Кобец: «Падтрымка атмасферы тэрору — галоўнае, што ратуе іх уладу»

Выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра ISANS — пра агентаў з Польшчы, пра якіх казаў Лукашэнка на нарадзе з кіраўнікамі разведак СНД.

— Гэтая размова пра агентаў — працяг таго, што адбылося ў 2020 годзе, калі беларускі народ ясна заявіў пра свае памкненні і паспрабаваў змяніць правілы гульні ў Беларусі, — кажа Уладзіслаў Кобец у эфіры Еўрарадыё.

Лукашэнка распачаў тэрор, і ён працягваецца штодня — ім вельмі хочацца перагарнуць старонку. Наперадзе так званы адзіны дзень галасавання, праз год прэзідэнцкія выбары, і яны вельмі хочуць, каб старонка з пратэстамі была закрыта.

А гэта, дадае Кобец, можна дасягнуць толькі трымаючы краіну ў страху.

— І ўсе гэтыя тэмы з тэрарыстычнымі групамі… Экстрэмісцкай на сёння названа фактычна любая актыўнасць… За кратамі сядзіць Нобелеўскі лаўрэат, лідары партый — самі партыі знішчаны і забаронены, і тут нам кажуць пра нейкія выбары.

Усё крыміналізавана — любая актыўнасць падлягае па іх паняццем крыміналізацыі. І падтрымка атмасферы тэрору — гэта на сёння галоўнае, што ратуе іх уладу.

Яны не могуць спыніцца. Нельга сказаць, што ты ў сваім раёне вычысціў усіх «экстрэмістаў» і ў цябе нарэшце ўсе за рэжым, бо табе скажуць: «Ты што там, сабатуеш? Працаваць не хочаш?». Гэта тое, што было ў сталінскія часы, нацыстскай Нямеччыне.

Немагчыма спыніцца, запушчаны механізм, які ў рэшце рэшт забівае тых, хто яго ініцыяваў, мы гэта ведаем з гісторыі.

Пры гэтым яны валодаюць інфармацыяй, якая ёсць і ў нас, па настроях у грамадстве. Яны не кантралююць думкі людзей, большасць беларусаў абвяргае гэтую ўладу, яшчэ больш людзей супраць удзелу Беларусі ў вайне.

Эксперт таксама лічыць, што зараз адбываецца фармаванне блока тыраніі па лініі Масква-Пекін, куды таксама ўключаны Іран і іншыя краіны. Сёння яны імкнуцца стварыць антызаходні саюз — эканамічны, палітычны, вайсковы.

— І ў бліжэйшыя часы мы будзем назіраць менавіта гэтую дынаміку: яны будуць рабіць агульны рынак, паспрабуюць зрабіць эканамічную і палітычную альтэрнатыву Захаду. Лукашэнка пра гэта і кажа, што раней быў двупалярны свет, і задача — яго вярнуць, трымаючы ўладу нелегітымна, на тэроры, і спрабуючы змяніць новае пакаленне беларусаў.

Мы ведаем, што ўжо больш за год у беларускай адукацыйнай сістэме адбываецца катастрофа. Знішчаецца беларуская ідэнтычнасць, гісторыя — 700 гадоў гісторыі выкінута з падручнікаў. Быццам малпы злезлі з дрэваў і адразу стварылася Саюзная дзяржава з Расіяй.

Назваць гэта трывалым развіццём немагчыма. Вайсковая эканоміка не вечная.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(32)