Навумчык: «Апрацаваная прапагандай насельніцтва Беларусі абярэ прэзыдэнтам чалавека па прозьвішчу Безроссиинамнежить»

Публіцыст — пра тое, чаму беларусы не гатовы да новай Канстытуцыі.

— Як вядома, дэпутаты Апазыцыі БНФ, не галасавалі за прэзыдэнцкія артыкулы Канстытуцыі 2 сакавіка 1994 (і нават спрабавалі сарваць галасаваньне), і не галасавалі за ў цэлым за Канстытуцыю 15 сакавіка, — піша Сяргей Навумчык. — Мы папярэджвалі, што ўвядзеньне прэзыдэнцтва непазьбежна прывядзе да дыктатуры.

Мы прапанавалі даць час (хаця б некалькі гадоў) на фармаваньне грамадзянскай супольнасьці, замацаваньне дэмакратычных інстытуцый, фармаваньне партыйнай сыстэмы. Урэшце, гэтыя 5-7 гадоў былі патрэбныя да таго, каб атрымала права галасаваньня пакаленьне, якое ўступала ў сьвядомае жыцьцё ўжо ў незалежнай Беларусі.

Сяргей Навумчык

Днямі ў дыскусіі шаноўны Анатоль Лябедзька папракнуў мяне ў тым сэнсе, што як гэта так – я не галасаваў за Канстытуцыю-94, а тым ня менш, прапаную яе вярнуць.

Насамрэч, у гэтым няма ніякай супярэчнасьці. І вось чаму.

Вяртаньне Канстытуцыі-94 (вяртаньне, умоўна кажучы, хоць на 10 хвілінаў) аўтаматычна дэлегітымізуе ўсе наступныя «канстытуцыйныя папраўкі» і «канстытуцыі», уведзеныя Лукашэнкам ягонымі «рэфэрэндумамі».

А значыць — і вяртаньне статусу беларускай мовы, і Бел-Чырвона-Белага Сьцяга і «Пагоні» ў якасьці дзяржаўных сымбаляў, і скасаваньня «царскіх» (ацэнка Лукашэнкі) прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў (хоць бы ўжо і не Лукашэнкі, каго заўгодна), і вяртаньне абмежаваньня колькасьці тэрмінаў прэзыдэнцтва, і магчымасьці скасаваць (ці ўвесьці мараторый) на сьмяротнае пакараньне), і гэтак далей.

І толькі пасьля гэтага можна (і трэба) распрацоўваць і прымаць новую Канстытуцыю.

Што можа здарыцца ў іншым выпадку?

У 1994 годзе большасьць насельніцтва, не пазбаўленае савецкай мэнтальнасьці і пад уплывам штодзённага лямянту кебічаўскіх СМІ «Такую страну развалили!», магло прагаласаваць толькі за савецкага па сваёй сутнасьці чалавека (прычым абрала самага горшага з усіх магчымых).

Калі ўявіць на хвіліну, што ў Беларусі сёньня адбудуцца свабодныя і дэмакратычныя выбары – асабіста я ні на сэкунду не сумняюся, што большасьць насельніцтва, якое тры дзесяцігодзьдзі апрацоўваецца прарасейскай, антыбеларускай прапагандай, абярэ прэзыдэнтам чалавека па прозьвішчу Безроссиинамнежить.

І такія выбары будуць імгненна прызнаныя Захадам, якому, па вялікім рахунку (не бяру асобныя, рэдкія выпадкі), глыбока начхаць на лёс беларусаў як этнасу. У 1994-м Захад выбары, нагадаю, прызнаў адразу.

Гэты новы цалкам сабе свабодна і дэмакратычна абраны прэзыдэнт, напэўна, створыць спрыяльныя ўмовы для бізнэсу, для IT, увогуле для разьвіцьця эканомікі. Але – з пазыцыяй «Какая разница, какой язык?» (я заўважыў, што аматары гэтай фразы чамусьці нязьменна аддаюць перавагу толькі рускай мове) і «Какая разница, какой флаг?» (прыхільнікі гэтай тэорыі, як мы ведаем, узяўшы ўладу, урэшце катуюць і кідаюць за краты тых, хто захоўвае вернасьць Бел-Чырвона-Беламу Сьцягу.

Бясспрэчна, атрымаюць пэўныя правы і тыя, хто за беларускасьць. Але — толькі ў межах гета. Канешне, гета — лепей, значна лепей, чым расстрэл ці газавыя камэры, — але роўна тое, што калісьці казаў ідэоляг «русского мира» палкоўнік Замяталін: беларуская мова ва ўсіх сфэрах а ні ў якім разе не павінна перавышаць 10%. Практыка сьведчыць, што рэалізацыя гэтай тэорыі лічбу 10 непазьбежна ператварае ў нуль.

Менавіта таму Канстытуцыя-94, без усялякіх лукашысцкіх зьменаў, павінна быць вернутая — як хай і кароткі, але неабходны этап у працэсе вяртаньня народу Беларусі ягоных канстытуцыйных і агульначалавечых правоў. Урэшце — правоў на ўласную беларускую дзяржаву, якой ён дамагаецца ўжо не адно стагодзьдзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(74)