Навумчык: «Ці ведаеце вы, што недзе паўгады ці болей і кіраўнікі Расеі, і расейскія СМІ, называлі нашу краіну «Беларусь»?»

Аналітык — пра памылку Шушкевіча і «Белоруссию» ў расійскіх СМІ.

— Бываюць часы, калі за хвіліну можна вырашыць праблему, якая, калі гэтага не зрабіць, застаецца на дзесяцігодзьдзі, — піша Сяргей Навумчык. — Ці ведаеце вы, што недзе паўгады ці болей, з восені 1991, і кіраўнікі Расеі, і расейскія СМІ, называлі нашу краіну «Беларусь», а не «Белоруссия»? Назоў «Беларусь» усё больш укараняўся ў сьвядомасьці насельніцтва Расеі.

Сяргей Навумчык

Але недзе ў красавіку-траўні 1992 нейкая маскоўская камісія з удзелам філолагаў з Акадэміі навук прыняла рашэньне, што па правілах рускай мовы трэба, як і раней — «Белоруссия», «Молдавия», «Киргизия»...

Я даведаўся пра гэта, калі не памыляюся, з маскоўскай газэты «Известия», і пайшоў да Шушкевіча. Дэпутатаў ВС ён прымаў адразу, бяз нейкага папярэдняга запісу, тут Станіславу Станіслававічу трэба аддаць належнае. А вось выніковасьць візытаў...

Памятаю, у лістападзе 91-га як сакратар Камісіі ВС па пытаньнях сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека, прыйшоў да яго абмеркаваць тэму мас-медыя, а Станіслаў Станіслававіч заявіў, што да яго як да сьпікера парлямэнту праблема СМІ мае такое ж дачыненьне, як сьвятло Месяца.

Тэарэтычна, кіраўнік краіны сапраўды не павінен займацца праблемамі прэсы. Але ў той момант, момант перафарматаваньня, як цяпер бы сказалі, усяго і паўсюль, пачынаўся працэс манапалізацыі СМІ выканаўчай прарасейскай уладай (манапалізацыя гэтая адыграла чорную ролю ў фармаваньні сьвядомасьці насельніцтва і стрэліла ў 1994, калі людзі прагаласавалі за прарасейскага кандыдата).

(У дужках заўважу: тое ж тычыцца і шматгадовай дыскусіі вакол неабходнасьці існаваньня Міністэрства культуры. У краінах, дзе нацыянальнай ідэнтычнасьці нічога не пагражае, такая ўстанова сапраўды можа быць і не патрэбная, — але ў Беларусі, дзе нацыянальнае зьнішчалася дзесяцігодзьдзямі і нават стагодзьдзямі, недастаткова будзе адных толькі падаткавых прэфэрэнцый на заканадаўчым узроўні.

Без штодзённай, мэтанакіраванай падтрымкі дзяржавы беларушчыне будзе цяжка супрацьстаяць расейшчыне. У Францыі Міністэрства культуры існуе — хаця засьцярогі французаў адносна ўплыву ангельскай мовы нам могуць падацца перабольшанымі).

Але вернемся ў 1992 год. Я прапанаваў Шушкевічу патэлефанаваць Ельцыну і выказаць абурэньне такім рашэньнем. Здаецца, нават параіў зьвязацца з прэзыдэнтамі Малдовы і Кыргызстану і выступіць і ад іх імя. Быў (і цяпер застаюся) перакананы, што ў гэтым пытаньні «крепкий хозяйственник» Ельцын пайшоў бы насустрач, не пажадаўшы псаваць адносіны з -за нейкіх там, понимаешь, філалагічных тонкасьцяў.

Залішне казаць, што адно слова Ельцына, ад якога ў той момант у Расеі залежала ўсё, паставіла б кропку ў тэме. Хаця б на некалькі гадоў. А там бы — прызвычаіліся.

Станіслаў Станіслававіч адмовіўся. Сказаў, што таксама чытаў публікацыю ў «Известиях», але як навуковец ня можа супярэчыць пазыцыі навукоўцаў. Хай разьбіраюцца спэцыялісты.

Не памятаю, хто з дэпутатаў БНФ прапаноўваў Шушкевічу папрасіць Ельцына вярнуць Крыж Эўфрасіньні Полацкай. Адпаведнае распараджэньне прэзыдэнта РФ як мінімум мела б вынікам тое, што мы даведаліся б , ці сапраўды Крыж у Расеі і калі так, дзе канкрэтна. Просьбы, як вядома, не было. Пэўна, таксама палічыў, што гэта не ў ягонай кампэтэнцыі.

Усё ж, палітык павінен адчуваць сябе палітыкам, а ня проста навукоўцам ці нават сьпікерам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(80)