Навумчык: «Падлеткавыя «раён на раён» у Беларусі ў пачатку 90-х былі ўжо ня так распаўсюджаныя, як у 70-я»

Палітычны аглядальнік Сяргей Навумчык падзяліўся сваімі ўспамінамі з-за шырокага абмеркаваньня расейскага серыяла «Слова пацана» і ўзгадкай пра «бандытызм 90-х».

– Ізноў жа, расейскае ўспрыманьне: у Беларусі не было такой татальнай хвалі бандыдызму, як у РФ («Час сэканд-хэнд» Алексіевіч у гэтым сэнсе ня варта чытаць як дакумэнтальны тэкст, яна піша,з большага, пра расейскія рэаліі), – піша аглядальнік «Радыё Свабода». – Увогуле, першая палова 90-х у Беларусі — гэта, найперш, гады нацыянальнага Адраджэньня, памяць пра якое рэжымная прапаганда імкнецца зьнішчыць (і не бязь посьпеху: нават разумныя людзі паўтараюць пуцінска-лукашэнкаўскія прапагандысцкія клішэ пра «лихие девяностыя»).

Але я цяпер пра іншае. Падлеткавыя «раён на раён» у Беларусі ў канцы 80-пачатку 90-х былі ўжо ня так распаўсюджаныя, як у 70-я.

А вось у 70-я «С какого района?», альбо яшчэ карацей — «Откуда?» — у Віцебску цябе маглі запытаць ці не штодня. Далей звычайна ішло пытаньне : «Кого знаешь?», ну а потым — па абставінах. Хаця, як правіла, звычайна такая размова скочвалася нічым — Віцебск горад невялікі, заўсёды ведаеш некага зь іншага раёну, ня кажучы пра свой.

А вось калі ідзе група па «чужым» раёне — тут ужо бойка амаль непазьбежная. Тым больш, кали «раён на раён». Былі страшныя бойкі на гарадзкім катку (дзе цяпер канцэртная арэна), з ровэрнымі (як сказала б мая бабка Ядзя, хай ёй сьпяваюць на тым сьвеце райскія птушачкі, — «лісапеднымі») цэпамі. Удар такім цэпам, з адцягам, мог рассакчы галаву да косьці. Альбо выбіць вока.

Але калі ты не хацеў «махацца» — ніхто цябе не прымушаў і за адмову не перасьледаваў.

«Правды», «Жесткова», «Пески», «Клины», «Марковщина», «Кирова», «Черняховка», «Белые дома» — калі на нешта забыўся, віцябляне дапоўняць.

Я жыў у «Сінім доме» (хаця хадзіў у 28-ю школу па «Правде»). «Сіні дом» не чапалі — і зусім не таму, што ў ім жылі некалькі сакратароў абкома і гаркома (два з якіх потым сталі сакратарамі ЦК, а адзін — старшынём ВС БССР), камандзір віцебскай дэсантнай дывізіі і г.д. У «Белых дамах» колькасьць начальнікаў была яшчэ большая, плюс гендырэктары заводаў, рэктары-прарэктары, нарэшце, практычна ўсё кіраўніцтва мясовых КГБ і міліцыі, але статус бацькоў для лёсу хлопцаў у выпадку канфлікту ня меў ніякага значэньня.

Проста ў «Сінім доме» жыў, як лічылася «кароль горада», — якога я, праўда, ніколі ня бачыў — чыё прозьвішча было тое ж самае, што і ў тагачаснага старшыні аблвыканкаму. На «раёнах» казалі, што гэта ягоны сын, таму і міліцыя яго не чапае — і таму ён бесперашкодна кантраляваў усю «фарцу» у горадзе.

Насамарэч, сапраўдны сын старшыні аблвыканкаму жыў з бацькамі ў зусім іншым месцы, быў звычайным, добра выхаваным юнаком, ня меў ніякага дачыненьня ні да боек, ні да «фарцы» (і апранаўся вельмі сьціпла), а пра існаваньне свайго цёзкі даведаўся ад мяне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(29)