«Ёсць «супервыдатнікі», якія штампуюць рашэнні па «экстрэмісцкіх матэрыялах» сотнямі»

Сацыёлаг — пра тое, куды эвалюцыянуе беларускі рэжым.

Пасля лютаўскіх «выбараў» у Беларусі Лукашэнка заявіў, што ўлады падтрымлівае 87% насельніцтва краіны. Але чамусьці гэтая ўяўная стабільнасць і народная падтрымка не адбіліся на маштабе рэпрэсій, якія ідуць сваёй чаргой.

Ці існуюць заканамернасці ў рэпрэсіях, чаму рэжым не жадае — ці не можа — іх спыніць, і ўва што пераўтвараецца ў бягучых умовах, разважае сацыёлаг, старшы даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў.

Генадзь Коршунаў

— Тэарэтычна, сталы таталітарны рэжым мусіць мець сістэму, — гаворыць даследчык у эфіры Обычного утра. — Бо ён выбудаваны як машына, як канвеер, і збольшага там зразумела: каго браць, за што, калі, і г.д.

У нас цяпер, падобна, гэтая сістэма толькі выбудоўваецца. Але рух у гэтым напрамку ідзе своеасабліва. Верагодна, ёсць некалькі цэнтраў, якія арганізуюць рэпрэсіўны працэс. Суды, хутчэй за ўсё, стаяць крыху паасобку і граюць зусім не першасную ролю; сваю справу робяць КДБ, міліцыя і некалькі іншых «кантор».

Мяркуючы па 2023 годзе, дадае Генадзь Коршунаў, адбываецца выхад на своеасаблівае плато ў тым плане, што колькасць затрыманняў, палітвязняў, судовых пасяджэнняў у кожным квартале прыкладна стабільная — хоць і здараюцца «выбухі» рэпрэсій, як было пасля падрыву расійскага самалёту ў Мачулішчах.

— Я сказаў бы, што ціск не расце, растуць маштабы, — зазначае даследчык. — Так, бачна, што рэпрэсіі пашырыліся ў рэгінах, прынамсі пачалі «адціскаць» мясцовыя інфармацыйныя рэсурсы, нават калі яны не пісалі нічога пра палітыку. Таксама рэжым мэтанакіравана пачаў працу супраць тых беларусаў, хто з’ехаў з краіны.

Паказальным, у прыватнасці, Генадзь Коршунаў называе кейс беларускіх блогераў, якіх «нармалізавалі» розным чынам так, каб яны не пісалі і не казалі ў інфапрасторы нічога лішняга.

— Але што датычыць плато, пытанне ў тым, ці ёсць устаноўка на тое, каб пакуль мацней не прыціскаць, проста трымаць гэтую планку, ці сістэма проста выйшла на пік сваіх магутнасцяў і рэсурсаў не хапае хапаць ды садзіць больш. Пакуль сказаць цяжка, — дадае сацыёлаг.

Мяркуючы па «Спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў», нейкі план даводзіцца, нават да судоў, бо бывае так, што цягам тыдня ці нават двух-трох дзён адзін і той жа канал у розных абласцях прызнаецца «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Але ёсць і «супервыдатнікі», якія штампуюць такія рашэнні сотнямі, хоць, прыкладам, у 2008-2012 гадах нават сумарна сотні пунктаў прызнання нейкіх рэсурсаў «экстрэмісцкімі» не было.

Адзін такі «выдатнік» — Гомельскі суд, ці Чыгуначнага раёна, ці Ленінскага, там проста супер-байцы на канвееры, я проста ў захапленні ад іх працаздольнасці.

Напярэдадні лютаўскіх «выбараў», гаворыць Генадзь Коршунаў, тэндэнцыя на запалохванне працягнулася, але збольшага «хапуны» і паходы сілавікоў, напрыклад, па колішніх назіральніках і былых палітвязнях мела на мэце стварэнне атмасферы страху, чым рэальны пераслед.

— У іх няма выйсця, яны і далей будуць так рабіць, — мяркуе сацыёлаг. — Адзінае, хацелася б, каб колькасць «крыміналак» усё ж змяншалася. Аднак пакуль бачна, што ціск адносна грамадства цалкам не расце, але і не зніжаецца.

Зацісканне гаек перад наступнымі выбарамі будзе. Магчыма, што зараз рэпетыцыя фарсу адбылася, улады паглядзелі, што машынка працуе і далей вялікіх «хапуноў» не будзе.

Але мяркую, што працягнецца практыка вялікіх карупцыйных спраў, будзе прапагандысцкі ціск пра «пятую калону», пра ўсё тое, што мы чуем не першае дзесяцігоддзе. Зноў-такі, прапагандысцка-палітычны віток рэпрэсій, хутчэй за ўсё, распачнецца за паўгады да прэзідэнцкіх выбараў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(8)