Диаспоры

Марына Міхайлава

Людвіка Кардзіс: «Людзі, пераязджаючы, думаюць не аб тым, як інтэгравацца хутчэй, а каб іхнія дзеці не забыліся сваю гісторыю, культуру, свае карані»

Чаму стаць больш беларускімі – агульная справа для ўсіх дыяспар.

Не так даўно ў Вільні адкрыўся Цэнтр беларускай культуры і супольнасці, ці наўпрост Беларускі дом. Пра гэтае месца сілы распавяла ў інтэрв’ю «Салідарнасці»  адна з ініцыятарак яго стварэння, актывістка беларускай грамады Людвіка Кардзіс.

Яшчэ 25 сакавіка гэтага года, расказвае спадарыня Людвіка, была падпісаная дамова з Віленскай мэрыяй аб 5-гадовай арэндзе будынка на адной з самых ажыўленых вуліц літоўскай сталіцы – Віленскай. А папярэдне грамадская арганізацыя «Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча» выйграла адмысловы конкурс на гэты дом.

Цяпер беларусы, якія нядаўна патрапілі ў Вільню, могуць атрымаць тут юрыдычную, кансультацыйную дапамогу, псіхалагічную падтрымку, далучыцца да культурніцкіх і адукацыйных ініцыятыў. Яшчэ адной умовай было стварэнне Беларускага музэю, які фактычна аднаўляецца па драбніцах.

Фота прадстаўлена Людвікай Кардзіс

–  Мы ўзялі сабе ў партнёры некалькі арганізацый – «Зубр», «Разам», «Пагоня», «Дактары за праўду i справядлiвасць» – і ад красавiка пачалі касметычны рамонт, які, праўда, трошку зацягнуўся. Але гэта не перашкодзіла працы, і на сення ў Беларускім доме ёсць курсы літоўскай, англійскай мовы, акадэмічнага малюнку; дзейнічае фальклорны гурток «Беларускі цуд», «Мова Нанова» i iншыя iнiцыятывы. Паспяховым праектам аказалася нядзельная беларуская школка, у якую прыходзяць дзеці ад малога ўзросту да 17 год: маленькія вывучаюць беларускую мову, а ў старэйшых ёсць уласны выдавецкі праект.

Актывісты беларускай суполкі ў Літве не сталі чакаць афіцыйнага ўрачыстага і пафаснага адкрыцця з пераразаннем стужак – фактычна, пляцоўка ўжо з 1 ліпеня працуе.

Адбываюцца сустрэчы з цікавымі людзьмі, прэзентацыі: напрыклад, нядаўна прадставілі  дэбютную кнігу журналіста Аляксея Дзікавіцкага («Оньдэ» – зборнік апавяданняў і вершаў, напісаны паляшуцкай мовай – С.), прэзентавалі кнігу паэткi Вольгі Гапеевай «Самота, што жыла ў пакоі насупраць».

– Прыходзіць розная аўдыторыя, але відавочна, што ў людзей ёсць зацікаўленасць і ёсць патрэба быць уключанымі ў культурнае жыццё, – зазначае Людвіка Кардзіс.

– Таксама музэй ладзіць выставы – першай была экспазіцыя «Чаму воля гэта жанчына», прысвечаная беларускім жанчынам. Наступная выстава, прысвечаная 100-годдзю віленскага Беларускага музэю імя Івана Луцкевіча, мусіць адкрыцца неўзабаве.

Фота прадстаўлена Людвікай Кардзіс

З іншых яскравых імпрэз варта згадаць свята «Багач». За апошнія 30 год майго ўдзелу ў беларускiх арганізацыях, напэўна, яно адбылося ўпершыню, бо Каляды, Купалле адзначаем штогод, а «Багач» толькі сёлета.

Яшчэ адна імпрэза, у якой удзельнічаў Беларускі дом – Ноч расстраляных паэтаў. Сёлета яна была міжнароднай, і ў Вільні адбылася жыўцом каля былога будынку КДБ Літвы.

– Вільня – мабыць, самы «беларускі» з суседніх гарадоў, і да пачатку пандэміі ў выходныя, здаецца, можна было сустрэць у Вільні паў-Менску. Але адна справа – прыехаць на вакацыі, а другая – вымушана з’ехаць, няхай у гасцінную, знаёмую, але не родную краіну. З якімі праблемамі, па вашых назіраннях, найчасцей сутыкаюцца беларусы?

– Так, пры ўсёй блізкасці да Менску людзі апынуліся ў чужой краіне, шмат хто ўцякаў ад пераследу і не мае магчымасці вярнуцца зараз дахаты. Тыя, хто мае сталую працу і рэлакаваўся з офісам, адаптуюцца крыху лягчэй, а тым, хто нядаўна прыехаўшы і працы не мае, даводзіцца вырашаць мноства бягучых пытанняў: як аформіць і працягнуць візы, дзе знайсці жытло, каб цябе не падманулі, што з медыцынскім абслугоўваннем, калі страхоўка прадугледжвае толькі першую дапамогу – ды нават дзе лепш купіць неабходныя рэчы.

Акрамя бытавых, канешне, ёсць мноства псіхалагічных пытанняў, калі чалавеку проста трэба пагаварыць з некім, зразумець, што ён у гэтым горадзе не адзін, што можа некаму затэлефанаваць. Акрамя нашага Беларускага дома, у Вільні шмат арганізацый, якія аказваюць падобныя паслугі і дапамогу, існуюць чаты, дзе людзі раяцца, дзеляцца сваім вопытам – і гэта вельмі важна, падтрымліваць адзін аднога.

Для мяне самае балючае, калі людзі перажываюць посттраўматычны сіндром, калі іх не адпускае. Літаральна тыдзень таму прыехаў мой знаёмы, якi прызнаўся, што ў  разгубленасці, не можа паверыць і ўцяміць, як гэта – карыстацца інтэрнетам без VPN, ісці па вуліцы і не баяцца… Гэта вельмі глыбокая праблема, якая патрабуе кампетэнтнай дапамогі.

– Бягучы год для «Віленскага беларускага музэю імя Івана Луцкевіча»   юбілейны: 140 год з народзінаў самога Луцкевіча, 20 год вашай грамадскай арганізацыі… І – нарэшце – у музэя зноў ёсць дах над галавой.

– Калі ў мяне распытваюць, як у нас з музэем, з памяшканнем, я заўжды прыгадваю вось пра што. Еўстафію Тышкевічу спатрэбілася 10 гадоў, каб яму дазволілі ў Вільні адчыніць свой музэй старажытнасцяў, перавезены з Беларусі, з Лагойшчыны; Луцкевічaм спатрэбілася яшчэ трошкі больш часу для адкрыцця гісторыка-этнаграфічнага музэя.

Таму я ставілася досыць спакойна да таго, што наш музэй быў без памяшкання. Шэсць год таму справа было зварухнулася, але потым змянілася гарадское кіраўніцтва, і ўсё зноў заглухла. Гэта вельмі ўсцешна, што ў юбілейны год так склаліся зоркі, і ўрэшце мы пазвозілі свае экспанаты з розных месцаў, і людзі ўжо маюць да іх доступ, каталагізуецца бібліятэка, якая працуе пры музэі. 

Таму, калі кажуць «бойцеся мараў, бо яны збываюцца», я запярэчу –«не бойцеся марыць, мары збываюцца!»

Таксама вельмі радуе, што знайшлося новае пакаленне людзей – адукаваных, маладых, з еўрапейскім мысленнем, якім я з радасцю гэта перадаю і ўпэўненая, што ў нашай арганізацыі будзе наступны цікавы этап і ён будзе паспяховым.

Гадоў трыццаць таму, кажа спадарыня Людвіка, мара пра беларускую школу, беларускі касцёл у Вільні здавалася чымсьці нерэальным, на мяжы фантастыкі, і найстарэйшыя беларусы перажывалі, ці будзе каму хадзіць. А цяпер віленская беларуская гімназія імя Францыска Скарына –  паспяховая навучальная установа, класы якой ніколі не пустуюць, як не пустуе і касцёл св.Барталамея на Зарэччы, дзе кожны дзень адбываюцца Iмшы на белaрускай мове.

– Безумоўна, хацелася б большых поспехаў, але, думаю, накірунак абраны правільны і большае будзе, калі мэтанакіравана да гэтага ісці.

– Яшчэ адна праблема, якой, на жаль, «звязаныя»нашыя краіны – міграцыйны крызіс. Навіны з межаў нагадваюць зводкі з фронту, і, па шчырасці, напружваюць беларусаў. А як гэта бачыцца з вашага боку мяжы, як ставяцца да мігрантаў месцічы?

– Па-рознаму. Я магу зразумець непакой тых літоўцаў, якія жывуць у памежных раёнах – у іх было сваё спакойнае жыццё, у вёсачках. А цяпер іх жыццё імкліва мяняецца, і гэта натуральна выклікае незадаволенасць, былі розныя выступы…

Не магу асуджаць гэтых людзей, бо, паўтаруся, для іх гэта велізарны стрэс, і можа, не ва ўсіх ёсць разуменне дапамогі. Але на гэтую тэму ёсць шмат дыскусій у літоўскай прэсе, і стаўленне да мігрантаў паступова мяняецца. Што да мяне самой – у мяне ёсць пэўны спакой і давер да літоўскага ўраду, да дзяржаўных органаў, якія робяць усё тое, што лічаць патрэбным у гэтай сітуацыі.

…У адрозненне ад многіх маладых дыяспар, якія самаарганізаваліся ў замежжы толькі летась, для беларусаў Літвы салідарнасць – з’ява даўняя. У іх ёсць стала наладжаныя сувязі з іншымі грамадскімі арганізацыямі дыяспар у ЗША, Вялікабрытаніі, Польшчы, з Радай БНР.

– Гэта супрацоўніцтва ніколі не перапынялася і працавала ў абодва бакі. Я ведаю, што магу да любой арганізацыі звярнуцца, і мы атрымаем неабходную падтрымку, і наадварот, мы заўжды дапаможам, – зазначае спадарыня Людвіка.

– Напрыклад, Аліна Варанюк з Польшчы дзеліцца сваімі напрацоўкамі з нашымі настаўнікамі нядзельнай школкi, «Камунікат.org» – кнігамі для нашай бібліятэкі, заўжды дапамагае нам Беларускае навуковае таварыства Польшчы, фонд культуры і адукацыі Алы Орса-Рамана, Беларускi Дабрачынны Фонд ў Вялікай Брытаніі і многiя іншыя – хай не пакрыўдзяцца тыя, каго я зараз не прыгадала…

Мне вельмi хочацца бачыць асяродкi беларусаў, раскiданых па свеце, моцнай i адзiнай арганiзацыяй. Як польская эміграцыя дапамагла «Салідарнасці», так i мы мусiм дапамагаць сваёй краiне. Mы можам належыць да розных партый, рухаў, але мусiм быць аб`яднанныя адзiным багаццем – сваей мовай.

Я гляджу з аптымізмам на гэтую справу, бо бачу, як маладыя бацькі, іх вельмі многа прынамсі ў IT-сектары, прыводзяць дзяцей у нашу беларускую школку, бо бачаць гэта актуальным і патрэбным. Вельмі цешыць, што людзі, пераязджаючы, думаюць не толькi аб тым, як інтэгравацца і ўліцца хутчэй у іншае грамадства, але каб дзеці іхнія не забыліся сваю гісторыю, культуру, свае карані.

I тое, што мы атрымалi памяшканне для Беларускага дома, выйгралi конкурс – адбылося дзякуючы не толькi нам, а ўсім беларусам, якія ў 2020-м захацелі «людзьмі звацца». Гэта справа не кожнай дыяспары паасобку, а агульная – стаць больш цікавымі, больш беларускімі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(22)