Рада БНР узнагародзіла беларусаў і беларусак, якія «ахвяравалі шмат чым у сваіх лёсах ў імя вольнай будучыні Беларусі»

Аляксандра Герсіменя, Маргарыта Ляўчук, Аліна Нагорная… Хто яшчэ атрымаў Ордэн Пагоні і медаль За баявыя заслугі?

Да ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла падпісала дэкрэт аб узнагароджаньні мэдалямі Рады БНР.

Дэкрэт мае закрыты характар. Імёны больш як паловы асобаў не апублічваюцца, некаторыя пазначаныя пад іх баявымі пазыўнымі (гэта тычыцца палітвязняў і добраахвотнікаў, якія змагаюцца ва Украіне). Адзін чалавек узнагароджаны пасмяротна.

Медалём Ордэну Пагоні за заслугі ў барацьбе за волю і незалежнасьць Беларусі ўзнагароджаныя:

  • алімпійская чэмпіёнка Аляксандра Герасіменя,
  • спявачка Маргарыта Ляўчук,
  • а таксама чатыры асобы, чые імёны не публікуюцца з меркаванняў бяспекі.

Як выбітныя грамадзкія і культурніцкія дзеячы ўзнагароджаныя:

  • пісьменнік Альгерд Бахарэвіч,
  • Пазыўны «Оксон»,
  • грамадская дзеячка Аліна Нагорная.
  • (пасмяротна) баец атраду «Атам», які гераічна загінуў на вайне супраць расейскіх агрэсараў, паведамляе Рада БНР.

— Сярод тых, чые імёны названыя ў ліку ўзнагароджаных Медалём Ордэна Пагоні, асаблівая нашая павага тром гераічным жанчынам, — піша палітычны аглядальнік Сяргей Навумчык. — Слова «гераічным» у гэтым выпадку пазбаўленае якога б ні было перабольшваньня і дакладна адлюстроўвае сутнасьць імі зробленага.

Гэта Алімпійская медалістка Аляксандра Герасіменя, якая выступіла супраць фальсіфікацыі «выбараў» і тэрору супраць народу і выяўляе ўзорную нязломнасць і вернасць ідэалам свабоды. Гэта оперная спявачка Маргарыта Ляўчук, чый голас стаў голасам народнага пратэсту 2020, а зусім нядаўна гучаў на баявых пазіцыях ваяроў з расейскім агрэсарам. Гэта Аліна Нагорная — яе сістэмнае змаганне за беларускую мову дае надзею, што нацыя не страціць тое галоўнае, што адрознівае яе ад іншых народаў.

Усе трое ахвяравалі шмат чым у сваіх лёсах ў імя вольнай будучыні Беларусі.

Віншую, дарагія Аляксандра, Маргарыта і Аліна!

Узнагарода для многіх уганараваных, калі меркаваць па рэакцыі, стала нечаканасцю.

— Ого! Вялікі дзякуй! Гэта гонар для мяне быць у вашым спісе, — напісала Аляксандра Герасіменя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(64)