Раднянкоў: «Атачэнне Лукашэнкі пабачыла ў 2020 годзе, якія беларусы, і з таго часу ўсімі інструментамі спрабуе нас змяніць»

Старшыня рады Цэнтра новых ідэй Антон Раднянкоў — пра будучыню Беларусі.

— Згодна з нашым апошнім даследаваннем, дзе мы намагаліся высветліць, як беларусы ацэньваюць і глядзяць на ўзаемадзеянні з дзяржавай, зараз беларусы адыходзяць ад патэрналізму. Яны больш не спадзяюцца, што дзяржава будзе нешта ім даваць, — адзначыў Антон Раднянкоў на канале Годна. — Беларусы самі хочуць мець магчымасці — зарабляць грошы, быць прадпрымальнікамі ці працаваць на нейкіх прадпрыемствах, развіваць свой бізнес і гэтак далей.

Антон Раднянкоў

Беларусы хочуць законнасці і парадку. Па зразумелых прычынах, яны незадаволеныя тым, якім чынам дзяржава гэта забяспечвае. Таму беларусы хочуць нармальную дзяржаву і ведаюць, што самі могуць яе пабудаваць.

Але атачэнне Лукашэнкі спрабуе памяняць беларусаў. Яны пабачылі ў 2020 годзе, якія мы — сучасныя, еўрапейскія, хочам дэмакратыі. І з таго часу рэжым усімі інструментамі спрабуе нас змяніць.

Але наша даследаванне паказвае, што беларускі народ не змяняецца. І мне падаецца, гэта вельмі важна.

Будучыню нашай краіны Раднянкоў бачыць еўрапейскай.

— Нацыя — гэта супольнасць людзей, якая разам думае пра будучыню. Калі мы пачалі супольна думаць пра будучыню, мы і сталі нацыяй. І мне гэта падабаецца.

Але мне вельмі балюча глядзець, як беларусы раз’язджаюцца па ўсім свеце. Як сотні тысяч таленавітых людзей вымушаныя з’язджаць у розныя краіны. Мне хочацца, каб людзі вярталіся ў Беларусь, каб людзі хацелі жыць у Беларусі.

Каб тыя, хто зʼехаў, абавязкова вярнуліся. Мне хочацца, каб наша краіна пераадолела той палітычны крызіс, які ёсць. Каб у нас была адзіная краіна, якая ведае, куды рухаецца.

І, канешне, мне хочацца, каб гэты рух быў у бок Еўропы. Няма ў нашым рэгіёне іншага прыкладу, каб краіны добра развіваліся без Еўропы. Калі мы паглядзім на паспяховыя кейсы, якія ёсць у нашым рэгіёне, яны ўсе звязаны з Еўропай. Гэта адзіны шлях, — упэўнены Антон Раднянкоў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(26)