Политика

Тышкевіч: «Калі Беларусь запросяць у БРІКС, гэта будзе пазітыўны сігнал»

Аналітык назваў чатыры прычыны, чаму нашай краіне выгадна аказацца ў БРІКС.

— У ліпені Беларусь афіцыйна падала заяўку на ўступленне ў БРІКС. Так жа сама як і яшчэ 23 дзяржавы, — адзначае Ігар Тышкевіч.

Ігар Тышкевіч

На першы погляд, дзіўна, бо БРІКС — гэта пяць дзяржаў. Але прынцыповае рашэнне па пашырэнні ўжо прынятае. Няма хіба працэдуры і фармальных патрабаванняў.

Тым не меней на саміце арганізацыі некаторыя з аплікантаў атрымаюць запрашэнне да ўступлення. Верагодней за ўсё, разам з «дарожнай картай» — пералікам таго, што трэба зрабіць каб мець магчымасць стаць паўнавартасным чальцом арганізацыі.

Калі Беларусь будзе сярод тых, каго запросяць, гэта будзе пазітыўны сігнал. Прынамсі па некалькіх прычынах:

1. Сама «дарожная карта». Як і ў выпадку з ШАС, гэта набор патрабаванняў, датычных трансфармацыі палітыкі і эканомікі. Гаворка не ідзе пра дэмакратыю, а вось умова «выйсьці з зашквару з суседзямі» можа быць. А таксама эканамічныя пераўтварэнні і павага да ўласнасці.

2. Геапалітычны чыннік. БРІКС, таксама як і ШАС, можна успрымаць як варыянты размыву расійскага дамінавання ў якасці знешнепалітычнага партнёра. Калі адскок на заходні кірунак немагчымы, то варыянт гульні на ўсходзе ды на поўдні цалкам ок.

3. Рэсурсы, у тым ліку крэдытныя на інфраструктурныя праекты. ШАС — гэта інфраструктура вакол кітайскага «пасу ды шляху», БРІКС у нашым рэгіёне — гэта адбудова інда-іранскага «шляху поўдзень-поўнач». І, адпаведна, магчымасць упісацца ў геаэканамічныя праекты.

4. Рэсурсы падтрымкі. БРІКС — гэта яшчэ і «Новы банк развіцця», які ствараўся на пачатку як супрацьвага а пасля як дапаўненне Сусветнаму Банку. І калі ЕБРР, СБ для афіцыйнага Менску зараз недасяжныя, то НБР, пры умове ўступу ў БРІКС становіцца добрай крыніцай рэсурсаў, пашыраючы колькасць «міжнародных банкаў», дасяжных для Беларусі, да чатырох. А ў выпадку ўступлення ў АDB (а гэта залежыць ад ШАС) — да пяці.

Адным словам, сочым за навінамі з ПАР.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.5(11)