Политика

Галіна Кудрук

Класкоўскі: «У Беларусі будзе першая электаральная кампанія без апазіцыйных кандыдатаў»

Ці знойдуцца «камікадзэ» паўдзельнічаць у «выбарах»?

Адзіны дзень галасавання у Беларусі пройдзе 25 лютага 2024 года, а на працягу 60 дзён пасля гэтага адбудзецца Усебеларускі народны сход.

Аляксандр Лукашэнка даручыў нованазначаным кіраўнікам шэрага райвыканкамаў актыўна ўключыцца ў электаральную кампанію і актыўна агітаваць за праўладных кандыдатаў.

— Впереди крупные электоральные кампании, где идеологическая составляющая имеет первостепенное значение. Работайте, думайте, кто будет представлять вас в парламенте, Всебелорусском народном собрании. Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы сейчас, знаете, такими целомудренными себя представляли, над нами бы просто смеялись, — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба.

У гэтай сувязі ўзнікае пытанне: ці сапраўды хтосьці з апазіцыйных кандыдатаў рашыцца вылучацца на парламенцкія і мясцовыя выбары, улічваючы той маштаб рэпрэсій, які адбываецца ў краіне.

Палітычны аглядальнік праекта «Позірк» Аляксандр Класкоўскі не выключае, што, магчыма, знойдуцца нейкія дзівакі, якія выйдуць з альтэрнатыўнай праграмай, але «масавага з’яўлення камікадзэ не будзе».

— На мой погляд, гэта стане ў Беларусі першая электаральная кампанія без апазіцыйных кандыдатаў, — адзначае ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» Аляксандр Класкоўскі — Улада стварыла такую сітуацыю, калі любая яе крытыка аўтаматычна падпадае пад крымінальны артыкул. Большасць людзей, якія нязгодныя з пазіцыяй ўлады, разумеюць, што тут няма ніякіх шанцаў, таму няма сэнсу ставіць сябе пад удар.

Аляксандр Класкоўскі

На яго думку, толькі замежныя штабы апазіцыі спрабуюць вылучаць ідэі.

— Асноўная ў тым, што варта арганізаваць альтэрнатыўныя выбары ў Каардынацыйную раду. Так яно і будзе. Гэтыя выбары пераважаць у парадку дня тых людзей, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі. Але людзі ўнутры краіны у большасці сваёй нават не рызыкнуць на нейкай віртуальнай платформе галасаваць за альтэрнатыўны парламент. Баяцца, што ГУБАЗІК створыць фальшывы бот, — тлумачыць палітычны аглядальнік.

Аляксандр Класкоўскі лічыць, што шансы ў альтэрнатыўных кандыдатаў з’явяцца толькі пры змене геапалітычнай сітуацыі: калі Украіна пачне перамагаць у вайне, Расія захістаецца, а рэжым Лукашэнкі пачне адчуваць сябе няўтульна.

Ці магчыма з’яўленне падстаўной апазіцыі?

— Бачна і сёння, што нейкія актывісты шарудзяць па нейкіх мясцовых праблемах. Кшталту ў краму не завезлі тавар, недзе завысілі кошт і іншае. Рыторыка праўладных кандыдатаў будзе ісці крытыкай вось такіх праблем на такім узроўні. Я думаю гэта максімум, на які пойдуць улады.  

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(45)