Крысціна Шыянок: «У нашых рэаліях беларуская мова — гэта зброя»

Прадстаўніца беларускай нацменшасці Чэхіі — пра магчымасць адмежавацца ад нелегітымнай улады.

— Скажу пра пэўны пазітыўны трэнд: пасля 2020 года афіцыйныя чэшскія ўлады, калі працуюць з праўнай дапамогай і накіроўваюць нейкія дакументы ў Беларусь, усе часцей замаўляюць пераклад менавіта з чэшскай на беларускую мову, — адзначыла на Белсаце афіцыйная прадстаўніца беларускай нацменшасці Чэхіі і ўпаўнаважаная Офісам Святланы Ціханоўскай Крысціна Шыянок, якая працуе ў Чэхіі судовай перакладчыцай. — Такім чынам яны імкнуцца падтрымаць у тым ліку мову нацыяльнай меншасці, бо беларусы і беларускі Чэхіі з 2013 маюць гэты статус — нацыянальнай меншасці.

Зварот да роднай мовы, па ўражаннях Шыянок, адчуваецца і сярод саміх эмігрантаў з нашай краіны.

— Таксама аналагічны трэнд я назіраю ў межах беларускай супольнасці, беларускай дыяспары. Прычым не толькі ў Празе, бо да мяне звяртаюцца часам і людзі з іншых гарадоў і мястэчак.

Яны нават калі самі ў штодзённым жыцці гавораць па-чэшску і па-руску, імкнуцца замаўляць пераклад афіцыйных дакументаў на беларускую мову.

Гэта такая своеасаблівая пазіцыя. У нашых рэаліях беларуская мова — гэта зброя. І ў нас не так шмат ёсць магчымасцяў адмежавацца ад сістэмы, бо мы ўсё яшчэ ходзім з гэтымі сінімі пашпартамі, якія асацыююцца з нелегітымнай уладай.

Але мова — гэта менавіта тое, дзе мы можам правесці гэтую мяжу і сказаць: з імі я не маю нічога супольнага. Я беларус, а гэта — антыбеларуская ўлада.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(15)