Политика

Навумчык: «Ад палітычных дзеячоў залежыць шмат, але ня ўсё. У пэўныя моманты сваё слова мусіць казаць і грамадзтва»

Палітычны аглядальнік — пра тое, калі ня ўсё залежыць ад палітыкаў.

— 25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет БССР надаў Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статус канстытуцыйнага закону і прыпыніў дзейнасьць КПБ-КПСС, — піша Сяргей Навумчык.

Сяргей Навумчык

Гэта былі рашэньні па-сапраўднаму гістарычныя. Але сёньня, больш як праз тры дзесяцігодзьдзі, усё часьцей гучыць пытаньне: а ці ўсё магчымае было зроблена? І калі ня ўсё, дык хто ў гэтым вінаваты?

Папраўдзе, гісторыкі лічаць разважаньні «Што было б, калі б?..» ненавуковымі і дылетанцкімі. Аднак, тычыцца гэта напалеонаўскіх войнаў, ці падзеяў 1917 году ў Расейскай імпэрыі, ці бліжэйшых да нас, сьведкамі якіх нам самім давялося быць, — размовы пра магчымыя варыянты разьвіцьця тых ці іншых падзеяў не сьціхаюць.

І кожны раз, калі прыгадваецца жнівень 1991-га, хтосьці абавязкова ўзгадае, што тое ці іншае можна было зрабіць інакш, той ці іншы палітык мог дзейнічаць па-іншаму, нешта было зьдзейсьнена своечасова, а нешта — ня зьдзейсьнена зусім.

Такія развагі маюць сэнс і могуць прынесьці карысьць (нягледзячы на вядомую думку, што гісторыя нікога нічому ня вучыць). Адзінае, што павінна быць, як падаецца, абавязковым — прынцып сувымернасьці жаданага і рэальнага.

Іншымі словамі, варта разьмяжоўваць тэзісы: маглі зрабіць, але не зрабілі — гэта адно, а трэба было зрабіць, ды не было рэальных магчымасьцяў — зусім іншае.

Скажам, калі ўзгадаць той жа жнівень 1991-га, у сёньняшняй дэмакратычнай частцы беларускага грамадзтва існуе кансэнсус, што адразу пасьля абвяшчэньня незалежнасьці і прыпыненьня дзейнасьці КПБ-КПСС павінна была адбыцца люстрацыя — як у некаторых краінах Усходняй Эўропы.

Аднак наўрад ці слушна вылучаць прэтэнзіі за яе адсутнасьць дэмакратычным дэпутатам: у Вярхоўным Савеце яны складалі нязначную частку дэпутацкага корпусу. Большасьць жа фармавалася ня проста з асобаў з партбілетамі, але з тых, хто гадамі займаў пасады ў партыйным апараце ці ўваходзіў у кіроўныя партыйныя органы — райкамы, гаркамы, абкамы, нарэшце, ЦК КПБ.

Яны яшчэ маглі прагаласаваць за незалежнасьць і прыпыненьне дзейнасьці партыі, каб утрымацца ў дэпутацкіх крэслах, але галасаваць за пазбаўленьне саміх сябе сродкаў да існаваньня — гэта ўжо было цалкам нерэальна.

Такое не адбылося ні ва Ўкраіне, дзе пазыцыі РУХу былі значна мацнейшыя, чым тыя, што меў БНФ у Беларусі, ні ў Расеі, дзе прэзыдэнтам ужо быў Ельцын, які адкрыта дэкляраваў антыкамуністычныя лёзунгі.

Дзеля таго каб гэта адбылося, на плошчы перад Домам ураду павінны былі зьбірацца не дзясяткі тысяч чалавек, а сотні тысяч. Альбо яшчэ раней, вясной 90-га, на выбарах Вярхоўнага Савету і мясцовых органаў улады беларусы павінны былі больш актыўна і больш рашуча абараняць дэмакратычных кандыдатаў і сваё права на выбар. Тады б расклад у парлямэнце, магчыма, быў бы на карысьць рашучых дэмакратычных рэформаў.

Ад палітычных дзеячоў, бясспрэчна, залежыць шмат, але ня ўсё. У пэўныя моманты, якія потым фіксуюцца гісторыкамі як «вызначальныя», сваё слова мусіць казаць і грамадзтва. А выказваецца яно звычайна адпаведна з узроўнем сваёй нацыянальнай сьвядомасьці і палітычнай культуры.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(68)