Вячорка: «Нам не вельмі спрыяе абмеркаванне Беларусі ў кантэксце з Расеяй, бо тады мы становімся часткай вялікай праблемы»

Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка — пра новае інтэрв’ю лідара дэмсіл, якое абурыла расіян.  

Лідар дэмакратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская дала вялікае інтэрв’ю расійскаму выданню «Новая газета. Европа». У ім палітык падкрэсліла, што намагаецца, каб Беларусь і Расею не клалі ў адзін кошык, а таксама некалькі разоў падкрэсліла, што паміж беларусамі і расіянамі істотная розніца, таму, напрыклад, несправядліва для іх уводзіць аднолькавыя абмежаванні ў Еўропе.

— Мы же видим знаки Z на улицах в России, видим россиян, очень агрессивно против Украины настроенных. В Беларуси вы такого не увидите никогда. У нас беларусы просто не понимают, как можно напасть на соседнюю страну, на близкую страну, — сказала Ціханоўская. — У россиян все-таки есть империалистические амбиции, и они распространяются на большинство населения, к сожалению.

Ціханоўская таксама адзначыла, што Пуціна у адрозненні ад Лукашэнкі прызнаюць легітымным кіраўніком.

Такія выказванні лідара беларускіх дэмсіл абурылі некаторых прадстаўнікоў расійскай апазіцыі, пра што яны пачалі пісаць у сацыяльных сетках.

Інтэрв’ю Ціханоўскай пракаментаваў яе дарадца Франак Вячорка. Ён таксама растлумачыў, чаму беларускія дэмакратычныя сілы не супрацоўнічаюць с расійскай апазіцыяй.

Франак Вячорка і Святлана Ціханоўская

— Я думаю, што Святлана так сказала, таму што яна так думае і бачыць розніцу ў паводзінах грамадстваў у Беларусі і Расіі. Гэта бачаць і ўкраінцы, і еўрапейцы. Адрозніваюцца кантэксты і менавіта на гэта звярнула ўвагу Ціханоўская ў гэтым інтэрв’ю, — кажа Вячорка ў інтэрв’ю Свабода Premium. – Ці яно некага пакрыўдзіла? Магчыма, так. Ці адпавядае яно рэчаіснасці? Значыць, у беларускай перспектыве адпавядае.

Безумоўна, гэта не значыць, што ўсе расейцы — пуцінцы і за вайну. Ёсць розныя людзі, і тыя, хто актыўна супрацьстаяць Пуціну: многія зараз у турмах, нехта страціў жыццё, многія працуюць у эміграцыі.

Але калі казаць пра грамадства ў цэлым, то, вядома, яно замбавана прапагандай, верыць Пуціну і яно хворае на імперыялізм. Нехта пра гэта мусіць казаць, і Святлана Ціханоўская пра гэта ў інтэрв’ю выразна абазначыла.

Вячорка звярнуў увагу, што ў беларускай і расійскай апазіцый адрозніваюцца кантэксты.

— У Святланы Ціханоўскай ёсць выбарная легітымнасць і легітымнасць, якую яна здабыла цягам апошніх трох гадоў актыўнай працы дзеля інтарэсаў Беларусі. У расійскай апазіцыі гэтага няма.

Як толькі на нейкім форуме на дыскусіі з’яўляецца беларуская і расійская тэма, расійская пажырае любыя размовы пра Беларусь. Пра Беларусь забываюць і пачынаюць гаварыць толькі пра Расію.

Былі некаторыя дыскусіі, і мы бачылі: з’яўляюцца расійскія апазіцыянеры, і ўвага аўдыторыі адразу толькі на расійскую тэму. Таму нам не вельмі спрыяе абмеркаванне Беларусі ў кантэксце з Расеяй. Мы тады становімся часткай вялікай праблемы.

Уся ж дзейнасць Ціханоўскай накіравана на тое, каб паказаць, што Беларусь — гэта асобная праблема і патрабуе асобнага падыходу, стратэгіі, і нас не трэба класці з расейцамі ў адзін кошык. Стратэгіі па Расеі і Беларусі павінны адрознівацца.

У беларусаў і расейцаў розныя нацыянальныя інтарэсы. Так, мы суседзі, але наш інтарэс зараз захаваць незалежнасць, суверэнітэт, суб’ектнасць на міжнароднай арэне. Моцнай і вострай патрэбы ў супрацы з расійскім ліберальным колам на сёння няма.

Прынамсі, нешта прапанаваць, даць, узмацніць нашу працу і рух яны не могуць. Але гэта не адмяняе заслуг людзей, якія працуюць на разгром пуцінскага рэжыму.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(66)