Филин

Юлія Кот

Наталля Васілевіч: Няма падстаў лічыць, што пад выглядам духоўнай дапамогі будуць прасоўвацца прапагандысцкія, прарасейскія наратывы

Экспертка — пра тое, чаму медычная дапамога і духоўная падтрымка павінны ісці разам.

У 3-м дзіцячым гарадскім шпіталі Мінска днямі адкрыўся пакой духоўнай дапамогі. Як паведаміла агенцтва «Мінск-Навіны», гэта новы праект Беларускай праваслаўнай царквы.

Удзел у ім бяруць не толькі святары, але і праваслаўныя валанцёры, якія двойчы на тыдзень будуць дапамагаць арганізоўваць вольны час дзяцей і падлеткаў: урокі рукадзелля, настольныя гульні, маляванне, тэматычная літаратура.

Зрэшты, паводле словаў Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, памаліцца за здароўе дзяцей, якія знаходзяцца ў шпіталі, вельмі важна для бацькоў — а таму звяртацца ў пакой духоўнай дапамогі змогуць і маленькія пацыенты лякарні, і бацькі, і медработнікі.

Праўда, не да канца зразумела, на каго такія пакоі ўсё ж разлічаныя: малітоўня і месца пошуку спакою для дарослых ці праваслаўны «палац піянераў», каб дзеці, якія выздараўліваюць, не пачуваліся самотна і маглі сябе заняць.

Ці такая практыка распаўсюджаная ў свеце? Гэта пра лекаванне душы ці пра ідэалагічную апрацоўку з боку БПЦ, якая ў апошнія гады ў значнай ступені сапсавала сабе рэпутацыю? Наогул, ад святароў і валанцёраў у шпіталі больш дапамогі ці перашкоды? Гэтыя пытанні Филин абмеркаваў з тэалагіняй і юрысткай, каардынатаркай Хрысціянскай візіі Наталляй Васілевіч.

Наталля Васілевіч

— Капеланства, духоўная дапамога ў шпіталях — распаўсюджаная і нават стандартная практыка ў дэмакратычных краінах, — тлумачыць багаслоўка. — Хворыя ў лякарнях маюць магчымасць запрасіць альбо псіхолага, альбо святара, паўдзельнічаць у нейкіх абрадах.

У  шмат якіх заходніх шпіталях ёсць капліцы, і яны карыстаюцца досыць вялікай папулярнасцю: можна падчас аперацыі, чакаючы навінаў пра стан блізкіх, памаліццца аб іх, проста адпачыць душой ад перажыванняў — і самі пацыенты таксама могуць наведваць такія ўстановы.

Чалавек, які шмат часу праводзіць у шпіталі, сапраўды мае патрэбу ў псіхалагічнай разрадцы і духоўнай падтрымцы, зазначае Наталля Васілевіч — таму ініцыятывы па такой дапамозе з боку саміх пацыентаў і іх сваякоў, імаверна, будуць запатрабаваныя.

— Безумоўна, найлепей, каб быў тэлефон з нумарамі святароў розных канфесій, якія апякуюцца гэтай лякарняй, і каб хворы ці сваяк мог наўпрост звярнуцца і папрасіць прыйсці для правядзення нейкага абраду ці проста духоўнай размовы, — дадае суразмоўніца.

— Ёсць сярод такіх святароў, дарэчы, і беларусы — напрыклад, айцец Сяргей Стасевіч, святар грэка-каталіцкай царквы ў Лондане, акурат працуе ў вялікім шпіталі. Яму нават плоцяць заробак.

У розных краінах могуць быць варыянты: гэта робіць дзяржава, альбо епарія, альбо сам шпіталь — у Нямеччыне, прыкладам, многія шпіталі належаць каталіцкім ці пратэстанцкім арганізацыям. Бо ў пэўным сэнсе гэта сацыяльная паслуга, якую святар забяспечвае людзям, бывае, што дзяжурыць у лякарні доўгі час…

Капліца ў Лонданскім шпіталі. Усе здымкі Наталлі Васілевіч
Айцец Сяргей Стасевіч

Словам, такая практыка распаўсюджаная і добра арганізаваная. Ёсць нават сходы святароў у шпіталях, яны абменьваюцца досведам, абмяркоўваюць пэўныя рэчы, праходзяць спецыяльнае навучанне, як размаўляць з хворымі, што можна і нельга казаць.

Прыкладам, ёсць правілы, што нельга адгаворваць ад медыцынскіх працэдур. (А такія злоўжыванні бываюць, і ў Мінску ў другім дарослым шпіталі нават былі нараканні з боку кіраўніцтва, што сёстры Свята-Елісавецінскага манастыра адгаворвалі хворых ад удзелу ў пэўных працэдурах).

Духоўная дапамога ў медыцынскай сферы, мяркуе Наталля Васілевіч — рэч вельмі важная, таму яна мусіць рэгулявацца, каб не было маніпуляцый і злоўжыванняў, а людзі, якія знаходзяцца ва ўразлівым стане, атрымлівалі падтрымку.

У мінскім дзіцячым шпіталі, мяркуючы па інфармацыі з адкрытых крыніц, пакой духоўнай дапамогі арганізавала брацтва Яна Багаслова пры Кафедральным саборы.

— Гэтае брацтва ніколі не было заўважана ў палітычнай, прапагандысцкай дзейнасці, — распавядае тэалагіня, — яно аб’ядноўвае маладых людзей, якія хочуць дапамагаць царкве.

Прыкладам, сярод нядаўніх мерапрыемстваў, якое ладзіла брацтва — да Дня роднай мовы яна правялі інтэрактыўную гульню, прысвечаную мове, царкве, рэлігійнай лексіцы ў беларускай мове, цікавым гістарычным і культурным фактам. Таму падазраваць іх у тым, што пад выглядам духоўнай дапамогі будуць прасоўвацца прапагандысцкія, прарасейскія наратывы, я лічу, падстаў няма.

Больш за тое, дадае Наталля Васілевіч, гэтае брацтва сябруе з айцом Раманам Арцёмавым, які з’яўляецца духоўным апекуном мінскага дзіцячага хоспісу і ўжо дасведчаны ў стасунках з хворымі і іх блізкімі. Таму і ў цяперашнім выпадку, падобна, брацтва рэальна спрабуе дапамагчы, а не выступае рупарам ідэй БПЦ.

— На мой погляд, гэта важная справа, якая вядзе да гуманізацыі медычных практык. Бо ёсць нямала нараканняў, што ў Беларусі пацыент часта знаходзіцца ў сітуацыі, калі на яго могуць накрычаць, не ўдзяліць патрэбнай увагі — у многім гэта тлумачыцца нізкімі заробкамі малодшага медычнага персаналу, перагрузкай прафесійных лекараў.

Магчымасць пагутарыць не з медсястрой ці лекарам, адцягваючы іхнюю ўвагу, а са святаром — паскардзіцца яму на жыццё, падзяліцца страхамі і перажываннямі — гэта дапамагае ў стварэнні больш камфортнай унутрышпітальнай атмасферы.

Таму я б вітала гэтую навіну, сярод сённяшніх змрочных падзей яна паказвае, што беларуская грамадзянская супольнасць не знішчана, і ёсць людзі, гатовыя дапамагаць іншым.

Важным, на думку спадарыні Наталлі, ёсць і тое, што ў шпіталі ідуць іншыя актары, спрабуюць аказваць дапамогу:

— Гэта дапамагае адтуль, так бы мовіць, «выкурыць» Свята-Елісавецінскі манастыр, ад якога акурат, па водгуках медыкаў, часам бывае больш шкоды, чым падтрымкі.

Хоць трэба зазначыць, што многія людзі выконвалі служэнне, хадзілі ў шпіталі і дзіцячыя лякарні, у хоспіс, рабілі гэта са шчырым сэрцам і душой, як вядомы ўсім Маляваныч.

І матывуючыся сваёй верай, выдаткоўваючы свой час, сілы і грошы, яны вельмі шмат зрабілі, каб дапамагчы хворым дзецям і дарослым, праз арганізацыю розных мерапрыемстваў зрабіць іх жыццё трошкі лепшым.

Аднак цяпер такія людзі, зарыентаваныя на гуманістычныя ідэалы міласэрнасці, з-за палітыкі манастыра сышлі адтуль. Наколькі мне вядома, цяпер там недахоп валанцёраў, а тыя, хто прыходзіць на вольныя месцы, пэўным чынам ідэалагічна скіраваныя — і гэта стварае небяспеку. Таму альтэрнатыва Свята-Елісавецінскаму манастыру ў гэтай сферы — на мой погляд, рэч вельмі пазітыўная.

Безумоўна, трэба ўдасканальваць і медыцыну. Рэпрэсіі ў гэтай сферы, натуральна, не спрыяюць развіццю. Але гэта дзве тэмы паралельныя, якія павінны ісці разам: прафесійная медычная дапамогі і духоўная падтрымка людзей, якія знаходзяцца ўнутры шпіталя, стварэнне больш чалавечай атмасферы ў ім.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(8)