История

Андрэй Кныш

«У сваіх паводзінах хаўруснікі больш нагадвалі захопнікаў». Як расейцы знішчылі полацкую Сафію

Прыклад з гісторыі – чым небяспечныя саюзы з Расіяй.

Полацкі замак, у цэнтры якога ўзвышаецца Сафійскі сабор. Рэканструкцыя мастака Паўла Татарнікава

Вясна 1710 года, разгар Паўночнай вайны. Рэч Паспалітая пад кіраўніцтвам вялікага князя і караля Аўгуста Моцнага ўцягнутая ў ваеннае ліхалецце на баку Расіі супраць Швецыі.

У Полацку, калысцы нашай дзяржаўнасці, уладараць войскі Пятра І. Вось як пра той саюз піша Уладзімір Арлоў у кнізе «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае»:

— На нашых землях дзейнічала 70-тысячная расейская армія. Каб пазбавіць непрыяцеля правіянту, фуражу і прытулку Пётр I у ваеннай кампаніі супраць Карла XII выкарыстоўваў тактыку выпаленай зямлі.

У сваіх паводзінах хаўруснікі больш нагадвалі захопнікаў. Прыклады нялюдскай жорсткасці ў абыходжанні з беларускім насельніцтвам даваў сам цар.

Улетку 1705 года разам з князем Меншыкавым і некалькімі афіцэрамі Пётр I асабіста ўдзельнічаў у забойстве пяці вуніяцкіх святароў у Полацкім Сафійскім саборы.

Пасля гэтага наш найстаражытнейшы храм быў абрабаваны і ў ім зрабілі вайсковы склад з парахавым сховішчам у сутарэннях. Напярэдадні адыходу з горада расейцы ўзарвалі парахавыя запасы і ператварылі сабор у руіны.

Насамрэч, гісторыкі дагэтуль не маюць пэўнасці, што выбух, які прагрымеў 1 мая 1710 года, быў наўмысны. Але фактам застаецца тое, што парахавы склад быў зроблены ў найстарэйшым храме колішняга Полацкага княства.

Той, хто гэта зрабіў, не мог не ведаць пра пагрозу выбуху. І ўсё адно зрабіў. Ужо адно гэта вычарпальна характарызуе гасцей з Усходу.

Не кажучы пра асабістую чорную нянавісць маскоўскага цара да ўніятаў, а менавіта ім на той час належала полацкая Сафія. І гэта дадатковы доказ на карысць версіі пра свядомае знішчэнне старажытнага храма.

Так мог выглядаць Полацк і Сафійскі сабор у 1579-м у часе аблогі горада каралём Стэфанам Баторыем. Малюнак Станіслава Пахалавіцкага/Вялікі гістарычны атлас Беларусі

Гэта адзін з многіх прыкладаў таго, чым небяспечны саюз з Расіяй. Зрэшты, яна і сёння пацвярджае гэтае, пускаючы ракеты на «русский город» Адэсу.

***

Сафійскі сабор у Полацку збудавалі ў 50-я гады ХІ ст. Гэта быў адзін з трох такіх храмаў на вялікім гандлёвым шляху «з варагаў у грэкі». Першы Сафійскі сабор на візантыйскі ўзор быў збудаваны ў Кіеве.

Потым тыя ж дойліды будавалі саборы ў Полацку і Вялікім Ноўгарадзе. Яны былі меншыя па памеры і мелі свае характэрныя адрозненні ад кіеўскай Сафіі.

Так полацкая Сафія магла выглядаць на момант знішчэння. Рэканструкцыя Уладзіміра Цялежнікава

Полацкі храм меў вышыню больш за 31 метр, шырыню — каля 26 м. Таўшчыня сценаў месцамі дасягала 2 метраў.

Пачынаючы з ХІ ст. тут пачала збірацца багатая бібліятэка. У скрыпторыі храма Еўфрасіння Полацкая перапісвала рукапісы.

Пасля заключэння Берасцейскай царкоўнай уніі ў 1596-м полацкі храм стаў належаць грэка-каталікам і заставаўся ўніяцкім да свайго знішчэння пятроўскімі войскамі.

Фота: belarus.by

У 1738-м зруйнаваны сабор пачалі аднаўляць архітэктар Ян Крыштоф Глаўбіц і муляр Блажэй Касінскі. Працы цягнуліся дванаццаць год, у выніку храм набыў абсалютна іншыя рысы — ён быў збудаваны ў стылі барока з дзвюмя шматпавярховымі вежамі. У агульных рысах ягоны выгляд захаваўся да нашых дзён.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(11)