Вольскі: «А колькі такіх розных дробных «прэзідэнцікаў», «каралькоў» і «князькоў»?»

Лявон Вольскі на budzma.org разважае пра выпадкі злоўжывання ўладай і наступствы, да якіх гэта можа прывесці — у сям’і, на працы і ў цэлай краіне. А таксама пра простыя крокі, якія кожны мусіць зрабіць, каб зменшыць колькасць выпадкаў ужывання гвалту.

Лявон Вольскі. Фота Насты Касіапеі (з асабістага архіва Лявона Вольскага) 

Улада на працы

Ведаеце, улада — страшная рэч. Вось вам прыклад: дырэктар фірмы, які штодня раве на сваіх падначаленых. Відаць, ён і ў сям’і мае нейкія праблемы? Ды не — дома ён зусім іншы, душэўны, вясёлы, клапатлівы бацька і муж. А вось на працы... на працы — сапраўдны цэрбэр!

Чаму? А проста так. Таму, што яму дазволена так рабіць. Бо мае ўладу над сваім офісам. Вось і робіць — даводзіць да сьлёз і гістэрык супрацоўніц, хто ведае, магчыма, у кагосьці асабліва ўражлівага могуць узьнікаць нават думкі пра суіцыд... А колькі такіх розных дробных «прэзідэнцікаў», «каралькоў» і «князькоў»?

Улада ў сям’і

Ці яшчэ, глядзіце: бухгальтарка будтрэсту, агулам добрая рахманая працаўніца, нават душа калектыву, а дома... дырэктыўна ставіць задачы безыніцыятыўнаму мужу, крычыць на дзяцей і раздае ім поўхі направа ды налева, а ў выніку — муж ратуецца ў алькаголі, а дзеці ў дваровых кампаніях — усё лепей за хатняе пекла! Такім чынам бухгальтарка распарадзілася сваёй уладаю ў сям’і.

Ірацыянальна, але спакушальна

Так, гэта неразумна, ірацыянальна, але настолькі спакушальна, што адмовіцца ад гэтага вельмі цяжка, для кагосьці — амаль немагчыма. Уладарыць людзьмі — фірмай, офісам, людзьмі, сям’ёй... А краінай?

Усе мы памятаем і бачылі гэта ў 2020-м. Калі чалавек настолькі баяўся страціць уладу, што быў гатовы на ўсё, толькі, каб яна ў яго засталася. Літаральна на ўсё — разбіваць сем’і, калечыць, забіваць — гэта было ў парадку рэчаў. Зрэшты, чаму «было»? Так ёсьць і цяпер.

Зброя і ўлада над жыцьцямі

Фота: Вольга Быкоўская / Facebook

Ёсьць і іншыя, ня меней страшныя рэчы — калі чалавек бярэ ў рукі зброю, а зь ёю бярэ на сябе абсалютную ўладу над жыцьцямі іншых людзей. Згадайце выпадкі страляніны ў школах ды ўнівэрсытэтах і вусьцішны нядаўні выпадак з варшаўскім гвалтаўніком і ягонай беларускай ахвярай.

Не палохае ані адказнасьць, ані магчымае суворае пакараньне — настолькі моцная спакуса!

Шакаваныя гэтай гісторыяй, беларускі зараз пачалі пісаць у сетках пра розныя сытуацыі з гвалтам у адносінах да сябе. Паказальна, што часьцяком гвалтаўнікамі былі акурат не маньякі ці наркаманы з цёмнае падваротні, не. Гэта былі ці то сужэнцы, ці то былыя каханыя хлопцы, ці добрыя сябры. Якія ў пэўны момант ня здолелі адмовіцца ад сваёй улады над іншым чалавекам і змусілі да таго, чаго іншы чалавек не хацеў, да таго, пра што ён будзе ўсё жыцьцё згадваць з непрыемнымі пачуцьцямі ці жахам!

Беларускі амапавец, якому ўсё дазволена і які не праміне пакарыстацца гэтым дазволам, нарвэскі стралок, які сам на сябе ўсклаў уладу над жыцьцямі іншых людзей, два амэрыканскія падлеткі, якія вырашылі вяршыць вярхоўны суд над сваімі аднаклясьнікамі, ваяр ХАМАСу, які косіць аўтаматнымі чэргамі наведнікаў музычнага фэстывалю ці варшаўскі гвалтаўнік з нажом і ў масцы, які ўначы выйшаў у цэнтр гораду на паляваньне — гэта з’явы інтэрнацыянальныя, такое можа адбыцца ў кожнай краіне.

Вельмі важна прыслухацца да сябе

Тут ёсьць важны момант: вельмі важна пільна прыслухацца да сябе — прыгадаць людзей (можа быць, нават зусім блізкіх), якія выкарыстоўвалі сваю ўладу над вамі, прыгадаць выпадкі, калі вы карысталіся сваёй уладай над іншымі людзьмі — у сям’і, у войску, на працы.

Важна адназначна растлумачыць людзям, якія выкарыстоўваюць сваю ўладу над вамі, што так быць ня мусіць. Калі растлумачыць не атрымліваецца, лепш трымацца ад іх падалей.

Ад сябе, напраўду, трымацца падалей не атрымаецца, таму трэба зацьвердзіць: нельга нікога шыхтаваць, прыгнятаць, прэсаваць, нельга карыстацца схемай «калі ня я іх, дык яны мяне». Бо ўсё гэта — з жывёльнага сьвету, і яму ня мусіць быць месца ў чалавечым грамадзтве. З гэтага пачынаюцца таталітарызм, дыктатуры і войны.

Гэта — карані чорных парасткаў, якія спрабуюць абблытваць сьвет, і ад якіх трэба адмовіцца. Выкараніць. Раз і назаўсёды.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(48)