Филин

Яна Сакалова

Кірылюк: «Калі прымуць гэтыя змены ў заканадаўстве, пачнецца віток рэпрэсій яшчэ супраць адной неабароненай катэгорыі насельніцтва»

Юрыст Народнага Антыкрызіснага Кіравання Міхаіл Кірылюк — пра тое, да якіх наступстваў прывядуць штрафы за «прапаганду» ЛГБТК+ і «свядомай бяздзетнасці».

Аб’яднанне былых сілавікоў BELPOL праз свае крыніцы даведалася пра тое, што сілавыя структуры падрыхтавалі змены ў заканадаўства, якія прадугледжваюць адміністратыўную адказнасць за прапаганду «нетрадыцыйных» сексуальных стасункаў і «свядомай бяздзетнасці».

За распаўсюд інфармацыі, накіраванай на фарміраванне прывабнасці «нетрадыцыйных» сексуальных стасункаў ці той, якая выклікае інтарэс да такіх стасункаў, будуць штрафаваць на суму да 200 базавых велічынь (7400 рублёў) у залежнасці ад спосабу яе распаўсюду.

Аналагічнае адміністратыўнае пакаранне плануецца ўвесці і за папулярызацыю ў любой форме поглядаў ці заклікаў у мэтах узнікнення у канкрэтных асобаў ці нявызначанага колу грамадзян прыхільнасці да свядомай адмовы ад нараджэння дзяцей.

Филин абмеркаваў з юрыстам НАК Міхаілам Кірылюком магчымыя змены ў заканадаўстве і як яны паўплываюць на сітуацыю ў грамадстве.

Міхаіл Кірылюк

— Агучаныя BELPOL змены быццам бы інсайд, у якога няма пацверджання, але гэта цалкам магчыма, таму што на практыцы мы бачым шмат прыкладаў.  Калі беларус трапляе за краты і там выкрываецца, што ў яго гомасексуальная арыентацыя ці нейкія іншыя сексуальныя патрэбы, ён у турме будзе ў вельмі дрэнным становішчы.

І самі сілавікі прытрымліваюцца гамафобнай рыторыкі, прымушаюць людзей да камінгаўтаў, шэймяць іх, вымушаюць выбачацца за гэта і такім чынам прыніжаюць. То бок ёсць падстава для таго, што гэты інсайд акажацца праўдзівым.

Для чаго ўлады робяць гэта? Мяркую, па некалькіх прычынах. Адна з іх —  сінхранізацыя заканадаўства з Расіяй. Беларускія ўлады часта дэкларуюць, што Расія для нас узор.

Пуцін і Лукашэнка пазіцыянуюць сябе на палітычным полі як ахоўнікі традыцыйных каштоўнасцяў. Пад традыцыйнымі маюцца на ўвазе хрысціянскія каштоўнасці — маўляў, мы абараняем сям’ю, а на Захадзе —распуста і оргіі.

Як мы бачым, гэта дакладна працуе на нейкую катэгорыю людзей, якія вераць гэтай прапагандзе.

Я лічу гэтае пазіцыянаванне несумленнай падменай. Калі вы паглядзіце колькасць разводаў на Захадзе, колькасць дзяцей, якіх усынаўляюць у Еўропе і ЗША, колькасць абортаў, то ўбачыце, што гэта вельмі дрэнная спроба паказаць усяму свету, быццам бы ў Беларусі нейкі аплот традыцыйных каштоўнасцяў.

Да чаго гэта могуць прывесці ўзгаданыя змены ў заканадаўстве? Мяркую, гэта спроба падзяліць грамадства штучна, быццам бы вось там ворагі, а тут мы.

Яны жадаюць зрабіць такое супрацьстаянне: вось артадаксальныя Лукашэнка і Пуцін, а з іншага боку —  разбэшчаны Захад і ЛГБТК+. Але на самой справе гэта не так.

У хрысціян будзе больш адзінства з прыгнечанымі прадстаўнікамі ЛГБТК+, якіх збіваюць у турме, чым з лукашэнкаўскім АМАПам, таму што гэта частка рэлігіі, сімвалам якой стаў богачалавек, як ахвяраваў сваім жыццём дзеля людзей.

Тут натуральным чынам будзе выступаць за любых прыніжаных людзей, якіх катуюць, і ніколі не быць на баку таго, хто катуе. Вось выступіў пастар пратэстанцкай царквы Ганчарэнка супраць катаванняў — яго царкву знеслі бульдозерам у Мінску, ліквідавалі ўстанову праз суд. І што, гэта зроблена для абароны людзей ад гомасексуалаў і ад хрысціян?

Таму мне здаецца, што такая спроба падзелу грамадства, калі і будзе мець поспех, то толькі вельмі часовы.

Што да адпаведнасці Канстытуцыі, правы, запісаныя там, беларускія ўлады ўспрымаюць як маскіровачны касцюм, які дазваляе больш людзей пазабіваць. Зразумела, яны ўспрымаюць законы як інструмент.

Напрыклад, калі вы вядзеце бізнес з арабскай краінай, дзе жанчыны пакрываюць галаву, вы папросіце свайго сакратара пакрыць галаву. Трэба рабіць бізнес з Еўропай, трэба нешта там прадаваць —  нафту, газ, трэба, каб у нас у Канстытуцыі было такое запісана, бо калі не будзе запісана, яны не будуць гэта купляць. У іх ніякага дысанансу не ўзнікае: што напісанае павінна адпавядаць рэчаіснасці.

Спадзяюся, канешне, што такі закон не прымуць. Бо калі яго прымуць, пачнецца віток рэпрэсій яшчэ супраць адной неабароненай катэгорыі насельніцтва.

— Калі гэтыя змены ўсё ж прымуць, ці будзе лічыцца прапагандай з пункту гледжання ўладаў камінгаўт гомасексуала ў медыях ці інтэрв’ю або пост у сацсетках чайлдфры?

— Фактычна ўжо адбываецца большае. Супрацоўнік А1, якога арыштавалі, пра свае меркаванні ўвогуле нічога не казаў, ён не выходзіў з вясёлкавымі сцягамі ў Мінску, не пісаў у сацсетках, што ён гей і ганарыцца гэтым. Ён жыў сваім прыватным жыццём.

Сілавікам пры вобшуку было дастаткова даведацца пра ягоную арыентацыю — і яны выклалі частку ягонага прыватнага жыцця ў паблік. У іх такая псіхалогія —  як у людзей, якія шмат адпрацавалі ў турмах, яны ўжо напэўна прымаюць на сябе турэмныя каштоўнасці.

Таму, калі з’явіцца новы закон, будзе для гэтага праўная падстава.

— Як агулам гэта можа адбіцца на сітуацыі ў грамадстве?

— Гэта дадатковая спроба падзяліць грамадства, заваяваць сабе рэпутацыю нібыта бы абаронцаў хрысціянскіх каштоўнасцяў, якія яны насапраўды не абараняюць, а толькі знішчаюць. Але не веру, што ў іх атрымаецца гэтага дасягнуць.

— Што тычыцца забароны на «прапаганду чайлдфры», на вашую думку, ці будуць людзі ў Беларусі хаваць свае погляды?

— Мне здаецца, што аўтары гэтага закону не вельмі цікавяцца гэтай тэмай, таму для іх ЛГБТК+ і чайлдфры, і, можа быць, веганы — вельмі падобныя іншаземныя словы, якія абазначаюць людзей, якія для іх незразумелыя, і яны іх у краіне не хочуць бачыць.

Мне цяжка ўявіць, якую пагрозу прадстаўляюць для іх чайлдфры. Напрыклад, у Польшчы няма ніякай барацьбы з гэтай катэгорыяй, але дапамога на непаўнагадовае дзіця ў краіне складае 500 злотых, а з кастрычніка яе павялічаць да 800.

Я перахаў у Польшчу і працую тут некалькі год, дакладна заплаціў менш падаткаў, чым атрымліваю зараз сацыяльнай дапамогі ад дзяржавы. І ніякая «прапаганда чайлдфры» на мяне не ўплывае.

Барацьба з чайлдфры настроіць супраць рэжыму Лукашэнкі яшчэ адну катэгорыю людзей. Калі мэтай ставілася, каб больш дзяцей нараджалася, то каб яна спрацавала, трэба, каб людзі, якія ствараюць сем’і ў Беларусі, адчувалі сябе ў бяспецы.

Пакуль па вуліцах ходзяць тыя, хто вырашае, з кім спаць, якіх колераў адзенне насіць, гэта ўплывае на рашэнне ствараць сям’ю і нараджаць дзяцей значна мацней, чым «прапаганда чайлдфры» ці яе адсутнасць. Ну вось такі у беларускіх уладаў узровень палітычнай аналітыкі і разумення грамадства.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(14)