Политика

«Варта ставіцца па-іншаму праз палітычныя абставіны ў Беларусі, якія іншыя, чым у Расіі»

Ціханоўская папрасіла спікерку сейма Літвы не ўраўноўваць абмежаванні да беларусаў і расіян. Ад Ландсбергіса, у сваю чаргу, зноў словы падтрымкі.

Святлана Ціханоўская правяла перамовы са спікеркай Сейма Літвы Вікторыяй Чмілітэ-Нільсан

Лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў папрасіла спікера сейма Літвы не ўраўноўваць абмежаванні да беларусаў і расіян. Падчас сустрэчы таксама абмяркоўвалася сітуацыя з палітвязнямі ў Беларусі, вагнераўцамі, патэнцыйнае закрыццё межаў, паведаміў Позiрку галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.

Паводле словаў Святланы Ціханоўскай, такі крок «толькі сыграе на руку прапагандзе Лукашэнкі і Пуціна і ўдарыць па беларусах».

Замест гэтага яна прапанавала ўніфікаваць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і Расіі, але захаваць рознае стаўленне да грамадзян Беларусі і РФ.

Таксама Ціханоўская звярнула ўвагу, што неабходна захаваць пасажырскае злучэнне,  каб беларусы маглі перасякаць мяжу:

– Мы будзем размаўляць з усімі партыямі, усімі літоўскімі інстытуцыямі, каб данесці сваю пазіцыю. Нам неабходна захаваць дружныя адносіны, як гэта было дагэтуль. Трэба тлумачыць і літоўскаму грамадству, што не беларусы нясуць пагрозу, а рэжым і яго памагатыя.

Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс, у сваю чаргу, заступіўся за беларусаў. Ён заявіў, што скептычна ставіцца да ідэі ўвесці для беларусаў тыя ж абмежаванні, што і для расіян, паведамляе Еўрарадыё.

Фота: Tomas Juodelis, DELFI

– Я прытрымліваюся пазіцыі, што да іх [беларусаў] варта ставіцца па-іншаму праз палітычныя абставіны ў Беларусі, якія іншыя, чым у Расіі. Пакуль мяне не азнаёмілі з канкрэтнымі пагрозамі, якія зыходзяць ад людзей, якія прыязджаюць сюды, і з тым, як такое ўзмацненне абмежаванняў дапаможа кантраляваць пагрозы.

Дыскусіі пра новыя абмежаванні супраць беларусаў, дадаў кіраўнік МЗС, маюць палітычны характар і грунтуюцца на меркаваннях, а не аргументах.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(20)