ідэнтычнасць ён пачаў успрымаць у якасці асабістага ворага. Гэта асабліва выразна праявілася ў ягонай вайне з бел-чырвона-белым сцягам. Паводле яго, усё, што патыхае этнічна-культурным нацыяналізмам — гэта проста ворагі. Іх проста не павінна быць.

Адбылося адраджэнне таго самага наратыву з 90-х, калі самае галоўнае для беларусаў — СССР. Мы — савецкія людзі. Мы — і нашчадкі, і працяг усяго савецкага.

Цяпер гэта так востра не супрацьпастаўляецца Расіі, хоць часам часткова і такое здараецца. Вось яны, расейцы, ваююць — савецкія з савецкімі.

Тут можна прыгадаць карыкатуру пра Гагарына, які пытае ў нашчадкаў чым яны займаюцца. Яму кажуць: «Ваюем з Украінай». А ён ізноў пытае: «Ваюеце? А супраць каго?»

Для савецкага чалавека вайна Расіі супраць Украіны — гэта штосьці неверагоднае. І ён так акуратна прасоўвае савецкія наратывы. Так, ва ўсіх ягоных закліках мірыцца проста зараз, тут і цяпер, з аднаго боку, ёсць і падтрымка Крамля.

З другога — пад усім гэтым ёсць гэты наратыў: савецкія не могуць і не павінныя ваяваць адзін з адным. Наколькі гэта працуе? Савецкія людзі сёння ўжо сталага веку. А чый росквіт прыйшоў на савецкія часы, тыя ўжо старыя або памерлі. Тым не менш, іншых варыянтаў ён не ведае. На тыя часы прапала ягоная ўласная маладосць, таму ён і хапаецца за гэтую савецкасць.

І тут важны момант: гэтая савецкасць у значнай ступені склееная перамогай у Другой сусветнай вайне. А тая вайна, трэба аддаць належнае, для беларусаў з’яўляецца важнай ідэалагічнай каштоўнасцю. Сацыялагічныя апытанні гэта пацвярджаюць.

А тут гэтая савецкасць акурат і была прывязаная да свята вызвалення ад нацысцкай акупацыі. І ён мяркуе, што ў дадзеным выпадку гэта працуе.

А што тычыцца іншых відаў нацыяналізму, то ён з імі сустрэўся ў 2020-м. І тады ён сустрэўся менавіта з цывільным нацыяналізмам, бо супраць яго тады выступілі, груба кажучы, не прыхільнікі Зянона Пазняка. Але бел-чырвона-белы сцяг у іх быў. Падзеі 2020-га былі праявай найперш грамадзянскага нацыяналізму, этнічнага там было вобмаль.

У адрозненне ад тых жа пратэстаў 2019-га. Але і гэты нацыяналізм ён палічыў сваім ворагам. І раз склалася, што гэта нашыя ворагі, тады мы трымаемся за тое, што ў нас ёсць. За тое, што ў яго асабіста акрамя ўсяго іншага ёсць. І гэта такое вяртанне, пятля часу ў 90-я.

— З’яўленне лагеру «вагнераўцаў» у Беларусі выглядае заканамерным. Бо калі ты пачынаеш дарыць або прымаць у падарунак кувалду, то варта чакаць і тых, хто ёй размахвае не толькі дзеля фотасесій. І ўсё ж, ці тое гэта, чаго хацеў і чакаў Лукашэнка?

— Я думаю, што гэта вельмі складанае пытанне. Складанае пытанне, што гэта за лагеры. Яны ёсць, яны будуюцца. Але, па-першае, не выключана, што іх будуюць для новай хвалі расійскіх мабілізаваных.

Магчыма, сітуацыя на фронце для расейцаў вельмі няпростая. Першая хваля мабілізацыі была ў верасні, не выключана, што неўзабаве адбудзецца яшчэ адна. А мобікаў жа трэба вучыць, а тут акурат будуюць лагеры. І не выключана, што мэта акурат у гэтым.

Я не выключаю іншыя варыянты. Досвед Другой сусветнай вайны паказвае, што імітацыя з’яўляецца часткай ваеннай стратэгіі. Перад высадкай саюзнікаў у Нармандыі англічане на іншым участку ўзбярэжжа ўсталёўвалі фальшывыя пантоны і танкі, каб немцы думалі, што высадка будзе там.

Не выключана, што гэта не больш, чым спектакль, пацёмкінскае намётавае мястэчка. Што там нікога ўвогуле не будзе. Для каго, для чаго трэба рабіць выгляд, што «вагнераўцы» там будуць, розныя могуць быць тлумачэнні.

Пэўная колькасць іх там будзе, я думаю. Але мне незразумелы іх статус. Таму што Пуцін у сваёй прамове 26 чэрвеня вельмі выразна акрэсліў перспектывы наёмнікаў: «Перад вамі тры шляхі: вы заключаеце кантракты з міністэрствам абароны, разыходзіцеся па дамах, едзеце ў Беларусь».

Але пры гэтым прагучала, што вы можаце заключыць кантракты і паслужыць Расіі, а ўжо пасля гэтага праз коску прагучалі іншыя варыянты. Гэта азначае, што паслужыць Расіі прадугледжвае толькі першы варыянт, а не паехаць у Беларусь.

Паехаць у Беларусь — гэта не зусім зразумела што. Гэта асабістая армія Лукашэнкі? Гэта нейкая прэтарыянская армія? Якія пашпарты ў іх застануцца ў кішэні. Чыёй структурай яны будуць, Лукашэнкі?

Можа яму гэта і цікава да пэўнай ступені. Але наколькі гэта цікава Пуціну? Яны для яго бунтаўшчыкі. І вось цяпер яны паехалі ў вельмі залежную ад Крамля краіну і ствараюць там войска на васальнай тэрыторыі. У сярэднія вякі такое было.

Але восем ці нават пятнаццаць тысяч — гэта занадта вялікі кантынгент, каб дарыць сваіх мяцежнікаў суседняму правіцелю ў якасці прэтарыянскай гвардыі.

Зразумела, тут можа быць розная канспіралогія, што яны могуць скінуць Лукашэнку. Ці, наадварот, будуць ратаваць яго ад народнага паўстання, прыкмет якога пакуль зусім не бачна.

Ці сыдуцца ў баях з каліноўцамі, якія пакуль ваююць на ўкраінскім фронце, і там вайна пакуль не ідзе да завяршэння. Ці яны на Украіну нападуць ў незразумелым статусе. Як прыватная армія Лукашэнкі?

Думаю, на гэтыя пытанні можна даць адказы пры жаданні. Але мой прагноз, хоць фотаздымкі са спадарожніка — добрая рэч, надта шмат іх у Беларусь не прыедзе.

Дарэчы, у мяне пытанне ўзнікла наконт нядаўняй заявы Прыгожына, у адрозненне ад усіх іншых, вельмі пустой. Я пра ягонае: «У нас будуць новыя перамогі». Перамогі ў складзе чаго? Ягоны канфлікт з ведамствам Шайгу быў у тым, што ён адмаўляўся падпісаць кантракт.

Пуцін сказаў, што служба Расіі — толькі служба па кантракце. То што гэта азначае? Ці то Прыгожын адмовіўся ад ранейшай заявы і цяпер будзе служыць па кантракце, ці ён будзе весці прыватную вайну з Украінай? Разам з Лукашэнкам? З беларускай тэрыторыі?

Мне гэта не да канца зразумела. Гэта заява гучыць, як пуставатая рыторыка. Гэта як махаць кулакамі пасля бойкі, у якой ён прайграў.

—  А што наконт лукашэнкаўскіх сілавікоў? Мы ведаем, што сярод іх нямала прыхільнікаў Пуціна, адэптаў «русского мира». Для іх гэта прыемны сюрпрыз, ці сюрпрыз са знакам мінус?

— Я думаю, што гэта непрыемны сюрпрыз. Пры чым, што называецца, па розных пазіцыях. Найперш, са службовага пункту гледжання. Што, дарэчы, мы і ў Расіі бачылі, калі лінейныя войскі раздражняліся ад шалёнага піяру «Вагнера».

Маўляў, вось «вагнеры» — гэта профі, салдаты, а вы ўсе — мобікі. Не ўсе там мобікі. І гэта раздражняла там многіх. Я думаю, што ў прыгодзе канфлікту паміж Прыгожыным і міністэрствам Шайгу было раздражненне ўсімі гэтымі заявамі.

Ну то ў Беларусі гэта будзе ў разы мацней. Бо гэта наша краіна, мы тут служым, а тут прыехалі нейкія ці то піраты, ці то бандыты. Ці то прыватная армія Лукашэнкі. Вось хто яны?

А калі ўлічыць норавы адпаведнага кантынгенту, то тым больш. Там і канфлікты могуць быць розныя з цывільнымі. Мы ведаем, што пры ўсім прыхільным стаўленні многіх беларусаў да расейцаў, часам розныя культурныя коды людзей выклікаюць напружанне. 

Акрамя таго, гаворка пра людзей са зброяй, а яшчэ незразумелая розніца статусаў. Нашыя вайскоўцы могуць не зразумець: мы тут рэгулярнае войска, а вы хто? А яшчэ вас у Расіі мяцежнікамі лічаць, а мы з такімі ў 2020-м не цацкаліся. Магчыма, гэта і не будзе прагаворвацца, але дзесьці гэта будзе прысутнічаць.

Вы прыгадалі прарасейскіх афіцэраў. Але калі яны прыхільнікі Пуціна, а той сказаў, што гэта ворагі, здраднікі Расіі, то тут непазбежны кагнітыўны дысананс у іх галовах: а хто ж яны такія, можа іх «мачыць» трэба?

Той жа прапагандыст Кісялёў, які ці не ўпершыню з 2020-га падкусіў Лукашэнку, абвінаваціўшы ў хлусні пра абставіны перамоў з Прыгожыным, падкрэсліў: Пуцін памілаваў кіраўніка «вагнераўцаў».

Мілуюць за віну. А гэта азначае, што паводле Крамля віна на «вагнераўцах» ёсць. І таму, калі яны ў Беларусь усё ж патрапяць, то з розных прычын беларускія сілавікі з асаблівай пяшчотай да іх ставіцца не будуць. Вельмі шмат фактараў ёсць, каторыя створаць хутчэй негатыўнае стаўленне, чым бы яны не займаліся.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.2(12)