Мілінкевіч: «Зло не аглядаецца ні на сваіх людзей, ні на праўду, ні на сваю гістарычную ролю»

Экс-кандыдат у прэзідэнты-2006, пазаштатны дарадца Святланы Ціханоўскай — аб тым, як Беларусь апынулася на мяжы цывілізацый.

Ці застаўся ў нас выбар.

— Ідзе Трэцяя сусветная вайна, — перакананы Аляксандр Мілінкевіч. Аб гэтым ён заявіў на Еўрарадыё. — Многія лічаць, што Сусветная — тады, калі нашу тэрыторыю захапілі.

Але зараз не трэба нават заходзіць акупантам. Вось у Беларусі ідзе знішчэнне ідэнтычнасці, культуры, гісторыі. Відавочна, гэта таксама вайна, ды са страшэннымі наступствамі.

Сусветная вайна — гэта не толькі трагедыя Украіны, дзе праліваецца кроў, гэта яшчэ і тое, што ў іншых рэгіёнах тыя, хто зацікаўлены ў захаванні пастаяннай улады для кантролю за светам, пачынаюць новыя канфлікты.

Гэты і Бліжні Усход, і Венесуэла, і Паўночная Карэя пагражае нешта зрабіць.

Аляксандр Мілінкевіч

Прытым, бачыце, як цвёрда падзяляецца дабро і зло — па каштоўнасцях. З аднаго боку, дыктатары, якія адзін другога падтрымліваюць, хаця могуць і не любіць. З другога боку, аб’ядналася дабро.

Але момантамі дабро і тыя краіны, якія жывуць па каштоўнасцях, прайграюць злу, таму што зло не аглядаецца ні на сваіх людзей, ні на праўду, ні на сваю гістарычную ролю, кім яны застануцца ў гісторыі.

Ім проста важна застацца пры ўладзе і захопліваць, захопліваць, уплываць як можна шырэй. І гэта сур’ёзны іспыт для ўсіх нас.

Палітык упэўнены, што ўсе войны справакаваныя.

— Ёсць аўтары гэтых войнаў. Калі паглядзець на той жа Бліжні Усход, можна ўбачыць Іран. А за ім яшчэ стаіць Масква.

То-бок гэта сетка зла, якая спрабуе змяніць мірапарадак, падпарадкаваць сабе цывілізаваныя краіны, якія вельмі не хочуць ваяваць. Якія, скажам шчыра, страшэнна баяцца ядзернай атакі. І мы таксама баімся.

Але ж трэба нагадаць, што ў гісторыі шмат што паўтараецца. Шкада што чалавек мае такую натуру, кепска вучыцца гісторыі, не робіць высноў.

Сапраўды ідзе барацьба зла з дабром. І, глядзіце, як раскалолася Беларусь. Адна частка людзей хоча нармальна жыць, выбіраць сабе ўладу, прадказальную для іх і іх дзяцей, мець магчымасць адстойваць у судзе сваё права па закону.

Ёсць вялікая частка, якая зараз з’ехала ў эміграцыю. І ёсць невялікая частка, якая падтрымлівае Лукашэнку. Яны па розных прычынах зацікаўлены — ці са страху, ці проста маюць пэўныя выгоды.

Беларусь раскалолася літаральна на мяжы цывілізацыі. Ідзе цывілізацыйная вайна дыктатур з заходнімі дэмакратыямі.

І вось мы як раз аказаліся на мяжы: частка там, дзе дабро і куды мы хацелі б ісці, адкуль мы дарэчы прыйшлі, бо мы еўрапейцы па паходжанні, культуры, адукацыі, традыцыях, а частка хоча захаваць тое, што ёсць, тое, што прыніжае іншых, але дае ім вялікія прывілеі.

Таму мы падзелены, але заўсёды мусім памятаць, што ў нас застаецца выбар нават у самых цяжкіх умовах. І мы павінны працаваць на тое, каб усё ж аказацца там, дзе добра жыць, дзе людзі сумленныя ды законапаслухмяныя. Бо ў беларусаў таксама ёсць такія рысы і пра гэта ўсе кажуць, — заключыў Мілінкевіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.1(19)