Филин

Сяргей Васілеўскі

Юрыст: «Большая частка небяспекі для назіральнікаў за выбарамі і тымі, хто прыйшоў галасаваць, ствараецца менавіта праваахоўнікамі»

Алег Агееў — пра тое, ці павялічаць бяспеку дадатковыя камеры назірання.

Сетку камер відэаназірання ў Мінску павялічаць мінімум утрая. Пра гэта дамовіліся старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў і начальнік ГУУС Міхаіл Грыб.

— У першую чаргу неабходна абсталяваць камерамі відэаназірання ўсе ўчасткі для галасавання ў часе бліжэйшай выбарчай кампаніі, што дапаможа забяспечыць яе празрыстасць і бяспеку грамадзян, паведамляе тэлеграм-канал «Міліцыя Мінска».

Филин абмеркаваў планы сталічных уладаў з юрыстам Алегам Агеевым.

Алег Агееў

— Ці вытрымлівае крытыку тлумачэнне прадстаўнікоў уладаў, што такая мера павялічыць празрыстасць галасавання і бяспеку грамадзян на выбарчых участках?

— Калі казаць пра павелічэнне бяспекі, то большая частка небяспекі для назіральнікаў за выбарамі і тымі, хто прыйшоў галасаваць, ствараецца менавіта прадстаўнікамі аховы правапарадку. І забяспечыць абарону ад гэтай небяспекі дадатковыя камеры не змогуць.

Бо яны самімі прадстаўнікамі ўнутраных спраў, я так разумею, і будуць кантралявацца. Адпаведна, ад асноўных пагроз гэта не абароніць. Іншых пагроз я не ведаю — што яшчэ пад гэтым можна разумець на ўчастках для галасавання.

Тое, як гэтыя камеры могуць быць размеркаваныя на ўчастках, можа несці пагрозу для таямніцы галасавання. Бо заканадаўства абавязвае забяспечыць на выбарчых участках таямніцу галасавання.

Можна было б вітаць усталяванне такіх камер у тым выпадку, калі б з іх дапамогай вялася анлайн-трансляцыя галасавання. Калі б дзякуючы гэтаму можна было назіраць за тым, што адбываецца на ўчастках. Такую ідэю асабіста я вітаў бы.

А вось у такім выглядзе, як яны хутчэй за ўсё зробяць, гэта толькі павялічыць іх магчымасці ў сферы палітычнага пераследу. Чым, уласна кажучы, органы правапарадку цяпер пераважна і займаюцца.

— Ці можна сказаць, што Беларусь у гэтым пытанні набліжаецца да Кітая, з ягонымі практыкамі татальнага сачэння? І як з гэтым у Еўропе? У той жа Францыі, напрыклад, прынялі законапраект, які дазволіць паліцыі ўключаць камеры, мікрафоны і GPS в тэлефонах грамадзян, падазраваных у сур’ёзных злачынствах.

— Тут трэба адрозніваць і не параўноўваць: ёсць аўтарытарныя неправавыя дзяржавы, дзе ўсё, што здабылі праз гэтыя камеры і апрацавалі пры дапамозе штучнага інтэлекту, выкарыстоўваюць для пераследу за іншадумства.

Беларусь, Расія, Кітай ды іншыя аўтарытарныя неправавыя дзяржавы выкарыстоўваюць камеры менавіта для гэтых мэт. Каб прасцеў было рэалізоўваць палітычна матываваны пераслед.

У прававых дэмакратычных жа дзяржавах ёсць адпаведныя працэдуры: хто, у якіх выпадках і на якіх умовах можа выкарыстоўваць гэтыя запісы. У Еўразвязе такая дыскусія ідзе.

Там цяпер прасоўваюцца дзве асноўныя думкі.

Першая: дазволіць выкарыстанне запісаў такіх камер толькі для расследавання цяжкіх злачынстваў, і выключна паводле судовага рашэння.

Другая плынь гэтай дыскусіі выступае за забарону выкарыстання дзяржавай камер назірання, бо яны ўяўляюць сабой небяспеку для палітычных і грамадзянскіх правоў людзей.

Таму на Захадзе гэтае пытанне вырашаецца ў зусім іншым накірунку, бо там палітыкі і грамадзяне маюць кантроль над сваімі спецслужбамі. А ў таталітарных неправавых дзяржавах сілавікі пры дапамозе такіх прыстасаванняў ладзяць палітычны пераслед.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(10)