Навумчык: «Усе «вузлы», якія паралізуюць Беларусь, завязваліся ў тую ноч з 11 на 12 красавіка»

Былы дэпутат Вярхоўнага Савета — пра падзеі, якія змянілі беларускую гісторыю.

— «Ну и что? И ничего. Выкинули как котят, лапки сложили. Слабаки» — камэнтуе жанчына  галадоўку 19-ці дэпутатаў Апазыцыі БНФ супраць ініцыяванага Лукашэнкам т.зв. рэфэрэндуму ў 1995-м, — піша Сяргей Навумчык.

Пры гэтым на пытаньні, дзе былі ў тыя дні яе бацька/брат/муж/сын, якія, напэўна, зусім не слабакі, чаму яны не прыйшлі на Плошчу на заклік БНФ падтрымаць дэпутатаў, урэшце, ці была яна сама сярод тых некалькіх сотняў з амаль двухмільённага Менску, што прыйшлі  (як мінімум палову зь якіх, па маім уражаньні, складалі жанчыны), і якім я буду ўдзячны да канца свайго жыцьця, — на гэтыя пытаньні яна не адказала.

Выглядае, сапраўдная мэта такіх камэнтатараў — зусім ня пошук ісьціны, а закідваньне ў публічную прастору пэўных сьцьвярджэньняў.   

Можна было б (і варта было б) і не зьвяртаць на іх увагу, але ва ўмовах татальнай фальсыфікацыі найноўшай гісторыі гэта стварае цалкам скажонае ўяўленьне пра падзеі і іх удзельнікаў.

Дэпутатаў зьбівалі некалькі дзясяткаў  людзей ў чорных трыко і чорных масках — па пазьнейшым прызнаньні тагачаснага 1-га намесьніка старшыні КДБ Валерыя Кеза, тое былі афіцэры групы КДБ «Альфа». Іх трэніруюць гэтак, што кожны афіцэр здольны супрацьстаяць некалькім спэцназаўцам. Падобная трэніроўка і ў людзей, якія непасрэдна ахоўваюць дыктатара.

Калі нехта адчувае ў сябе здольнасьць іх перамагчы ў непасрэдным фізычным змаганьні — што ж, месцы знаходжаньня аб’екту аховы вядомыя, як кажуць — «наперад і зь песьняй». Можна і бязь песьні.

Акрамя «Альфы», у зьбіцьці ўдзельнічалі спэцназаўцы той самай часткі МУС, якая пазьней забіла Ганчара, Красоўскага і Захаранку (пэўна, і Завадскага), усяго, паводде сьледства Генпракуратуры, у будынак Дому ўраду было ўведзена блізу 600 сілавікоў. Па 30 на кожнага дэпутата Апазыцыі БНФ.

Ня буду цяпер задавацца рытарычным пытаньнем, чаму кіраўніцтва ВС не падтрымала нашу прапанову аб неадкладным адхіленьні Лукашэнкі ад пасады за зьдзейсьненае на ягоны загад крымінальнае злачынства — тэрарыстычны акт супраць дзяржаўных дзеячоў (Лукашэнка на ўсю Беларусь у той жа дзень заявіў на сэсіі ВС, што ўсё адбывалася па ягоным загадзе, і разам з кіраўніком адміністрацыі Сініцыным ён кіраваў апэрацыяй).

Спробу аплявухі сэржанту міліцыі кваліфікуюць як тэрарызм — як тады ацэньваць зьбіцьцё, са зброяй,  дэпутатаў парлямэнту?

Але скажу наконт «Ну и что? И ничего».

Вельмі нават «чего». Акт гвалтоўнага ціску на дэпутатаў парлямэнту (зафіксаваны Генпракуратурай) у працэсе прызначэньня гэтым парлямэнтам рэфэрэндуму робіць яго (рэфэрэндуму) вынікі юрыдычна нікчэмнымі. Рэфэрэндум ня быў легітымным.

Якія наступствы гэта будзе мець пасьля аднаўленьня дэмакратыі і вяршэнства права на тых, хто зьдзекваецца з дэ-юрэ дзяржаўныз сымбаляў — Бел-Чырвона-Белага Сьцяга і «Паноні», хто зачыняў і зачыняе беларускія школы — вы можаце пралічыць самі.

Нагадаю таксама, што, акрамя зьмены дўяржаўнай сымболікі і ліквідацыі статуса беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, на рэфэрэндум выносілася эканамічная інтэграцыя з Расеяй і права прэзыдэнта распускаць парлямэнт (што ён і зробіць увосень 96-га).  

Як бачым, усе «вузлы», якія паралізуюць Беларусь, завязваліся ў тую ноч з 11 на 12 красавіка 1995 года.

«Краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта» — сказаў нараніцу Васіль Быкаў. І не памыліўся.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(52)