Филин

Юлія Кот

«Практычна кожны намеснік па ідэалогіі лічыць сябе спецыялістам у культуры»

Былы дырэктар музею гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў — пра сістэмныя праблемы і адмоўную селекцыю ў творчай сферы.

На пачатку лютага ў Мінску раптоўна зачынілі адну за адной дзве выставы. Крыху больш за тыдзень працавала экспазіцыя ў музеі гісторыі беларускай літаратуры, прымеркаваная да 100-х угодкаў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. А потым усяго праз тры дні «прыкрылі» для гледачоў выставу, прысвечаную 110-годдзю «Чорнага квадрата» Казіміра Малевіча.

Афіцыйных тлумачэнняў ні ў першым, ні ў другім выпадку не было, наведвальнікі хіба пачулі адказы «так атрымалася» і «з тэхнічных прычын».

І хоць за мінулыя некалькі год мы ўжо не раз бачылі, як выстаўкі зачыняюцца і праз дзень, спектаклі не дапускаюцца да гледачоў, з фестываляў здымаюцца фільмы, у паветры лунае пытанне: а Малевіч чым не дагадзіў? А мо, зусім не Малевіч — прынамсі, аналагічная выстава з той жа самай нагоды ў Нацыянальнай бібліятэцы спакойна працуе?

Пра тое, з чым насамрэч могуць быць звязаныя цяперашнія забароны на культурніцкія імпрэзы і які цяпер агульны стан сферы культуры ў краіне, Филин пагутарыў з экс-дырэктарам музея гісторыі Магілёва Аляксеем Бацюковым (праз палітычны пераслед гісторык, краязнавец і пісьменнік, які калісьці вярнуў у Беларусь Статут ВКЛ, быў звольнены, некалькі разоў атрымліваў «суткі», а напрыканцы 2023 года вымушана з’ехаў з краіны — Ф).

— На маю думку, тут нават не асобы Быкава і Малевіча прыцягваюць увагу «кантралёраў», не якісьці бок іхняй творчасці стаў трыгерам, а ў людзей, якія курыруюць гэтую сферу, узніклі пытанні да непасрэдных выканаўцаў, — зазначае суразмоўца.

Аляксей Бацюкоў. Архіўнае фота: TUT.BY

Бо, сапраўды, выстава з такой самай назвай, прысвечаная «Чорнаму квадрату» Малевіча, адчынілася і, наколькі можна меркаваць па інфармацыі з адкрытых крыніц, спакойна працягваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы. Практычна тая ж сітуацыя датычна экспазіцыі па Быкаву: летась гэтая выстава з малюнкамі і рукапісамі пісьменніка прайшла ў Віцебску, і нават, магчыма, віцебскія куратары былі першымі, хто такую канцэпцыю прыдумаў.

З-за чаго зачынілі ў Мінску? Магчыма, штосьці са складам удзельнікаў, альбо з датычнымі да арганізацыі.

Нават калі не ўдавацца глыбока ў разбор канкрэтных выпадкаў, гаворыць Аляксей Бацюкоў, трэба адзначыць сістэмную праблему, якая склалася ў сферы культуры і мастацтва.

Рэч у тым, што інстытуцыянальна культура падпарадкоўваецца ідэалогіі: галоўнае кіраўніцтва і апошняе слова тут належыць прадстаўнікам гар- і аблвыканкамаў, якія курыруюць агулам ідэалогію, культуру, адукацыю, сацыяльную сферу, часам яшчэ справы моладзі і медыцыну. Творчасць абмежаваная, заціснутая ў рамкі ідэалогіяй, што і ёсць прычынай негалосных «чорных спісаў» і забарон на тыя ці іншыя мерапрыемствы.

— Практычна кожны намеснік па ідэалогіі, чыноўнік, больш-менш блізкі да сферы культуры, лічыць сябе ў ёй спецыялістам. Аднак часта гэта непрафесіяналы, людзі, якія прыйшлі зусім з іншых сфер — напрыклад, у Магілёўскім аблвыканкаме сацыяльныя пытанні і культуру курыруе чалавек, які прыйшоў з медыцыны.

І менавіта падпарадкаванасць культуры чыноўнікам, якія лічаць сябе адмыслоўцамі, не з’яўляючыся такімі, прыводзіць да прыняцця валюнтарысцкіх рашэнняў, пад якімі часам не палягае ніякіх лагічных прычын.

Плюс «патрыятычнае выхаванне», заідэалагізаванасць і падмена паняццяў, якая пранікае паўсюдна. Калі на нейкім культурным мерапрыемстве не закранутая памяць вайны, значыць, тэма патрыятызму недастаткова раскрытая, — канстатуе суразмоўца.

Дадамо сюды рэпрэсіі, што працягваюцца ў тым ліку ў сферы культуры і літаральна выціскаюць прафесіяналаў з галіны, а нярэдка і з краіны. А замест нацыянальнай культуры насаджваецца «рускамірная» — і вось ужо ў  афішы традыцыйнага форуму «М@рт. Кантакт-2024» мы бачым усяго адну беларускамоўную пастаноўку, і ёсць адчуванне, што гэта не дно…

— Пасля 2020 года ў нас адбылося татальнае вымыванне прафесіяналаў са сферы культуры — бо людзі культуры, якія яшчэ больш востра ўспрымаюць усякую несправядлівасць, аказаліся на пярэднім фронце сацыяльнага пратэсту і аднымі з першых трапілі пад пэўны рэпрэсіўны ўдар.

Людзі значныя, знакавыя проста былі выкінутыя альбо самі сышлі, не ў стане працаваць у гэтай сістэме. Цяпер яркіх постацяў, дзеячоў альбо кваліфікаваных менеджараў, мы ўжо амаль што не бачым. Засталіся толькі людзі, якія гатовы прыстасоўвацца — і вынікам гэтага, як, у прынцыпе, ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, стала дэградацыя, адмоўная селекцыя.

Тым часам «чысткі» працягваюцца на ўсіх узроўнях, хоць дзе-нідзе, у прыватнасці ў рэгіёнах, культурніцкія ініцыятывы працягваюць дзейнічаць і ўпарта прарастаюць травой скрозь асфальт. Ці атрымаецца ў творцаў захаваць сябе, нягледзячы на маштаб удару, нанесенага па беларускай культуры? У гэтым пытанні Аляксей Бацюкоў прытрымліваецца стрыманага аптымізму:

— Пагаджуся з тым, што ў маленькіх гарадах, у рэгіёнах штосьці цепліцца. Не ў апошнюю чаргу таму, што рэпрэсіі там адбываюцца, калі слушна будзе так сказаць, з меншай інтэнсіўнасцю. Тое, за што ў Мінску ці ўмоўным Гомелі даюць «крыміналку», у райцэнтры могуць даць толькі штраф, магчыма таму, што людзі адзін аднаго лепш ведаюць і часам больш лаяльныя адзін да аднаго.

Наогул, вядома ж, культура не знікне зусім — не будзе такога этапу, калі б зусім нічога не адбывалася. Будзе прыходзіць новае пакаленне дзеячаў культуры, працаваць з тым жа матэрыялам, з якім працавалі іх папярэднікі, і тут ужо матэрыял кажа за чалавека. Новыя спецыялісты будуць пранікаць і самі пранікацца глыбіннымі, карэннымі якасцямі беларускай культуры, і будуць іх рэтрансліраваць.

Але разам з тым, натуральна, мы пабачылі і поўную дэградацыю, і яшчэ адчуем яе наступствы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(13)