Запазычыўся з кватэрнай платай — павесяліш суседзяў

Работнікі Вушацкага аддзелу ЖКГ вынайшлі новы мэтад, каб спаганяць запазычанасьці за аплату кватэры: яны малююць карыкатуры на няплатнікаў. Аўтар сатырычных малюнкаў — юрыст ЖКГ. І ён жа складае прадпісаньні, каб грошы з тых, хто запазычыўся, спаганяць праз суд.

Карыкатуры ў Вушачах вывешваюць на так званых “Дошках ганьбы” — адмысловых стэндах, дзе зьмяшчаюць таксама фотаздымкі п’яніц, хуліганаў ды хатніх дэбашыраў. Знаходзяцца яны пад шклом, каб тыя, хто сябе пазнае, ня мелі спакусы зьнішчыць уласную выяву.

Зрэшты, партрэтнага падабенства ў сваіх малюнках мастак-аматар з ЖКГ дасягнуць не імкнецца. Апрача няплатнікаў, ён малюе іншых пазнавальных пэрсанажаў: да прыкладу, Анку-кулямётчыцу, гераіню кінафільму “Чапаеў”, якая з кулямёта цэліцца ў даўжнікоў, чые прозьвішчы пералічаныя ніжэй.

Карыкатуры ў Вушачах зьявіліся толькі ў мінулым месяцы, і таму яшчэ няма магчымасьці зрабіць высновы, наколькі гэткая мера дзейсная. Паводле досьведу службаў ЖКГ у абласным цэнтры, віцебскія няплатнікі не сьпяшаюцца сплочваць запазычанасьці нават пасьля таго, як іхныя прозьвішчы пачалі раздрукоўваць ды разьвешваць проста на дзьвярах пад’ездаў, дзе яны жывуць.

Паводле статыстыкі, жыхары кожнай дзясятай кватэры ў вобласьці ня плацяць за камунальныя паслугі ў належны тэрмін. Некаторыя жыхары Віцебшчыны маюць мільённыя даўгі, а агульная запазычанасьць ЖКГ па вобласьці перавышае 7 мільярдаў рублёў. Насельнікам 946 кватэр за няплату ўжо адключылі сьвятло й ваду.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)