Политика

Кацярына Батлейка

Святлана Ціханоўская: «Нельга, каб Беларусь стала суцяшальным прызам для Пуціна»

Лідарка дэмсіл выступіла перад дэлегатамі КР.

Святлана Ціханоўская выступіла перад дэлегатамі Каардынацыйнай Рады ў Варшаве. Яна звярнула ўвагу на тое, што сітуацыя ўнутры Беларусі ўсё больш пагаршаецца з 2020 года, і распавяла пра асноўныя кірункі дзейнасці дэмсіл на бліжэйшы час, а таксама звярнулася да беларусаў унутры краіны.

— Дзевяць мільёнаў чалавек сталі закладнікамі таго, для каго ўлада — гэта сэнс жыцця. Ён так і не прызнаў сваю паразу і не сышоў мірна, як таго патрабавалі беларусы. Наадварот, заручыўся падтрымкай Расіі і ператварае нашу краіну ў канцлагер. З аўтарытарнай краіны Беларусь імкліва ператвараецца ў таталітарызм, — сказала лідарка дэмакратычных сіл.

Рэпрэсіі сталі асноўным элементам палітыкі рэжыму. Гэта адзінае, што ён можа прапанаваць беларусам. Бандыцкія арганізацыі тыпу ГУБАЗiК атрымалі неабмежаваныя паўнамоцтвы. Ні санкцыі, ні шматлікія спробы перамоў не прывялі да вызвалення палітвязняў. Наадварот, замарозка новых санкцый цягам апошніх паўтары гадоў толькі прывяла да эскалацыі рэпрэсій.

Дыктатар баіцца вызваліць нават старых і хворых. Ён баіцца прадэманстраваць слабасць і чалавечнасць.

«Шлях, па якім Лукашэнка вядзе краіну — шлях у тупік»

— Наша краіна і наш народ бяднеюць. Руйнуецца прыватны сектар, і гэта адбываецца не з-за санкцый, а праз бяздарнае кіраванне. Людзі не бачаць ніякай перспектывы пры гэтым рэжыме. Лукашэнку ўдалося ўтрымаць эканоміку ад абвалу, найперш за ўсё дзякуючы Расіі і лазейкам абыходу санкцый. Але шлях, па якім ён вядзе краіну — гэта шлях у тупік. Лукашэнка не пратрымаўся бы без падтрымкі Расіі, але ж узамен ён разлічваецца беларускім суверэнітэтам і незалежнасцю — тым, што яму не належыць.

«Мы не спынімся, пакуль не вернем сваю краіну»

— Дыктатар абвясціў вайну ўсяму беларускаму: рэпрэсіруюць кнігі, песні, нашу мову. У беларушчыне ён бачыць пагрозу сваёй уладзе, і гэта робіць дыктатуру Лукашэнкі па-свойму ўнікальнай, бо гісторыя не ведае прыкладаў, каб дыктатар дабравольна знішчаў дзяржаўнасць сваёй краіны.

І я хачу, каб мяне пачулі ў тым ліку тыя, хто па другім баку рэжыму: мы не спынімся, пакуль не вернем нашу краіну.

Пра Беларусь на міжнароднай арэне

— Нам удаецца ўтрымліваць Беларусь на павестцы, але гэта, скажу шчыра, становіцца ўсё складаней. Нам трэба тлумачыць, што падтрымка Беларусі — гэта не дабрачыннасць, а інвестыцыя ў мір і стабільнасць ва ўсёй Еўропе. Нам удалося дасягнуць істотных змен у стаўленні да беларусаў сярод міжнароднай супольнасці: мы даносім, што беларусы не роўна рэжым, што Беларусь — не Расія.

На канферэнцыі новай Беларусі мы прынялі дэкларацыю аб сяброўстве Беларусі ў Еўразвязе. І цяпер гэта наша стратэгічная мэта. Гэта рашэнне цёпла віталі ў Еўрапарламенце, Кіеве, Вашынгтоне.

Трэба папулярызаваць еўрапейскі выбар сярод беларусаў як альтэрнатыву агрэсіўнаму і таксічнаму рускаму міру. Мы чакаем, што ў найбліжэйшыя тыдні будзе прызначаны спецыяльны пасланнік ЗША па Беларусі, а ў снежні мы запусцім стратэгічны дыялог з Вашынгтонам.

Голас ЗША можа сыграць вырашальную ролю, калі пойдзе размова пра пасляваенную будучыню Беларусі: нельга, каб Беларусь стала суцяшальным прызам для Пуціна.

Пра адносіны з Украінай і беларускіх ваяроў

— Ад сакавіка ў нас паляпшаюцца адносіны з Украінай. У жніўні я назначыла Генадзя Манько кіраўніком місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве. Рэгулярна адбываюцца сустрэчы з Офісам Зяленскага, Вярхоўнай радай, супольныя канферэнцыі.

Памянялася стаўленне да беларусаў і сярод украінцаў. Галоўная заслуга тут, бясспрэчна, нашых беларускіх ваяроў з палка Каліноўскага, батальёну «Волат» і іншых падраздзяленняў.

Канешне, нам трэба працягваць дапамогу нашым беларускім добраахвотнікам. Мы разумеем, што нашы добраахвотнікі ва Украіне з іх досведам стануць асновай новага беларускага войска. І важна цяпер працаваць у гэтым напрамку: напрыклад, геральдычная рада распрацавала новую сістэму вайсковых рангаў і ўзнагарод.

Святлана Ціханоўская лічыць, што пагроза беларускага суверэнітэту ніколі не стаяла так востра, як сёння. Яна адзначыла, што дэмакратычныя сілы будуць дабівацца вываду расійскіх войскаў і ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі.

Пра парламенцкія выбары ў Беларусі і выбары ў КР

— Я чакаю, што Каардынацыйная рада стане сапраўды прадстаўнічым органам беларускіх грамадзянскіх арганізацый і палітычных партый. Для гэтага неабходна правесці выбары ў наступны склад Каардынацыйнай рады. Выбары ў КР могуць стаць альтэрнатывай выбараў у псеўдапарламент, які праводзіць рэжым.

Мы ў выбарах Лукашэнкі не ўдзельнічаем — яны незаконныя. Але мы павінны скарыстацца гэтым як нагодай расказаць пра сваю альтэрнатыву. Правесці грамадска-асветную кампанію, прасоўваць сваё бачанне Новай Беларусі, паказаць кантраст з тым, што прапаноўвае рэжым.

Зварот да беларусаў у Беларусі

— Дарагія беларусы ўнутры краіны! Я толькі магу сабе ўявіць, як цяжка працягваць барацьбу ва ўмовах тэрору. Як жыць, калі ты кожную раніцу чакаеш візіту ГУБАЗіКа. Але я прашу вас не апускаць рукі. Выкарыстоўвайце гэты час для самаразвіцця.

Ёсць шмат магчымасцяў для самаадукацыі. Знаходзьце бяспечныя формы дэманстрацыі сваёй нязгоды. Шукайце аднадумцаў і захоўвайце баявы дух. Бо толькі разам, хто ўнутры краіны, хто па-за яе межамі, мы зможам давесці да канца тое, што пачалі ў 2020 годзе. Мы абавязкова вернем сабе сваю краіну, сваю годнасць і сваю свабоду. Жыве Беларусь!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(39)