Общество

«Беларуская мова сёння знаходзіцца ў стане, у якім яна не была апошняе стагоддзе»

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Святлана Ціханоўская і Рада БНР павіншавалі беларусаў.

Рада БНР: «У такіх умовах вартасць кожнага вымаўленага беларускага слова павялічваецца шматкроць»

Рада БНР нагадвае, што гэты дзень беларусы сустракаюць у жалобе з прычыны гібелі ў лукашэнкаўскай турме палітвязня Ігара Ледніка, які, «нягледзячы на інваліднасць і цяжкія хваробы, быў кінуты за краты за выступы супраць антыбеларускага, антынацыянальнага рэжыму».

— Беларуская мова сёння знаходзіцца ў стане, у якім яна не была апошняе стагоддзе, — гаворыцца ў звароце. — Працягваючы ўзяты пасля антыканстытуцыйнага гэтак званага рэферэндуму 1995 г. курс на прымусовую русіфікацыю, рэжым Лукашэнкі ліквідуе беларускае школьніцтва. Практычна знішчаныя ўсе грамадзянскія ініцыятывы, уключна з Таварыствам беларускай мовы імя Скарыны.

За беларускае слова, вымаўленае ў прысутнасці лукашэнкаўскіх сілавікоў, людзі могуць быць падвергнутыя рэпрэсіям.

Робіцца ўсё, каб беларусы забыліся на родную мову, на сапраўдную сваю гісторыю. Замацаванне ў новых пакаленнях каланіяльнай, залежнай ад Масквы ментальнасці мае на мэце і ўвядзенне адзіных з Расеяй падручнікаў па гісторыі.

У такіх умовах вартасць кожнага вымаўленага беларускага слова, кожнай беларускай кнігі, кожнага беларускага спеву, спектаклю, кінастужкі — павялічваецца шматкроць.

Рада БНР нагадвае, што сёлетні Дзень роднай мовы супадае са 100-годзьдзем з дня народзінаў вялікага беларускага пісьменніка, аднаго з лідараў нацыянальна Адраджэння Васіля Быкава.

— Памятайма ж апошнія ягоныя словы, сказаныя ў абарону знішчанага ўладамі беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа — «Трэба змагацца за родную мову!», — заклікае Рада БНР.

Ціханоўская: «Пакуль жыве наша мова, будзе жыць і нашая нацыя»

Нацыянальны лідар Святлана Ціханоўская таксама звярнулася да беларусаў. Яна расказала, як пачынаўся яе шлях да мовы.

— Яшчэ тры гады таму я сама не вельмі ўпэўнена пачувалася, калі размаўляла на беларускай мове. Вы, дарагія мае, натхнялі мяне, дапамагалі, матывавалі, — кажа Святлана Ціханоўская.

Яна расказала, што цяпер і яе дачка Агнія вывучае новыя словы, спрабуе размаўляць па-беларуску і нават чытае пакрысе. Так, ёй вельмі падабаюцца рыфмаванкі Юрыя Несцярэнкі з кніжкі «Неверагодны свет», вершыкі Андрэя Скурко, а таксама гісторыі з «Ашуканак» Яны Вольскай.

— Як падаецца, гэта і ёсць тое, з чаго пачынаецца беларускасць: калі ты пераходзіш на родныя словы ў побыце, у стасунках з блізкімі ці на працоўных сустрэчах, калі абіраеш на паліцах кнігу і аддаеш перавагу беларускім аўтарам альбо глядзіш сусветна вядомы фільм у беларускай агучцы.

Беларуская мова – гэта наш унікальны пароль, які ведаем толькі мы з вамі. Наш код, які дазваляе пазнаць адзін аднаго ў натоўпе. Захоўвайце родную мову, аберагайце, перадавайце дзецям. Бо пакуль жыве наша мова, будзе жыць і нашая нацыя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(16)