Филин

Юлія Кот

Класкоўскі: «Цалкам слушныя тэзы, што Беларусь без Еўропы загіне, Расія яе паглыне. Але як гэтаму перашкодзіць, як адарваць Беларусь ад імперыі?»

Палітычны аглядальнік — пра выклік, які стаіць сёння перад дэмсіламі і заходнімі партнёрамі.

Пакуль афіцыйны Мінск бавіў доўгія выходныя і адзначаў угодкі Кастрычніцкай рэвалюцыі, па-за межамі краіны адбылося адразу некалькі падзей, звязаных з беларусамі і Беларуссю.

Швецыя прызначыла спецпрадстаўніка, адказнага за сувязь з дэмакратычнымі сіламі і працу з беларусамі ў выгнанні, супрацоўніцтва з дэмсіламі — гэта былая амбасадарка Швецыі ў РБ Крысціна Юханесон. Раней сваіх дыпламатаў на аналагічныя пасады прызначылі Літва, Польшча, Эстонія і Францыя.

А ў нямецкім Бундэстагу ўпершыню прайшла сустрэча альянса парламенцкіх груп «За дэмакратычную Беларусь» (на сёння такія існуюць ужо ў 22 краінах).

Гэта сімвалічныя жэсты ці важныя крокі еўрапейцаў у супрацы з Беларуссю? Бнларускае пытанне зноў актуалізуецца ў еўрапейскай павестцы? Які рэальны плён мае ці можа прынесці такі фармат? Гэтыя пытанні Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам праекту Позірк Аляксандрам Класкоўскім.

«Усё ўпіраецца ў магчымасць, імавернасць і ступень аддаленасці перамен у Беларусі»

— Прызначэнні спецпрадстаўнікоў — падаецца, добры знак таго, што заходнія краіны хочуць супрацоўнічаць з Беларуссю, і што гэта не лукашэнкаўская Беларусь, што б ён ні казаў пра «аднаўленне стасункаў». Але наколькі ўдалы гэта фармат у сэнсе перспектыў, рэальных вынікаў?

— Сапраўды, ва ўмовах, калі беларускія ўлады ўвайшлі ў жорсткую канфрантацыю з так званым «калектыўным Захадам», прызначэнне спецпрадстаўнікоў уяўляецца заканамерным, лагічным, хаця і змушаным працэсам. Бо, натуральна, прызначэнне амбасадара найперш у тым, каб працаваць у краіне перабывання.

Але сёння нават перабываць у Беларусі многія дыпламаты не могуць. Па-першае, таму, што іх краіны не прызналі вынікі выбараў 2020 года, бо тыя, паводле іх высноў, былі сфальшаваныя, і таму не хочуць уручаць нелегітымнаму кіраўніку даверчыя лісты.

Тут, вядома, ёсць выключэнні — у свой час амбасадарка Швейцарыі ўручала даверчыя лісты Лукашэнку, але Швейцарыя не ўваходзіць у ЕС, да таго ж дэмакратычныя краіны цэняць кожнага свайго грамадзяніна, і гэты крок у значнай ступені, відаць, быў зроблены дзеля вызвалення палітзняволенай Наталлі Хершэ.

І нядаўна амбасадарка Венгрыі ўручыла Лукашэнку даверчыя лісты. Аднак Будапешт увогуле вядзе, мякка кажучы, асаблівую, прарасійскую палітыку ў Еўразвязе — адсюль усе ягоныя гульні. Але ж большасць амбасадараў еўрапейскіх краін не ўручалі даверчыя лісты Лукашэнку, і гэта першы вялікі бар’ер.

А з іншага боку, і афіцыйны Мінск вядзе варожую палітыку. Можна згадаць, як у маі 2021 года ўсю латвійскую амбасаду выкінулі з Беларусі за тое, што ў Рызе падчас чэмпіянату свету па хакеі быў узняты бел-чырвона-белы сцяг.

Тых дыпламатаў, хто цяпер працуе ў Беларусі — іх вобмаль, бо штаты дыпламатычных місій вельмі моцна скарочаныя, — проста прэсінгуюць. Нядаўні прыклад: калі яны наведвалі Курапаты, на іх накінуліся прапагандысты, не даючы ступіць кроку…

Таму, зазначае аналітык, і ў Беларусі замежным дыпламатам працаваць цяжка, і па-за межамі краіны функцыянал спецпрадстаўнікоў таксама абмежаваны. Яны робяць тое, што могуць — у прыватнасці, спецпрадстаўнік Польшчы, экс-пасол у РБ Артур Міхальскі актыўна ўдзельнічае ў розных імпрэзах, прасоўвае і каментуе беларускую тэму. Але гэта ў лепшым выпадку дапамагае трымаць беларускае пытанне на еўрапейскім парадку дня і спрыяе ў вырашэнні праблем палітычнай эміграцыі.

— Гэтая праца таксама патрэбная, але ва ўмовах, калі працягваецца глухая канфрантацыя паміж афіцыйным Мінскам і тымі краінамі, якія ён называе «недружалюбнымі», спадзявацца на нейкія прарывы не выпадае, — рэзюмуе Аляксандр Класкоўскі. —Так ці іначай усё ўпіраецца ў магчымасць, імавернасць і ступень аддаленасці нейкіх перамен у Беларусі.

«Мы маем сітуацыю, калі вышэй за пояс не скочыш»

— Еўрапейскія дыпламаты і самі прызнаюць, што паўплываць на гэты працэс складана, рычагоў уздзеяння на беларускі рэжым у іх фактычна няма. Тады ў чым практычны сэнс, скажам, нядаўняй сустрэчы альянса парламенцкіх груп «За дэмакратычную Беларусь» са Святланай Ціханоўскай?

Канешне, прагучалі вельмі матывуючыя і натхняльныя словы пра падтрымку беларусаў і еўрапейскую перспектыву, але што далей?

— Хачу нагадаць, што Анатоль Лябедзька, які цяпер працуе ў камандзе Ціханоўскай, яшчэ задоўга да 2020 года, калі ў Беларусі вяла рэй так званая «старая апазіцыя», ствараў групы сяброў Беларусі ў розных еўрапейскіх парламентах.

Нейкія мерапрыемствы яны ладзілі, але, груба кажучы, гэтыя групы сяброў не дапамаглі дэмакратызаваць Беларусь, зваліць рэжым Лукашэнкі. Бо ўсё, зноў жа, залежыць ад унутраных чыннікаў — патэнцыялу дэмакратычных сіл (а да 2020 года ён быў вельмі абмежаваны), настрояў грамадства і ступені моцы рэжыму, які ўсё больш абапіраецца на Маскву.

І цяпер мы зноў маем сітуацыю, калі вышэй за пояс не скочыш. Дзейнасць парламенцкіх груп патрэбная, і гэта лагічны працэс — чым шырэйшая будзе гэта сетка, тым болей эфектыўна можна будзе вырашаць шэраг праблем. Але ж істотна ўплываць на сітуацыю ўнутры нашай краіны ні спецпрадстаўнікі, аб якіх мы ўжо казалі, ні групы «За дэмакратычную Беларусь» не могуць.

Аналітык прыводзіць прыклад: яшчэ ў 2020 годзе такая група была створаная ў Вярхоўнай Радзе Украіны. Парламентарыі ініцыявалі шэраг праектаў пастаноў, але яны — напрыклад, прапанова прызнаць Беларусь краінай-агрэсарам, прызнаць яе ж акупаванай краінай — павіслі ў паветры.

Навесці масты з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім і ягоным атачэннем у беларускіх дэмсіл праз гэтую групу таксама не атрымалася, і агулам дзеянні афіцыйнага Кіева ў духу realpolitik на беларускім кірунку пераважаюць над дэпутацкімі ініцыятывамі і памкненнямі дапамагчы дэмакратызацыі Беларусі.

— У Ціханоўскай у Берліне была вельмі правільная прамова, яна выдатна расставіла акцэнты — трэба аддаць належнае, і сама яна значна прасунулася ў сваім палітычным сталенні, і каманда, спічрайтары добра працуюць. Маю на ўвазе думку, што калі б у 2020-м у Беларусі перамагла мірная рэвалюцыя, то, магчыма, не было б вайны ва Украіне. Тэарэтычна — правільна, але да каго гэта пытанне?

Гэта толькі Лукашэнка палохае, маўляў, калі б «пятая калона» тады ўзяла ўладу, то была б ужо сусветная ядзерная вайна. Насамрэч у 2020-м аб’ектыўна не было стратэгіі ў тых, хто выступаў альтэрнатывай Лукашэнку — ані рэалістычнага плана, як скарыстаць вулічную актыўнасць, ані «баявога кулака», у той час як Пуцін трымаў свой рэзерв на мяжы з Беларуссю.

Таму сітуацыя выглядала драматычнай і, магчыма, была нават фатальнай: з вялікай імавернасцю ў кожным выпадку той парыў беларусаў да свабоды быў асуджаны на паразу. У прыватнасці — праз расійскі, імперскі фактар. Масква заўжды трымалася і будзе моцна трымацца за стратэгічны беларускі плацдарм.

Таму — цалкам слушныя тэзы, што Беларусь без Еўропы загіне, Расія яе паглыне. Але як гэтаму перашкодзіць, як адарваць Беларусі ад імперыі? Кладучы руку на сэрца, і сацыялогія паказвае, што на сёння зусім не большасць беларусаў за ўступленне ў Еўразвяз, а пра НАТО і згадваць не варта.

Расійская прапаганда, запалоханае грамадства — усё гэта так, але ж як пераадолець свінцовы груз фатальных акалічнасцяў? На гэтыя пытанні пераканаўчых адказаў няма.

Няма і адказаў, як вырашыць нават пытанне палітвязняў. Шэфства, якое еўрапейскія парламентарыі бяруць над беларускімі зняволенымі, акцыі ў падтрымку — гэта выглядае ў значнай ступені фармальна.

Якое можа быць шэфства, калі нават лісты да палітвязняў не даходзяць, калі іх трымаюць у інфармацыйным вакууме, а пра палягчэнне ўмоў і вызваленне нават гаворкі няма?

Ні дэмсілы, ні заходнія іх партнёры ў гэтым пытанні таксама вышэй за пояс скочыць не могуць.

«Трэба разглядаць веер магчымых сцэнароў»

Больш за тое, мяркуе Аляксандр Класкоўскі, цяпер сітуацыя ў сэнсе спадзеваў на дэмакратычныя перамены робіцца яшчэ больш складанай. Украінскі наступ ідзе далёка не так хутка, як таго хацелася б найперш самім украінцам (нават галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны зазначае, што вайна фактычна стала пазіцыйнай і можна зацягнуцца на доўгія гады).

Пачаліся размовы пра неабходнасць выбараў ва Украіне, на Захадзе з’яўляюцца сімптомы стомленасці ад гэтай вайны, перацягвае на сябе ўвагу і рэсурсы канфлікт на Блізкім Усходзе. І беларускае пытанне адыходзіць на перыферыю, а чаканае «вакно магчымасцей» для беларусаў выглядае ўсё больш невідавочнай перспектывай.

— Таму дэмакратычным сілам і заходнім палітыкам трэба думаць над больш рэалістычнымі фармулёўкамі. Гэта вялікі выклік, бо трэба казаць шчыра, не размазваць ружовыя мары па талерцы. Падстаў для аптымістычнай рыторыкі становіцца ўсё меней, — падкрэслівае аналітык. — Натуральна, у мяне таксама няма нейкай цудадзейнай формулы.

Адзінае, што магу сказаць — крот гісторыі капае хоць і ціха, але няўмольна. Вось беларускі рэжым днямі адзначаў гадавіну так званага Вялікага Кастрычніка, і сёння гэта выглядае анахранічна, як суцэльны трэш, хоць яшчэ напачатку 80-х здавалася, што Савецкі Саюз пабудаваны на стагоддзі. Але ён вельмі хутка разваліўся.

Рэжымы Пуціна і Лукашэнкі, якія на сёння яшчэ маюць запас трываласці, могуць таксама разваліцца дастаткова хутка, бо сітуацыя ў свеце і ў рэгіёне вельмі дынамічная.

Але, паўтаруся, гэта не падстава для неабгрунтаванага аптымізму, генеравання шапказакідальніцкіх ілюзій — трэба прызнаваць усю складанасць сітуацыі, разглядаць веер магчымых сцэнароў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(17)