Хведарук: «Шмат людзей перайшлі на беларускую мову, чытаюць беларускіх класікаў і слухаюць нашу музыку. Мы аб гэтым і марыць не маглі»

Евангеліст і былы палітвязень — пра пажар беларушчыны, што зараз адбываецца. I як зараз назваць тое, што мы перажываем.

Зміцер Хведарук. Фота: скрыншот з эфіру Еўрарадыё

Па словах былога палiтвязня Зміцера Хведарука, беларусы зараз сутыкаюцца са складанасцямі на сваім шляху, але ж усё болей і болей беларусаў імкнуцца да беларушчыны.

— Ведаеце, гэта як калі ты пачаў штосьці вывучаць, спачатку — ваў, які цікавы прадмет, якая цікавая з’ява, — кажа ён у эфіры Еўрарадыё. — Але калі вы больш грунтоўна пачынаеце за гэта брацца, па сапраўднаму, вы сутыкаецеся з цяжкасцямі. І мне здаецца, што зараз мы сутыкаемся з цяжкасцямі, што абсалютна нармальна. Хтосьці расчароўваецца, але вялікая колькасць людзей — гэта фантастыка.

Хто мог падумаць, што тры гады запар людзей у Беларусі будуць незаконна арыштоўваць. Людзей, якія кажуць, што ў Беларусі павінна быць законнасць, што Беларусь мусіць існаваць, што яны самі з’яўляюцца беларусамі. Людзей, у якіх дома нацыянальныя сцягі, негледзячы на забароны, якія хаваюць флэшкі і сімволіку, каб захаваць гэта для сваіх дзяцей. Гэта тое, чым варта ганарыцца.

Шмат маіх знаёмых перайшлі на беларускую мову, нават выехаўшы з Беларусі шукаюць магчымасць, каб у іх дзяцей было беларускае асяроддзе. Акрамя гэтага, пачынаюць чытаць беларускую класіку, слухаць беларускую музыку, падтрымліваць беларускія праекты — мы аб гэтым не маглі і марыць.

Сямнаццаць год таму я прыйшоў у Малады фронт, і калі б мне тады хто сказаў пра гэта, я б пакруціў пальцам ля скроні і сказаў: не, наша кола вельмі вузкае. А зараз гэта цэлы пажар беларушчыны.

Хведарук адзначае, што ў пратэсце 2020 года было шмат нацыянальнага.

— З тымі, з кім я сустракаўся на пратэстах, для большасці з іх нацыянальны сцяг і герб сталі альбо былі дагэтуль каштоўнасцю. Мне здаецца, што мы не павінны быць патрабавальнымі і адносіцца да людзей з цярплівасцю, разумець, што калі мы ўжо зрабілі гэта — то гэта неверагодна крута. Не асуджаць, калі хтосьці чагосьці не ведае, але дапамагаць асэнсаваць тое, што ад іх, магчыма, было адарвана.

У мяне ў 13 год была майка «Савецкі Саюз». Але ж да апошняга моманту, калі я жыў у Менску і бачыў такіх людзей (з падобным адзеннем — С.), у мяне гнеў палаў, я падыходзіў да іх і размаўляў.

Евангеліст таксама паразважаў, як зараз можна назваць тое, што адбываецца ў Беларусі і з беларусамі:

— Хочацца верыць, што гэта нейкі такі Барадулінаўскі ці Быкаўскі шлях выпрабаванняў, якi прывядзе ў выніку да дарогі свабоды. Але, на вялікі жаль, тое, што адбываецца ў Беларусі — гэта наступствы бязбожнай атэістычнай спадчыны, якая не прызнае бога і не шануе чалавека, і ўсякім чынам падаўляе яго вартасць, годнасць і нішчыць усякі закон.

Дзе чалавек ставіць сябе вышэй за бога і кажа, што ён абсалютная ўлада ў гэтым жыцці і ў наступным. У Беларусі ж дзейнічаюць законы, па якіх могуць асудзіць людзей, якія памерлі. То бок яны пасягаюць не толькі на жыццё, а яшчэ і смерць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(21)