«Нам, беларусам, трэба пра сябе штосьці даведацца: мы крутыя, і мы не прападзём у любой сітуацыі»

Блогерка Ліза Ветрава — пра тое, чаму важна ведаць сваю гісторыю.

Зорка беларускамоўнага тыктоку Ліза Ветрава стала вядомая праз адукацыйныя відэаролікі, дзе расказвае ў лёгкай форме пра граматыку беларускай мовы, малаўжывальныя словы і маўленчыя сакрэты (у тым ліку, напрыклад, у тэме сэксу па-беларуску).

На беларускую яна перайшла ўлетку 2020-га і ў супрацы з грамадскай кампаніяй «Годна» стала папулярызатаркай мовы, хоць праз гэты актывізм ёй і давялося год таму з’ехаць з краіны.

— Я разумела, што з’еду з Беларусі, проста не ведала калі, — прызнаецца блогерка ў фільме Разорванная Беларусь. — Адкладвала да апошняга. Часам, калі распавядаю сваю гісторыю, нават кажуць, што любыя нармальныя людзі з’ехалі б адразу, а вы, «годнаўскія», яшчэ больш чым паўгады заставаліся.

А перад ад’ездам мы з мужам паехалі па любімых месцах, заадно я развітвалася і з бацькамі, — Нясвіж, Баранавічы, з іхнымі «лодачкамі» — смак дзяцінства.

Нават складана апісаць, што я адчувала. Верагодна, гэта была сумесь роспачы з адчуваннем здрады. Таму што я шчыра, з чыстым сэрцам, рабіла ўсё для Беларусі — і фактычна, мяне адтуль выгналі. Крыўдна, але не я першая, не я апошняя. Хацелася б быць апошняй, але, на жаль, гэта не так.

Ліза расказвае: калі робіш беларускамоўны тыкток, заўсёды трэба трымаць у галаве тысячу і адно правіла бяспекі.

— У мяне быў выпадак: ішлі з сяброўкай, я размаўляла па-беларуску, яна па-расейску, — а за намі вельмі доўга, кіламетры два, ішла міліцыя, і яны прыслухоўваліся, аб чым мы гаворым. Пасля гэтага я старалася, калі бачу міліцыянтаў побач, не размаўляць па-беларуску.

Гэта жах, але зараз мы ў такіх абставінах. І больш за тое, зараз у Беларусі тысячы людзей так працягваюць жыць.

Калі я пачала глыбей вывучаць гісторыю, зразумела, што для беларусаў гэта не першы жах: мы быццам бы па колу праклёну ходзім, і прыкладна кожныя сто гадоў здараецца нешта падобнае. Верагодна, з-за таго, што мы не ведаем сваю гісторыю, яна штучна сціраецца з памяці — з падручнікаў гісторыі, выкрэсліваецца з жыцця.

Беларусь дагэтуль сніцца: мястэчка, моманты, людзі. Я шчыра люблю людзей, хто ў Беларусі, і лічу, што любоў здольная пераадолець усё.

На пытанне пра будучыню і ці няма страху, што па вяртанні ў Беларусь давядзецца пачынаць усё з нуля, Ліза адказвае:

— Я неяк хацела заданаціць 50 еўра, памылілася нулём — заданаціла 500. Перад гэтым у той жа месяц і такім жа чынам памылілася з 20 еўра. І пасля гэтага я ўжо ў гэтым жыцці нічога не баюся. Нам, беларусам, трэба пра сябе штосьці даведацца: мы крутыя, і мы не прападзём у любой сітуацыі. Мы якую **пу перажылі ўжо, перажывем і цяпер.

Мы нават у самыя цяжкія часы ўмеем знаходзіць штосьці добрае. Шмат хто лічыць, быццам прыстасоўвацца — гэта не вельмі добра, але ж прыстасаванне — асноўны з трох рухавікоў эвалюцыі. Таму, можа быць, у мяне і няма сумневу: столькі ўжо было сітуацый, калі здавалася, усё, капец, а ты вяртаешся — ну, усё, пагістэрылі, а зараз будзем рабіць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(24)