Филин

Ірына Марозава

Котаў: «Па сутнасці, Беларускі Чырвоны крыж з’яўляецца працягам беларускага рэжыму»

Палітолаг — пра тое, чым можа скончыцца для беларускай гуманітарнай арганізацыі Z-місія на Данбас.

Шаўцоў з Z-сімволікай на левай руцэ. Скрыншот з відэа sputnik.by

Генеральны сакратар Беларускага Чырвонага крыжа Зміцер Шаўцоў наведаў самаабвешчаную «ДНР». Паводле версіі дзяржСМІ, з гуманітарнай місіяй: перадаў дабрачынную дапамогу ў радзільні і сацыяльныя ўстановы рэгіёна, а таксама «пераканаўся, што дзеці, якія нядаўна адпачывалі ў Беларусі, вярнуліся дадому».

Што адметна, ні на сайце, ні ў афіцыйных сацыяльных сетках БЧК гэтай інфармацыі няма. Як няма і скандальнага відэа, на якім Шаўцоў распавядае пра тое, што нельга падзяляць украінскіх, беларускіх дзяцей і жыхароў Данбасу — стоячы пры гэтым у мілітары-джэмперы з літарай Z, якая стала сімвалам расейскай агрэсіі.

Сам кіраўнік БЧК адмовіўся каментаваць журналістам гэтую сітуацыю. У Міжнародным Чырвоным Крыжы на запыт медыя адказалі, што не ведалі пра гэты візіт і не маюць дачынення да яго арганізацыі.

Зрэшты, прыкладна гэта адказвалі і на ранейшыя прэтэнзіі — калі беларускую структуру пасля падзей 2020-га падазравалі ў саўдзеле ў фальсіфікацыі выбараў у краіне, калі прадстаўнікі арганізацыі адмаўляліся інспектаваць умовы ўтрымання палітвязняў, спасылаючыся на нейтралітэт (пры тым сярод накірункаў дзейнасці Беларускага Чырвонага крыжа наўпрост прапісаная дапамога асуджаным і былым вязням), калі БЧК наўпрост упікнулі ў тым, што трэба аказваць дапамогу, а не імітываць аказанне дапамогі (цікава: паведамленне пра тое, што валанцёры Чырвонага крыжа выходзілі падчас пратэстаў на дзяжурствы «ў месцы масавага збору людзей», на сёння з сайту прыбранае).

Але цяперашняя Z-місія на Данбас, пры ігнараванні сітуацыі ў беларускіх турмах, дзе хварэюць, згасаюць і паміраюць вязні, і рэакцыя на яе галаўной арганізацыі Міжнароднага Чырвонага крыжа выглядаюць асабліва красамоўна. Пра тое, аб чым сведчаць паводзіны абодвух бакоў і чым тлумачыцца такі «выбіральны гуманізм», Филин пагутарыў з палітолагам Анатолем Котавым.

Анатоль Котаў

— Вельмі камфортна прадстаўнікам міжнароднай федэрацыі казаць, што яны не маюць ніякага дачынення да таго, што робіцца на нацыянальным узроўні, — заўважае суразмоўца. — То бок, фармальна структура не мае цэнтралізаванага характару, і Міжнародны Чырвоны крыж і Беларускі — дзве розныя арганізацыі.

Аднак БЧК мусіць адпавядаць пэўным стандартам, і галоўныя сярод іх — гуманнасць, бесстароннасць, незалежнасць, палітычная нейтральнасць і скіраванасць на аказанне медыцынскай дапамогі ўсім пацярпелым, незалежна ад боку канфлікту, палітычных перакананняў, рэлігіі і г.д.

Складана даваць ацэнку паводзінам міжнароднага таварыства, заўважае палітолаг — бо яно можа спаслацца, і ў прынцыпе, робіць гэта, на тое, што беларускі філіял дзейнічае самастойна. А вось наконт самога БЧК усё даволі празрыста і адназначна:

— Нельга сказаць, што ў выпадку Беларусі гэтая арганізацыя мае нейкі непалітычны статус.

Па-першае, не адзін год падчас так званых выбараў выкарыстоўваецца аўтарытэт арганізацыі, чальцы БЧК — рэгулярныя ўдзельнікі назірання за фальсіфікацыямі, і ніколі ад іх заўваг не было.

Па-другое, 2020 год паказаў поўную дысфункцыянальнасць гэтай структуры ў дачыненні да прамой місіі — аказання дапамогі. Засланяцца тым, што іх могуць дапусціць у турмы толькі са згоды ўладаў, і не рабіць нічога — фактычна, гэта адказ на пытанне, ці з’яўляецца гэта арганізацыя незалежнай ад дзяржавы.

І калі б яны проста не патрапілі ў турмы, не прыкладалі намаганняў — адна справа. Другая, што ў 2020 годзе БЧК збіраў гуманітарную дапамогу, як паведамлялася, на патрэбы тых, хто пацярпеў у выніку масавых пратэстаў, але чамусьці большая частка яе трапіла да міліцыі.

(У гадавой справаздачы за 2020 паведамляецца, што сродкі гігіены, вада, прадукты, кнігі, адзенне і абутак былі перададзеныя затрыманым у 35 ІЧУ, ЦІП і СІЗА №1 Мінска, аднак няма ніякіх пацверджанняў, што рэчы наогул дайшлі да людзей — Ф). І гэта яшчэ адно пацверджанне, што ніякай нейтральнасці ў іх няма.

Сёлетняя паездка на Данбас, дадае Анатоль Котаў, фактычна паказвае, на чыім баку выступае нібыта незалежны і бесстаронні Беларускі Чырвоны крыж, а літарка Z яскрава адлюстроўвае пазіцыю генеральнага сакратара гэтай арганізацыі.

— Яны не нейтральныя ў выкананні сваёй місіі ані да ўласных суграмадзян, ані да грамадзян Украіны ва ўмовах вайны супраць яе. Па сутнасці, БЧК з’яўляецца працягам беларускага рэжыму і выконвае тое, што адпавядае ягонай палітыцы.

Ёсць пэўная надзея, што гэты апошні скандал будзе насамрэч апошнім, і Міжнародны Чырвоны крыж усё ж такі прыме пэўныя захады, каб пазбавіць Беларусь членства ў аб’яднанні нацыянальных арганізацый.

За гэтым будзе таксама цягнуцца і немагчымасць выкарыстання сімволікі міжнароднага таварыства, што мае, мабыць, сімвалічнае, але таксама вельмі важнае значэнне. Бо злоўжыванне сімволікай міжнароднай арганізацыі падводзіць грамадскасць да думкі, нібыта гэтыя дзеянні і пазіцыі падтрымліваюцца на міжнародным узроўні.

Трэба адзначыць, што такая пастава БЧК прыводзіць таксама да дэматывацыі валанцёраў, якія прыходзяць нібыта ў добрую структуру, якая мае добрыя мэты. Яны шчыра жадаюць дапамагаць, а насамрэч трапляюць у прыдатак рэжыму. Адначасова гэта і знявага валанцёрства на карысць Чырвонага крыжа і на міжнародным узроўні.

Не забудземся і на тое, што Чырвоны крыж з’яўляецца адной з тых арганізацый, якая дэ-факта прымусова збірае грошы з беларускага грамадства — на прадпрыемствах, у навучальных установах, — такая невялікая вішанька на торціку.

У дадзеным выпадку, падкрэслівае палітолаг, большая рашучасць з боку Міжнароднага Чырвонага крыжа і публічнае артыкуляванне ягонай пазіцыі, — не проста сімвалічная «заклапочанасць», а насамрэч сур’ёзны крок, бо ва ўмовах вайны ва Украіне дзейнасць структуры і без таго падвяргаецца небеспадстаўнай крытыцы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(31)