Политика

«Сёння многія ідэалізуюць тую падзею». Сутнасць Белавежскіх пагадненняў у шасці абзацах

Журналіст «Радыё Свабода» Дзмітрый Гурневіч – пра тое, чаму 32 гады таму ў Белавежскай пушчы лідэры Беларусі, Украіны і Расеі – Шушкевіч, Краўчук і Ельцын – афіцыйна забілі апошні цьвік у труну СССР.

– Усё ж, губляецца важны момант – канец саўка не быў мэтай Белавежскага пагаднення, – піша Гурневіч. – Зразумела, тая падзея мела важнае значэнне для гісторыі, але толькі таму, што нешта пасля пайшло не так, а не таму, што так было задумана ад пачатку. Проста аўтары дзеі не разлічылі наступстваў. І дзякуй Богу.

Падпісанне гэтых пагадненняў у Белавежскай пушчы ініцыяваў тагачасны прэзідэнт Расеі Ельцын. Але не для таго, каб даць рэспублікам СССР незалежнасць і свабоду. А дзеля таго, каб так адсунуць ад улады Гарбачова, які ўсё яшчэ быў прэзідэнтам СССР. Белавежскія пагадненні былі часткай разборак паміж былымі савецкімі элітамі, а не подзвігам дысідэнтаў. Ельцын проста хацеў пазбавіцца ад канкурэнта і пасля ўзначаліць абноўлены савок. Для гэтага яму трэба было фармальна скасаваць тую дзяржаву, прэзідэнтам якой быў Гарбачоў. І стварыць новую.

Ельцын і яго атачэнне спадзяваліся, што інструментам аднаўлення саюзнай дзяржавы стане СНД. Яны і казалі тады адкрыта пра абноўлены саюз, але без Гарбачова і яго каманды. Але працэс выйшаў з-пад кантролю. Рэспублікі пачалі будаваць свае ўласныя інстытуты. Хаця не ўсе верылі, што СССР сканаў.  Напрыклад у Беларусі ў 1992-м годзе, за заклікі да стварэння ўласнага войска, Міколу Статкевіча звальнялі з арміі. А фармальна ж Беларусь была незалежнай ад жніўня 1991 года. 

Планы Ельцына моцна папсавала Украіна. За тыдзень да сустрэчы ў Віскулях украінцы правялі рэферэндум, на якім больш за 90% украінцаў падтрымалі незалежнасць. Украінцы гулялі ў сваю гульню. Ельцын гэтага не спадзяваўся. У Беларусі ж працэсы ў большасці ішлі па інэрцыі, бо ўрад узначальваў прарасійскі Кебіч, які нават у 1994 годзе ішоў у прэзідэнты з лозунгам «За Союз народов». Вярхоўны савет быў поўны камуністаў. БНФ на чале з Пазьняком ведалі як гэта пераадолець – правесці ў 1992 новыя выбары (бо народ ненавідзеў уладу), але на жаль, у Станіслава Шушкевіча не хапіла адвагі, каб іх прызначыць. Бо ён тады быў спікерам парламента і не хацеў губляць уладу.

Мне здаецца, што сёння многія ідэалізуюць тую падзею ў Белавежскай пушчы. Так, яна аказалася магутнай па сваіх наступствах (за гэта мы яе любім), але насамрэч шмат у чым выпадкова. Гэта паказвае як гістарычныя працэсы могуць развівацца самі па сабе, насуперак мэтам іх аўтараў. І гэта абнадзейвае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(32)