Филин

Юлія Кот

Шмаціна: «Ёсць рызыка, што пры вырашэнні ўкраінскага пытання беларуская павестка — маральныя аспекты, правы чалавека могуць быць зноў адсунутыя на другі план»

Палітолаг — пра планавую эканоміку МЗС , перспектывы ў Афрыцы і магчымасць кулуарных перамоваў з краінамі Захаду.

24 ліпеня распачаўся традыцыйны штогадовы семінар, які МЗС РБ ладзіць для беларускіх дыпламатаў . Міністр Сяргей Алейнік заклікаў пазіцыянаваць Беларусь як адну з дзяржаў, «што фарміруюць ядро пазважнасці ў свеце».

Прычым неабходна, заявіў міністр, «пашыраць гэта ядро праз прасоўванне беларускіх мірных і стваральных ініцыятыў», і даносіць ва ўсіх краіных да канструктыўна настроеных палітычных і грамадскіх лідараў«беларускую міралюбівую знешнюю палітыку, праўду пра краіну».

Абсалютным прыярытэтам працы, як і раней, абвешчаны экспарт. Сярод іншых накірункаў дзейнасці беларускіх дыпламатаў Алейнік назваў «супрацьдзенне санкцыям і мінімізацыю іх наступстваў, праактыўнае развіццё стасункаў з саюзнікамі, традыцыйнымі партнёрамі і сяброўскімі дзяржавамі», прычым глядзець прапанавана перадусім на «глабальны Поўдзень і глабальны Усход».

Аднак наколькі выканальныя гэтыя задачы і ці вялікае поле для манеўраў засталося ў айчыннай дыпламатыі? Филин абмеркаваў з паліталагіняй, даследчыцай  крытычнай геапалітыкі Virginia Tech (Вашынгтон) Кацярынай Шмацінай.

Фота з асабістага архіву Кацярыны Шмацінай

— Планавая сустрэча для мяне выглядае як яшчэ адзін аспект планавай эканомікі, — зазначае экспертка. — Калі, па сутнасці, дыпламатам «зверху» спускаюць дырэктыву па наладжванні гандлёвых сувязяў. Не здзіўлюся, калі ім даведзеныя пэўныя лічбы і паказчыкі экспарту — а таксама не здзіўлюся, калі яны мала рэалістычныя.

У прынцыпе, гэта тое, чым заўжды займаліся беларускія дыпламаты за мяжой — у нагрузку ім давалі не толькі наладжванне палітычных стасункаў, але і прасоўванне айчынных тавараў. А ва ўмовах санкцыйнага ціску і ізаляцыі, зразумела, гэтая задача ўскладняецца.

Зарана меркаваць, якія эканамічныя вынікі будзе мець семінар для прадстаўнікоў беларускіх амбасадаў, але ў палітычным вымярэнні, зазначае Кацярына Шмаціна, справы выглядаюць не надта добра. Калі гаварыць пра Еўразвяз, ЗША і Канаду, сувязі з беларускімі дыпламатамі скарочаныя да тэхнічнага ўзроўню, і ў публічным полі не выпадае чакаць, каб заходнія лідары выказалі гатоўнасць да супрацоўніцтва ці гандлю з рэжымам Лукашэнкі.

— Але гэта не выключае кулуарных спробаў перамоваў, — дадае палітолаг. (Заўважым, пра непублічнае супрацоўніцтва з «прадстаўнікамі бізнесу і культуры» расказаў на семінары пасол Беларусі ў Фінляндыі — Ф.). Бо трэба мець на ўвазе такі фактар, як ціск электарата ў дэмакратычных краінах, чые лідары вымушаныя прыслухоўвацца да меркавання грамадства, яго стаўленне да падтрымкі Украіны альбо жаданне як мага хутчэй любым чынам скончыць гэты канфлікт.

І ў гэтым сэнсе рэжым Лукашэнкі можа спрабаваць прадставіць Беларусь не як суагрэсара, а ці то як ахвяру, ці то як пасярэдніка, таксама зацікаўленага ў найхутчэйшым заканчэнні вайны, і наладжваць кантакты. Шукаць прагматычных, альбо, як сказаў кіраўнік беларускага МЗС, «канструктыўна настроеных» палітыкаў, каб абмяркоўваць шляхі выйсця, нягледзячы на маральна-этычныя паблемы і парушэнні правоў чалавека.

Экспертка прыводзіць прыклад: налета ў ЗША адбудуцца прэзідэнцкія выбары, і цяперашняму кіраўніку краіны Джо Байдэну важна, з аднаго боку, паказаць выбаршчыкам альбо прагрэс на фронце, недарэмную падтрымку Украіны, альбо мірныя перамовы.

У той жа час і ў дэмакратаў, і ў рэспубліканцаў ёсць групы, якія выступаюць супраць выдаткавання грошай на Украіну, разважаюць, што Расіі можна дазволіць забраць частку украінскіх тэрыторый, і што Крэмль можа быць карысным у супрацьдзеянні Кітаю.

— Зараз гэтыя групы не ўплываюць на курс адміністрацыі Байдэна, але калі кандыдат з такімі каштоўнасцямі зойме месца ў Белым доме, то гэта, суадносна, негатыўна адлюструецца на ролі ЗША ў нашым рэгіёне.

Тут беларускі бок можа шукаць свае выгоды і непублічна прапаноўваць пэўныя дамоўленасці. Нагадаю таксама, што ў часы «нармалізацыі» адносінаў з Вашынгтонам беларускі бок з дапамогай лабістаў прасоўваў ідэю зняцця санкцый з Беларусі, і ў пэўны час абмежаванні насілі пераважна сымбалічны характар.

 

Недзе паўгады таму былі заявы ад Дзярждэпартаменту ЗША, што яны вядуць перамовы з прадстаўнікамі беларускіх уладаў — не дзеля наладжвання паўнавартасных стасункаў, вядома, але для таго, каб лепш разумець беларускі бок. І застаецца рызыка, што пры вырашэнні ўкраінскага пытання беларуская павестка — маральныя аспекты, правы чалавека могуць быць зноў адсунутыя на другі план.

Калі казаць пра пераарыентацыю беларускай дыпламатыі на «глабальны Поўдзень» і афрыканскія рынкі збыту, тут пашырэнне супрацоўніцтва цалкам магчымае, заўважае Кацярына Шмаціна.

— Красамоўны прыклад, як некаторыя краіны Афрыкі, скажам, Замбія, Кенія, ставяцца да кітайскіх інвестыцый, напрыклад, для развіцця лічбавай інфраструктуры. Ім настолькі патрэбныя знешнія інвестыцыі, што нават калі высветлілася: кітайскія дзяржпадрадчыкі цягам некалькіх гадоў шпіёнілі, атрымлівалі сакрэтную інфармацыю пра чальцоў ураду краіны-рэцыпіента, — для афрыканскіх краін гэта не з’явілася праблемай.

Так што і ў беларускіх уладаў ёсць магчымасці знайсці сабе новых партнёраў у Афрыцы — эканамічна ўразлівыя краіны не будуць доўга абіраць і адмовіцца ад супрацоўніцтва з этычных прычын.

— Адмовіўшыся ад шматвектарнасці, Беларусь практычна ўсю ўвагу скіравала на Усход: шмат размоў пра супрацоўніцтва з Кітаем, уступленне ў ШОС. Але ўспрымаюць у гэтай частцы міжнароднай супольнасці беларускія ўлады як самастойнага гульца, а не сатэліт Расіі?

— Найперш заўважу, што ў заходняй аналітычнай думцы Беларусь зараз узгадваюць пераважна ў фармулёўцы «васал Пуціна». Калі яшчэ тры-пяць гадоў таму мы казалі пра незалежную беларускую палітыку, хоць і ў сферы ўплыву Расіі, то цяпер выкарыстоўваецца менавіта такое азначэнне.

Што да Усходу, то аўтарытарныя рэжымы ў Азіі, мяркую, успрымаюць міжнародныя адносіны вельмі іерархічна. Для іх ёсць Кітай і сфера ўплыву Кітая, для большасці азіяцкіх краін Кітай — эканамічны і палітычны гулец нумар адзін. Потым ідзе Расея, а недзе праз коску, як дадатак — Беларусь.

Адносна інтарэсаў Кітая, экспертка нагадвае: пасля пратэстаў у Беларусі КНР пачаў выводзіць інвестыцыі і праекты, перакідваць іх ва Украіну — а з пачаткам вайны стаў шукаць іншыя шляхі транзіту тавараў і супрацы з Еўразвязам.

— То бок, калі ў Беларусь прыйшла нестабільнасць, то адразу змяніўся ўзровень ангажаванасці Кітая. Але цікава, што на пачатку бягучага года Лукашэнка сустрэўся з Сі Цзіньпінем — дзіўна, што быў такі высокі ўзровень сустрэчы, пры тым, што Беларусь зараз праблемны партнёр.

Мяркую, прычыны палягаюць у кантэксце вайны ва Украіне — інфармацыі, што Кітай, верагодна, пастаўляе ў РФ зброю праз Беларусь, альбо магчымай ролі Лукашэнкі ў ініцыятывах па бяспецы (якраз у той час Пекін апублікаваў свой «мірны план»). Тая сустрэча магла мець на мэце абазначыць месца Лукашэнкі ў гэтым ураўненні і жаданне Кітая выкарыстоўваць Беларусь у стасунках з Крамлём і Захадам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(12)