«Пераклад маіх кніг на беларускую мову — вельмі значная для мяне падзея»

Выданне аповесцяў Сашы Філіпенкі распачынае выдавецтва Gutenberg Publisher — першымі выйшлі кнігі «Былы сын» і «Крэмулятар». Апошняя атрымала прэстыжную французскую прэмію Transfuge як лепшы еўрапейскі раман 2023 года.

— Аповесці Сашы Філіпенкі ў беларускім гучанні набылі новыя акцэнты. Увогуле сучасныя аўтары гучаць па-беларуску яшчэ актуальней, — каментуе «Салідарнасці» выдавецтва. — Мы лічым, што прынамсі тыя аўтары, якія вартыя прачытання, павінны быць перакладзены на беларускую мову. Гэта адамкне новыя пласты лексікі і, галоўнае, дасць выбар, што чытаць па-беларуску.

Кнігі пісьменніка ў перакладзе на беларускую мову можна будзе прачытаць анлайн на сайце выдавецтва. Гэта добрая навіна для людзей у Беларусі, бо яны змогуць чытаць кнігі без магчымых абмежаванняў.

— Канешне, пераклад маіх кніг на беларускую мову — вельмі значная для мяне падзея, — расказвае Саша Філіпенка ў каментары «Салідарнасці». — Амаль год мы спрабавалі гэта зрабіць, было цяжка.

Былі іншыя выдаўцы, якія казалі, што кніга ўжо выйшла на расейскай мове: яна вельмі вядомая, і ўсе, хто хацелі, напэўна, ужо прачыталі, таму прадаць яе, магчыма, будзе цяжка. Таму было складана знайсці свайго выдаўца, і я вельмі ўдзячны выдавецтву Gutenberg, што гэта нарэшце здарыцца.

Кнігі Сашы Філіпенкі перакладзены на вялікую колькасць моў. Больш за ўсё — «Чырвоны Крыж», зараз ён перакладзены на 20 моў. «Былы сын» — на дзясятак. У кніг у перакладзе на розныя мовы склаўся вельмі паспяховы лёс. Пісьменнік спадзяецца, што кнігі ў беларускай версіі таксама будуць карыстацца попытам як у Беларусі, так і за яе межамі.

Партнёрская навіна

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(19)