Шрайбман: «Калі Лукашэнка будзе ў адчаі, ён можа пачаць грукацца і казаць, што я магу зрабіць, каб хоць неяк размарозіць хоць нешта ў адносінах з Захадам?»

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман — пра вокны магчымасцяў, якія мы ўсе чакаем, і як да іх падрыхтавацца.

Арцём Шрайбман

— Сутнасць маёй ідэі — рэкамендаваць Захаду сканцэнтравацца на тым, каб ствараць стымулы для таго, каб будучая Беларусь, калі для гэтага з'явіцца мажлівасць — геапалітычная, рэгіянальная — хутчэй пайшла па правільным шляху, — патлумачыў Арцём Шрайбман сэнс сваёй нядаўняй публікацыі на Еўрарадыё. — Зараз вы не прымусіце Лукашэнку весці сябе так альбо інакш.

У вас няма такога рэсурсу, але ёсць рэсурс паўплываць на будучую траекторыю Беларусі, калі для Лукашэнкі могуць змяніцца нейкія базавыя стымулы, звязаныя з яго адносінамі з Расіяй.

Ці не для Лукашэнкі, а для яго прэемніка. Але ствараць гэтыя стымулы патрэбна.

У ліку найбольш важных рэсурсаў, якія змогуць пры пэўных абставінах аказаць уплыў на рэжым, аналітык назваў сувязь беларусаў з Захадам, падтрымку незалежных беларускіх СМІ і больш гнуткі спіс санкцый.   

— Галоўным рухавіком будучай дэмакратызацыі Беларусі будзе   прадэмакратычная частка беларускага грамадства. Без гэтага вялікага сегменту, які так магутна праявіў сябе ў 2020 годзе, нічога не зменіцца.

І таму людзей не трэба зачыняць у межах Беларусі і Расіі, як гэтага хацелі б два дыктары. Не трэба ім дапамагаць зачыняць беларусаў ад Захаду.

Тут гаворка і пра мабільнасць, і пра візы, і пра памежныя пераходы, і пра прамыя цягнікі з Мінска ў Вільню ці ў Варшаву, і г.д.

Таксама, мне здаецца, што ў момант, калі Лукашэнку ці яго пераемніка неяк прыпячэ рэгіянальная сітуацыя і яны будуць гатовыя на рэальныя саступкі, у Захада павінна быць падрыхтавана і больш гнуткая стратэгія частковага прыпынення санкцый.

На мой погляд, яны павінны быць падзеленыя на дзве групы, дзе першая — гэта санкцыі, якія дапамагаюць Рассіі ваяваць — на зброю, на тавары двайнога прызначэння, на нафтапрадукты, напрыклад — і іх варта адмяняць у апошнюю чаргу. 

Але ёсць сферы, якія мусяць ісці, як я называю, «зялёным спісам». Яны у першую чаргу мусяць быць пастаўленыя на стол перамоваў.

Гэта калій, Белавія, дрэваапрацоўка і іншыя галіны беларускай эканомікі, якія працуюць не на расійскай сыравіне. Тое, што дапамагае беларускай эканоміцы адысці ад расійскай залежнасці.   

Захаду не трэба выйсці і сказаць: мы прыпыняем санкцыі, спадзеючыся на добрую волю. Гэта так не працуе.

Але гэта дарожная мапа пакрокавай адмены санкцый у адказ на саступкі з беларускага боку павінна быць выпрацавана і даведзена да Мінску, каб там у пэўны момант ведалі, што ёсць альтэрнатыўны шлях.

Каб не адбылося сітуацыі, калі ў крытычны момант у Мінску кіроўныя эліты падумалі, не, нас там усё адно не чакаюць, санкцыі не адменяць ніколі, — разважае аналітык.

Да таго ж ён не выключае, што крытычны момант для Мінску, тое самае вакно магчымасцяў можа адчыніцца нават раней за сыход Лукашэнкі, і тлумачыць, як у гэтым канстэкце трэба разумець выказванне, якое стала мемам у апошнія дні — «не трэба злаваць дзеда».    

— Погляд на народныя масавыя рухі як на нешта кіраванае, што можна паставіць на паўзу, бо марна, лічу неразуменнем сутнасці сацыяльнай псіхалогіі, базавай дынамікі таго, як развіваюцца рэвалюцыі.

Беларусы ж 16 жніўня 2020 года, пасля і да гэтага, выходзілі не таму, што нехта іх папрасіў? Там была поўная разгубленасць.

Калі нехта думае, што эмоцыю з-за катаванняў, ці, напрыклад, як было ў польскай «Салідарнасці», эмоцыю з-за ціску на працаўнікоў і іх правы можна неяк акумуляваць, пакласці на палічку і пачакаць зручнага моманту, а потым актывізаваць і вывесці народ у зручны момант, то гэта так не працуе.

Гэта той самы погляд на народ, як у Пуціна і Лукашэнкі, нібыта ўсё гэта кіраваныя матэрыі.

Але эмоцыя — гэта стыхія. Ніхто не мог спыніць «Салідарнасць». Ніхто не мог у 2020 годзе спыніць беларусаў.  

Мне здаецца рацыянальнай палітычная тактыка выкарыстання кожнага магчымага вакна. Так, зараз няма вакна для рэвалюцыйных перамог, для яго няма ніякіх сацыяльных перадумоваў, у беларускім грамадстве татальна рэпрэсіўны рэжым.

І пра гэта казаў, дарэчы, Дзмітрый Дашкевіч, які, спадзяюся, хутка зноў апынецца на волі. Ён казаў, што выходзіць у 1943 годзе ў акупаваным Мінску з плакатам на «Гітлерштрассе» было дурной думкай.

То бок і зараз не трэба марнаваць свой, людскі, інтэлектуальны і нават фінансавы рэсурс на акцыі ці на дзеянні, якія не могуць нават у тэорыі спрацаваць. Але зараз можна і трэба назапашваць рэсурс.

Рэвалюцыйная барацьба у Беларусі скончылася на пачатку 2021 года. З той пары трэба займацца доўгатэрміновым назапашваннем рэсурсу. Зараз не час, калі нехта можа нешта зрабіць для зрынання рэжыму.  

Акрамя як у Пуціна, такога рычага няма ні ў каго. Але можна рыхтавацца да моманту, калі гэта стане мажліва. І пра гэта асноўная думка, чаму не трэба марна «злаваць дзеда».

Самы відавочны будучы момант такога вакна мажлівасцяў — гэта сыход Лукашэнкі ў любым выглядзе. Але, я думаю, што вокны магчымасцяў могуць з'явіцца нават да таго.

Я сабе цалкам дапускаю сітуацыю, калі там у 2025-26 годзе нарэшце ваенная прамысловасць Захаду ўваходзіць у поўны цыкл, Украіне пачынаюць як трэба даваць зброю, а расійская эканоміка вычарпала пэўныя рэзервы.

І вось тады, калі на полі бою таксама пачнуцца праблемы, я б чакаў ад Лукашэнкі большай практычнай гнуткасці. Таму што гэты чалавек, што пра яго ні кажыце, даволі чутка счытвае сігналы і даволі дакладна разумее, куды ўсе можа ісці.

І ў гэтым сэнсе калі ён пабачыць, што сітуацыя Расіі беззваротна пагаршаецца, ад яго можно чакаць нейкіх ваганняў, якія і трэба будзе выкарыстоўваць Захаду.

Ёсць рызыка, што наступіць момант, калі Лукашэнка будзе ў большым адчаі, чым зараз. Зараз ён не ў адчаі, зараз у яго з большага ўсё добра.

Але калі ён будзе ў адчаі, ён можа пачаць грукацца і казаць: што я магу зрабіць, акрамя таго, каб сысці і павесіцца, каб хоць неяк размарозіць хоць нешта ў адносінах з Захадам?

І вось тады нельга, каб за-за бюракратычнай інерцыі на Захадзе адказалі, не ведаем, давайце паглядзім паперкі, якія мы падпісалі ў 2020 годзе. Вось гэтай разгубленасці я баюся. Менавіта з таго і прапаноўваю мець гатовую дарожную мапу, — падкрэсліў Шрайбман.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.6(50)