«Здзек з самога прынцыпу парламентарызму»

Як адрэагавалі на беларускія «выбары» Дзярждэп ЗША, Рада БНР і Ігар Карпенка. Апошняму вельмі не спадабалася нязручнае пытанне журналісткі.

Выбары ў беларускі «парламент» прайшлі без сенсацый і нечаканасцей. Абралі ўсіх, каго і планавалі абраць, а яўцы выбаршчыкаў (больш за 73%) напэўна ўжо пазайздросцілі еўрапейскія прэзідэнты.

Здавалася б, беларускі ЦВК мог выдыхнуць і спакойна радавацца элегантна праведзенай кампаніі. Але ў Ігара Карпенкі чамусьці стаяць крывавыя хлопчыкі ў вачах (закрэслена), выявіліся нейкія псіхалагічныя праблемы ў сувязі з тым, што адбылося. Прынамсі даволі простае пытанне наконт яўкі выклікала ў галоўнага па выбарах буру негатыўных эмоцый.

Так, на прэс-канферэнцыі ў інфармацыйным цэнтры ЦВК, прысвечанай падвядзенню выбараў, журналістка «Точка» Вольга Савіцкая, спытала, ці вядомыя ЦВК факты «так скажам, добраахвотна-прымусовага галасавання, калі бюджэтнікаў, студэнтаў настойліва просяць прагаласаваць датэрмінова альбо абавязкова прыйсці ў дзень асноўны?»

Ігар Карпенка занерваваўся, піша Наша ніва.

— Можа, «Точке», такія факты вядомыя? То вы нам падкажыце — у мяне такіх фактаў няма, нават зваротаў на гэтую тэму не было ў Цэнтральную выбарчую камісію, — сказаў ён.

Карэспандэнтка адказала, што такія факты ў яе ёсць, але яна не хоча апублічваць крыніцы. Але нават калі яна была студэнткай, праз гэта праходзіла.

Карпенка сказаў, што тут нічога такога няма. Ён сам быў студэнтам, працаваў прарэктарам.

— Ну, зайшоў у аўдыторыю сказаў, што ідзе датэрміновае галасаванне, галасаванне арганізавана на такім участку… Гэта што, заганяць на выбары ці як?

— Ну калі ёсць пад пагроза страціць інтэрнат, сесію здаць не надта добра…

Карпенка прасіў канкрэтныя факты.

— Я магу вам факты прадаставіць потым, — адказала журналістка.

— Потым» камісію не задаволіла. «Давайце публічна. Вы публічна, у прамым эфіры задаяце пытанне, дык давайце публічна факты.

Журналістка перапытала, куды можна звяртацца, калі ёсць такія факты.

— У адрозненне ад ЗША, у нас грамадзянін можа звяртацца ў любую структуру, пачынаючы ад дзяржаўных органаў заканчваючы органамі пракуратуры, якія даюць ацэнку, органы суда, якія таксама даюць адпаведную прававую ацэнку, і ў камісіі, заканчваючы ЦВК, — адказаў Карпенка.

Чаму такое простае пытанне выклікала ў арганізатара «ідэальных выбараў» настолькі нервовую рэакцыю, што ён пачаў тыкаць ў амерыканскія выбары, крыху здзіўляе (насамрэч, не).

Але і ЗША таксама знайшлося што сказаць пра беларускую кампанію.  

Дзярждэп ЗША: «Выбары прайшлі ў атмасферы страху»

Дзярждэпартамент ЗША выступіў з заявай, дзе гаворыцца, што сёлетнія выбары прайшлі «ў атмасферы страху» і «не могуць быць названыя дэмакратычнымі».

— Злучаныя Штаты асуджаюць фіктыўныя парламенцкія і мясцовыя выбары рэжыму Лукашэнкі, якія завяршыліся сёння ў Беларусі. Выбары прайшлі ў атмасферы страху, у якой ніякія выбарчыя працэсы не могуць быць названыя дэмакратычнымі, — гаворыцца ў прэс-рэлізе афіцыйнага прадстаўніка Дзярждэпартамента Мэцью Мілера.

Адзначаецца, што ўсе незалежныя палітычныя дзеячы былі альбо затрыманыя, альбо высланыя, незалежным палітычным партыям было адмоўлена ў рэгістрацыі, а беларусы, якія знаходзяцца за мяжой, маглі галасаваць толькі ў выпадку вяртання ў Мінск, дзе іх, хутчэй за ўсё, чакалі б рэпрэсіі.

— Гэтыя злоўжыванні фактычна замарозілі сапраўдную палітычную дзейнасць і палітычны дыскурс унутры Беларусі. Рэжым не дазволіў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе назіраць за выбарамі, што яшчэ больш абмежавала празрыстасць, якая неабходная для правядзення свабодных і справядлівых выбараў, — гаворыцца ў заяве.

ЗША заклікалі рэжым Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі, вызваліць палітвязняў і пачаць дыялог з праціўнікамі.

Рада БНР: «Здзек з самога прынцыпу парламентарызму»

Рада БНР таксам выступіла з заявай. Яна канстатуе, што «акцыя, арганізаваная ў Рэспубліцы Беларусь 25 лютага 2024 году незаконным прарасейскім рэжымам Лукашэнкі, не мае нічога супольнага з легітымнымі  выбарамі ў легітымны орган заканадаўчай і прадстаўнічай улады».

Падпісанты заўважаюць, што парламентарызм у Беларусі праіснаваў толькі некалькі гадоў у першай палове 90-х і быў знішчаны з прыходам да ўлады Лукашэнкі. Менавіта на загад Лукашэнкі ў красавіку 1995 году ў залі парламенту былі збітыя дэпутаты Беларускага Народнага Фронту, а лістападзе 1996 пры непасрэднай падтрымцы Крамля Лукашэнка здзейсніў дзяржаўны пераварот, зламаўшы Канстытуцыю і ўсталяваўшы рэжым аднаасобнага кіравання.

— Ад таго часу тое, што ў Рэспубліцы Беларусь лічыцца заканадаўчым і прадстаўнічым органам, увасабляе сабой здзек з самога прынцыпу парламентарызму, бо так званыя дэпутаты не абіраюцца на свабодных выбарах і цалкам падпарадкаваныя Лукашэнку і ягоным спецслужбам. З гэтае прычыны ніякія законы і ніякія міжнародныя пагадненні, прынятыя альбо ратыфікаваныя гэтым антыканстытуцыйным органам, не могуць лічыцца легітымнымі, — гаворыцца ў заяве.

Таксамм адзначаецца, што сёлетнія так званыя выбары адбыліся пры фактычнай акупацыі Беларусі Расеяй, ва ўмовах татальнага тэрору і поўнай ліквідацыі непраўладных палітычных і грамадскіх інстытутаў.

— Прызначаныя адміністрацыяй «дэпутаты» не могуць быць прадстаўнікамі беларускага народу. Усе пастановы гэтых «дэпутатаў» не будуць мець легітымнай сілы.

Рада БНР перакананая, што толькі на свабодных, дэмакратычных, пазбаўленых фальсіфікацый выбарах у сапраўды незалежнай нацыянальнай беларускай дзяржаве, пры наяўнасці грамадскіх і міжнародных назіральнікаў, беларускі народ зможа ў поўнай ступені выявіць сваю волю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.9(17)