«Лукашэнка і Пуцін рыхтуюцца да ваеннага супрацьстаяння з краінамі НАТА, таму Беларусь павінна быць зачышчаная»

Сузаснавальнік BYSOL Андрэй Стрыжак – пра сітуацыю з рэпрэсіямі ў Беларусі.

Прачытаў аналітыку паважанага Генадзя Коршунава і хаджу засмучаны, – піша Стрыжак. – Мне падаецца што мы працуем у нейкай паралельнай рэальнасці, але можа так бо мы па-рознаму разумеем слова «плато»?

Фота Delfi

«Плато» з майго акопа

1) За апошні час госы ні на хвіліну не спынілі рэпрэсіі. У дзень адбываецца прыблізна 10 арыштаў па ўсёй краіне. Гэта пастаянны фон «стабільнасці».

2) Увесь час сілавікі шукаюць і знаходзяць усё новыя групы якія можна шчымануць — архітэктары, дыяспара, сваякі палітвязняў.

Прыкмета часу — буйнамаштабныя карныя аперацыі ў якіх задзейнічаныя розныя сілавыя структуры па ўсёй краіне. Тут бачна пагаршэнне сітуацыі.

3) Лічба прызнаных палітвязняў — гэта лічба прызнаных палітвязняў. Ва ўмовах дыктатуры і страху людзей, яна цалкам не адлюстроўвае ўвесь маштаб рэпрэсій.

Яе дынаміка не адпавядае рэальнай дынаміцы таго што адбываецца з палітвязнямі ўнутры краіны.

Асабліва гэта бачна па тым, што колькасць людзей якія толькі за мяжой пастфактум гатовыя казаць пра свае палітычныя прысуды, расце.

4) Звальненні, выцісканне актыўных людзей за краты і за мяжу, распальванне варожасці і ўзрастанне градуса прапаганды гэта штодзённая практыка беларускага рэжыма.

Адным словам, дынаміка рэпрэсій ідзе на аб’яднанне розных малазвязаных паміж сабой людзей у «злачынныя групы» і правядзенне паказовых працэсаў над імі, рэпрэсіі відазмяняюцца і мадыфікуюцца.

Асноўныя лініі ўдараў

Значна больш высілкаў лукашысты цяпер ускладаюць на супрацьдзеянне актыўнасцям дыяспары — крыміналка за марафон, крыміналка за Народныя Амбасады, серыя правакацый і распальванне літоўска-беларускага канфлікта, вобшукі, арышты і г. д.

Таксама лукашысты спрабуюць абарваць ланцуг салідарнасці і ўзаемадапамогі — прэсінг сваякоў, спроба перерубіць каналы пастачання, спробы ачарнення структур дапамогі.

Высновы і прагноз

Зыходзячы з усяго вышэйсказанага хачу ўдакладніць сваю пазіцыю — вялікая памылка спрабаваць зразумець што адбываецца з рэпрэсіямі выключна па лічбах, якія даюць праваабаронцы.

Гэтыя лічбы чым далей, тым больш складана атрымліваць з краіны, якая паступова закрываецца. Страх замінае людзям камунікаваць з праваабаронцамі і даваць ім дадзеныя пра пераслед.

Для разумення агульнай сітуацыі, трэба арыентавацца на трэнды і рухі, а яны зараз адназначныя. Лукашэнка і Пуцін рыхтуюцца да ваеннага супрацьстаяння з краінамі НАТА і ў логіцы ваеннага супрацьстаянна, Беларусь, як галоўны плацдарм агрэсіі, павінная быць зачышчаная ад «варожых элементаў».

Гэтую задачу дыктатура актыўна і выконвае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.1(14)