Раманчук: «Пад планы зарабіць на Расіі Лукашэнку не хапае працоўнай сілы»

Для чаго на заводы прыцягнуць пенсіянераў?

Нядаўна Лукашэнка прызнаў, што ў краіне дэфіцыт кадраў на заводах. Па яго словах, на МАЗе некамплект працаўнікоў складае 13%, а на Мінскім маторным заводзе назіраецца цякучка працоўных спецыяльнасцяў. Сітуацыю пракаментаваў эканаміст Яраслаў Раманчук.

— Мы бачым, што працягам апошніх чатырох-пяці гадоў колькасць працоўнай сілы змяншаецца, павялічваецца колькасць людзей, якія з’язджаюць з краіны. Пры гэтым Лукашэнка бачыць, што шмат чаго можна зарабіць на вайне, якую вядзе Расія, — кажа эканаміст у эфіры Еўрарадыё.

Яраслаў Раманчук

І вось гэты попыт на традыцыйныя тавары, якія можа рабіць Беларусь, стварае дадатковы попыт на прамысловыя тавары, ВПК — тое, што патрабуе расійскі рынак. А Расія скочваецца ў рэжым асаджанай крэпасці.

Таму Лукашэнка бачыць, што не толькі 10-15% ВУП можна зарабіць праз тое, што Расія дае вельмі спрыяльныя цэны на энерганосьбіты, доступ да лагістыкі, транспарту, фінансаваць, а таксама можна падняць з кален прамысловыя прадпрыемствы, якія могуць працаваць на расійскі комплекс.

І вось пад гэтыя планы для Лукашэнкі, безумоўна, не хапае працоўнай сілы. Тыя, хто мог працаваць — з’ехалі або пайшлі на пенсію. Таму ён і ўспрымае, што, як у ваенны час, трэба звярнуцца да пенсіянераў, каб яны працавалі, а ён як ЗАО «Сям’я» зараблялі дадатковыя мільярды даляраў.

Раманчук таксама адзначае, што, калі б нехта з атачэння Лукашэнкі паклаў яму на стол аналіз усіх прыбыткаў і коштаў, якія ёсць у краіне, ён бы пабачыў, што дзеянні сілавікоў прывялі да таго, што краіна кожны год губляе недзе 3-5 мільярдаў даляраў.

— Але ніхто яму такі аналіз не прынясе. На першым месцы ў яго — улада, на другім — татальны кантроль над усім. Ён разумее, што калі Расія дае магчымасць яму зарабіць, то трэшчыны ў падмурку яго таталітарнай сістэмы могуць давесці да таго, што ён страціць як мага больш.

Але з усіх магчымых варыянтаў ён выбірае таталітарную сістэму і працу выключна з Расіяй, і нават калі няма спецыялістаў, ён спадзяецца, што гэта не будзе мяшаць яму зарабляць грошы.

Але ж пры гэтым эканаміст не выключае, што Лукашэнка дзеля грашовых інтарэсаў можа разыграць карту, калі дзеля таго, каб зарабіць, ён паменшыць колькасць рэпрэсій і затрыманняў у краіне, бо і так ужо амаль ўсё знішчана. І гэта таксама спадабаецца Захаду.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(22)