Стрыжак: Размовы пра адмену санкцый – не толькі бескарысныя, але і шкодныя

Праваабаронца, сузаснавальнік фонда BYSOL Андрэй Стрыжак – пра тое, ці можна вызваліць палітвязняў адменай абмежаванняў супраць рэжыму.

– У часткі грамадства склалася меркаванне што адмена санкцый – наўпроставы шлях да разрадкі ў беларускім грамадстве, вызвалення палітвязняў і нармалізацыі стасункаў паміж уладай і людзьмі, – піша Стрыжак. – Паспрабую ў чарговы раз распавесці чаму лічу гэтую думку ня толькі бескарыснай, а яшчэ і шкоднай.

Санкцыі трэба адмяняць, і ня зліць дзеда, тады зажывем

Тут ёсць два важных моманта:

- санкцыі ўводзілі не мы, не з-за нас і тыя хто іх уводзіў дзейнічаюць у сваіх інтарэсах;

- дзед пачаў бесаёбіць яшчэ калі на санкцыі не было ніякага намёка.

З першага моманта выцякае як мінімум тое, што для адмены санкцый трэба каб змянілася нешта для тых, хто іх уводзіў. Напрыклад, Лукашэнка павінны спыніць падтрымку Расеі ў вайне, альбо, павінны спыніць спробы абыхода санкцый у інтарэсах Расеі.

Як мы бачым, а ні першае, а ні другое ў бліжэйшай перспектыве проста немагчыма.

Другі момант нагадвае мне сітуацыю хатняга гвалту. Калі тыран лупцуе хатніх, яны настолькі траўмуюцца псіхалагічна, што пачынаюць спрабаваць падладжвацца пад тырана, каб залагодзіць, знізіць пераслед, унікнуць дадатковых рэпрэсій.

Вось такі ж падыход прапануецца пад словамі «ня зліце дзеда». Ды ён сам сябе выдатна зліць і раскручвае. Абсалютная ўлада патрабуе дадатковага допінга ў выглядзе крыві і слёз тваіх апанентаў. А значыць і палітвязняў.

Санкцыі не працуюць, таму трэба іх адмяняць

А што працуе, дарагія калегі? Што за 30 год спрацавала супраць гвалту, крадзяжу народных грошай і галасоў выбарцаў? Чаму ж вы думаеце што адмена санкцый зможа станоўча паўплываць на нешта з таго, што важна для нас – палітвязні, падтрымка вайны, тэрор супраць уласнага народа?

Санкцыі – гэта мінімальны неабходны ўзровень узаемадзеяння з тыраніямі. Такі базавы базіс – ідзеш на дзень народзінаў, не забудзься пра падарунак. Бачыш што дыктатура творыць дзіч – уводзь санкцыі.

Санкцыі робяць ланцужкі закупак забароненых тавараў даўжэй і даражэй. Прымушаюць тыраніі займацца грашовай эквілібрыстыкай і ўвесь час рызыкаваць згубіць сваю маёмасць і грошы.

Адмена санкцый прадэманструе Лукашэнку альтэрнатыву кірунку на Ўсход

Вось тут самае цікавае. Тыя, хто ўсур'ёз думаюць што Лукашэнка яшчэ нечым кіруе ў знешнім напрамку і мае ўласны трэк гульні з Захадам, жорстка памыляюцца. Знешняя палітыка Лукашэнкі=лакалізацыя знешняй палітыкі Расеі.

А тая стала на ваенныя рэйкі і коціцца па іх у бок Армагеддону, цягнучы наш сінявокі вагончык за сабой. Санкцыі – гэта спроба зменьшыць колькасць заходніх вайсковых тэхналогій, якія ўсімі праўдамі і няпраўдамі трапляюць у расейскі ваенпрам.

Ну і апошняе – санкцыі з'яўляюцца часткай імуннага адказу арганізма Захаду на небяспеку. Гэта адзін з механізмаў якім заходняя цывілізацыя бароніць сябе ад чарговай чужынскай навалы. Становячыся на пазіцыі адмены санкцыі, мы трапляем у зону, дзе робімся рызыкай для імуннай сістэмы заходніх дэмакратый.

Каб пазбегнуць знішчэння лейкацытамі, трэба не карыстацца логікай вірусаў, якія хочуць вайной знішчыць здабыткі заходняй цывілізацыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(12)