«Ясна, дзядуля, я ўсё зразумела. Ты з Гагарыным быў у кіраўніцтве савецкага гітлерюгенд»

Журналіст Сяргей Навумчык – пра спаўненне 90 гадоў з дня народзінаў Юрыя Гагарына.

– Гагарын цікавы мне найперш не сваім палётам, а пасьляпалётным жыцьцём, і не ў апошнюю чаргу — як унікальны прыклад асобы пад узьдзеяньнем вельмі неспрыяльных фактараў, – піша Навумчык. – Неспрыяльных у канцэнтрацыях, якія рэдка на каго выпадалі – бо на яго абрынулася слава, якую мелі, можа, 3-4 асобы за ўсю гісторыю чалавецтва.

Па выніку, калі ў трох словах — ён ня скурвіўся. Пры тым што ўсе ўмовы для гэтага меў.

Хаця, як ні цынічна тое прагучыць, раньняя сьмерць пазбавіла яго шмат ад якіх, як цяпер бы сказалі, іміджавых стратаў. Ужо савецкія танкі ў жніўні 1968 у Празе былі б для яго выпрабаваньнем, хай бы нават і на ўзроўні ўзаемаадносінаў зь ягонымі чэскімі сябрамі (такія былі).

Далей, «по мере обострения классовой борьбы», выпрабаваньні былі б яшчэ больш сур’ёзныя і маштабныя. Пры тым, што непазьбежна, нават нічога для гэтага ня робячы, ён, як і ўсе першыя касманаўты, атрымаў бы генэральскія зоркі, як і Церашкова, стаў бы членам ЦК КПСС (найвышэйшы рэальна кіруючы ворган СССР, куды ўваходзілі ня ўсе міністры і маршалы), — перакананы, што па шляху Церашковай зь яе «абнуленьнем» прэзыдэнцкага тэрміну Пуціна ён бы не пайшоў.

Лічу гэтак і на падставе ўспамінаў свайго бацькі, які ведаў абодвух; калі ў паводзінах Гагарына адчувалася імкненьне сысьці ад праяў «народнай любві», ад афіцыёзу, ад публічнасьці, увогуле ад увагі, — дык у Церашковай, што называецца, на лобе было напісана — «першая ў сьвеце жанчына-касманаўт, Герой Савецкага Саюза».

Паглядзеў па адным з расейскіх тэлеканалаў прысьвечаную Гагарыну перадачу — зроблена па актуальным Z-прапагандысцкім трафарэце. Ну і, канешне, кажучы пра касьмічную праграму ЗША — «американцы не побрезговали использовать помощь немецкого нациста фон Брауна».

І ні слова пра тое, што савецкія канструктары для першых ракет скарысталі менавіта напрацоўкі ракеты ФАУ-2, створанай ня кім іншым, як тым жа фон Браўнам. Хаця гэта сёньня агульнапрызнаны факт.

І нічога пра тое, чым насамрэч была савецкая касмічная праграма.

Цяпер ужо не сакрэт (не сакрэт ва ўсіх сэнсах), што касьмічная праграма СССР была часткай ваеннай праграмы — Маскве былі патрэбныя ракеты, здольныя паказаць «кузькину мать» ЗША.

Палётам Гагарына Крэмль прадэманстраваў, што савецкія ракеты могуць абляцець зямны шар з грузам вялікай вагі (чытай: атамнай бомбы), а запускам Цітова, Мікалаева і Паповіча пацьвердзіў, што яны могуць абагнуць Зямлю не адзін дзясятак разоў. ЗША на той момант у гэтай справе адставалі, хаця ўжо ў лютым 1962 Джон Глен абляцеў Зямлю тройчы.

Насамарэч, тое быў грандыёзны блеф. На момант палёту Цітова (жнівень1961) у СССР было гатовыя толькі пяць такіх караблёў (па некаторых крыніцах — увогуле ніводнага даведзенага да канца: менавіта таму ў кастрычніку 1961 не адбыўся меркаваны палёт двух пілятуемых караблёў з трансьляцыяй размовы Хрушчова з касманаўтамі на арбіце непасрэдна з прэзыдыюму ў залі Крамлёўскага палацу, дзе праходзіў ХХII зьезд).

Не нашмат больш было і ракетаносьбітаў. Адсюль і разьмяшчэньне ракет на Кубе, паблізу ад ЗША, якое паставіла сьвет на мяжу атамнай вайны.

Паміж СССР і ЗША пачалася касьмічная гонка, кропка ў якой была пастаўленая высадкай у 1969 годзе экіпажу «Апалон» на Месяц. Эканоміка Амэрыкі гонку вытрымала — адрозна ад савецкай.

Ужо сам палёт першага касманаўта па ягоным завяршэньні каштаваў, мінімальна, узьвядзеньня гораду ў 250-200 тысяч чалавек (тагачасныя Віцебск ці Горадня) — з жылымі дамамі і ўсімі абʼектамі сацкультбыту. Менавіта такой была цана працы дзясяткаў прадпрыемстваў, навукова-дасьледчых інстытутаў, будаўніцтва касмадрому і інфраструктуры, папярэдніх пускаў і г.д.

Уліваньні ў космас павялічваліся коштам элемэнтарных патрэбаў людзей — напрыклад, ростам цэнаў, які летам 1962 адгукнуўся расстрэлам мірных дэманстрантаў у Навачаркаску.

На думку гісторыкаў, той расстрэл зрабіў немагчымым далейшыя, хай і вельмі нягеглыя, хрушчоўскія рэформы.

Ну, а далей... Далей, 30% усёй эканомікі СССР у 70-80 гады, на момант прыходу Гарбачова — быў ваенна-прамысловы комплекс у самым, так бы мовіць, чыстым выглядзе, то бок прадпрыемствы выпускалі толькі ваенную прадукцыю і ніякай іншай.

Усяго ж на ВПК у той ці іншы спосаб было завязана 80% прамысловасьці. Пры гэтым касьмічная праграма была на ВПК завязаная цалкам.

Тут бы можна працягнуць разважаньнем, што паколькі савецкая касьмічная праграма працавала на ўмацаваньне савецкага камуністычнага рэжыму, а сам камуністычны рэжым быў у сваёй сутнасьці антычалавечы, таму...

Але лепей, паколькі «вуснамі немаўляці гаворыць ісьціна», узгадаю размову дачкі, калі яна вучылася ў школе, з маім бацькам — ён расказваў пра сустрэчы з Гагарыным, сярод іншага, і на пленумах ЦК камсамола, членамі якога абодва былі (пленумы гэтыя склікаліся два-тры разы на год у Маскве). Дачка папрасіла расшыфраваць «ЦК ВЛКСМ».

Маладыя, як вядома, ня любяць доўгіх тлумачэньняў ад старэйшых, здольныя ўлоўліваць сутнасьць імгненна і не цягнуць з высновамі.

— Ясна, дзядуля, я ўсё зразумела. Ты з Гагарыным быў у кіраўніцтве савецкага гітлерюгенд.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(73)