Филин

Юлія Кот

Класкоўскі: «Сістэма цяпер у такой фазе, што ёй патрэбны вобраз ворага»

Палітычны аналітык — пра рэжымную мітусню вакол «адзінага дня галасавання».

У Беларусі для аховы выбарчых участкаў прыцягнуць студэнтаў ведамасных ВНУ, дружыннікаў і ветэранскія арганізацыі сілавікоў. Пра гэта распавёў начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Аляксандр Купчэня.

Чаму ўлады робяць з электаральнай кампаніі фарс і нагнятаюць уяўныя пагрозы — умацоўваюць у прыхільнікаў рэжыму вобраз «аточанай крэпасці», запалохваюць апанентаў альбо ўсё яшчэ адчуваюць рэха траўмы, атрыманай у 2020-м?

— Думаю, гэтыя сутаргавыя дзеянні ўладаў перад так званым «адзіным днём галасавання» — найперш рэха падзей 2020 года, — зазначае ў каментары Филину палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі.

Аляксандр Класкоўскі

— Бо тады быў вялікі пярэпалах для рэжыму: такога выбуху палітычнай актыўнасці не чакалі. І апёкшыся тады, дзьмухаюць на ваду.

Часам тэма падрыхтоўкі да «выбараў» гучыць у вуснах афіцыйных асоб на мяжы істэрыі. Хоць аб’ектыўна прычын для падобнага псіхозу няма, а інакш тое, што адбываецца, не назавеш — калі начальнік авіяцыі кажа, што будуць цывільныя самалёты збіваць, такое нават цяжка каментаваць.

Прытым, нагадвае аналітык, дэмакратычныя сілы са свайго боку не прапанавалі ніякай контрстратэгіі (у 2022 годзе падчас абвешчанага ўладамі рэферэндуму дэмсілы прапаноўвалі ставіць два крыжыкі і такім чынам псаваць бюлетэні, аднак збольшага пратэсты і пікеты адбыліся з-за таго, што некалькімі днямі раней пачалася агрэсія супраць Украіны).

— Цяпер Святлана Ціханоўская і яе паплечнікі заклікаюць ігнараваць гэтыя выбары, высмейваюць і называюць іх «бязвыбарамі». Хоць, шчыра кажучы, і дэмакратычныя сілы правалілі сваю альтэрнатыўную кампанію па выбарах у Каардынацыйную Раду, а гэтымі днямі акурат сыходзіць тэрмін паўнамоцтваў папярэдняга склікання, — гаворыць Аляксандр Класкоўскі.

— Тэма альтэрнатыўных выбараў не выклікала вялікай цікавасці, а зараз і ўвогуле заглухла, што не робіць гонару дэмакратычным сілам. Але таму ў беларускіх уладаў тым болей няма падстаў трывожыцца, што «пятая калона» зладзіць нейкія небяспечныя для рэжыму актыўнасці. Тым не менш, як мы бачым, ідзе нагнятанне атмасферы.

Сярод прычын гэтага нагнятання, на думку аналітыка, акрамя наступстваў 2020 года, ёсць і свядомае раскручванне тэмы:

— Аляксандр Лукашэнка ўздымае яе фактычна на кожнай нарадзе. Бо ён ужо рыхтуецца да выбараў 2025 года і пачаў, так бы мовіць, «разаграваць» чыноўніцкі апарат, сілавікоў і бутафорскі актыў — усе гэтыя БРСМ, ФПБ, тых, хто імітуе падтрымку ўлады знізу.

Таму згадваюцца і дружыннікі, пенсіянеры з ліку сілавікоў унутраных войскаў, якія нібыта гатовыя стаць на абарону ўладаў — такая дэманстрацыя рэжыму патрэбная, і ён задае імпульс, каб трымаць адпаведныя структуры ў тонусе. То бок, ідзе такі трэнінг перад выбарамі 2025 года, і ўсе захады бяспекі робяцца з вялікім запасам.

І яшчэ адзін складнік, пра які трэба памятаць — прапагандысцкі кампанент. Сістэма цяпер у такой фазе, што ёй патрэбны, як і любой дыктатуры, вобраз ворага, стварэнне атмасферы аточанай крэпасці.

Гэта нібыта апраўдвае далейшае закручванне гаек і абмежаванне правоў грамадзян, кшталту адсутнасці фіранак на кабінках для галасавання, забароны на фатаграфаванне бюлетэняў, прысутнасці на кожным участку процьмы міліцыі, дружыннікаў, усталяваных «трывожных кнопак», каб у выпадку чаго атрад хуткага рэагавання прымчаўся. Маўляў, ворагі не дрэмлюць, так што і мы павінны быць гатовыя і ўзброеныя, каб адбіваць нейкія правакацыі.

Аднак падобная нервовая рэакцыя і сутаргавая мітусня вакол «выбараў», канстатуе Аляксандр Класкоўскі, дэманструе роўна адваротнае: насуперак рытарычным заявам пра поўную перамогу, разгром апазіцыі і «збеглых», якія нічога не могуць зрабіць з-за мяжы, вярхушка рэжыму ўсё ж не адчувае спакою і ўпэўненасці.

Таму іншым разам у прамовах Лукашэнкі прарываюцца згадкі пра «патаемных БЧБ-шнікаў», хто «схаваўся пад плінтусам» — адсутнасць зваротнай сувязі з грамадствам выклікае мандраж, і ўвесь час точыць чарвячок сумневаў: усё ж, мусіць, вялікая частка грамадства нелаяльная і чакае пэўнага моманту, каб выйсці і пачаць дзейнічаць.

Зрэшты, згадаем: і ў адносна ліберальныя часы выбары ў парламент, а тым больш мясцовыя саветы не выклікалі вялікай цікавасці ў беларускіх выбаршчыкаў: людзі не стаялі ў чэргах, каб аддаць свае галасы, апазіцыя, хоць і адзначала выбары як сфальшаваныя, не абвяшчала акцый пратэсту. Усім было зразумела, гаворыць Аляксандр Класкоўскі, што на выбарах у Палату прадстаўнікоў уладу ў Беларусі не зменіш, — і з гэтага гледзішча цяперашняя перастрахоўка таксама выглядае цалкам неадэкватнай.

Таму, хоць па традыцыі і дзеля карцінкі ўлады імаверна ўключаць адміністрацыйны рэсурс, зганяючы на ўчасткі залежныя катэгорыі людзей, ад салдат да бюджэтнікаў, вялікага наплыву выбаршчыкаў чакаць не выпадае:

— Думаю, праз вялікія настроі абсэнтэізму, калі ў разуменні людзей рэжым зацэментаваў сітуацыю, многія палічаць за лепшае проста паляжаць на канапе ці заняцца сваімі справамі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(27)