Филин

Юлія Кот

Казакевіч: «Ці будзе закрытая мяжа з Беларуссю цалкам — пакуль не вядома, але ў арсенале сродкаў гэта застаецца»

Палітолаг — пра рэакцыю суседніх краін на запланаванае перакідванне «вагнераўцаў» у Беларусь.

Віцэ-прэм’ер Польшчы Яраслаў Качынскі на пазачарговым паседжанні Камітэта Саўміна па пытаннях нацыянальнай бяспекі і абароны заявіў, што будзе ўзмоцненая ахова ўсходняй мяжы.

Палітык назваў наёмнікаў ПВК Вагнера «небяспечным элементам» не толькі для Украіны, але патэнцыйна і для Літвы, і для Польшчы таксама: «Гэта можа азначаць новую фазу гібрыднай вайны».

На польска-беларускай мяжы плануецца павялічыць як колькасць вайсйкоўцаў, так і ўмацаванняў, і загароджаў.  Аднак раней і прэзідэнт Польшчы, і МУС краіны адзначылі, што не бачаць пакуль неабходнасці ўводзіць тут надзвычайнае становішча.

Акрамя таго, днямі стала вядома пра затрыманага па падазрэнні ў шпіянажы расейскага хакеіста — і гэта ўжо 14-ты фігурант справы, якую вядзе Агенцтва ўнутранай бяспекі.

Безумоўна, што суседнія з Беларуссю краіны асабліва напружваюцца з-за прысутнасці ПВК Вагнера каля іхніх межаў. МУС Літвы, напрыклад, ужо ўзмацніў памежныя праверкі для расейцаў і беларусаў, ведамства не выключыла таксама поўнага закрыцця мяжы ў якасці крайняй меры, «у выпадку ўзрастання пагрозаў у рэгіёне».

Пра тое, наколькі верагодныя аналагічныя захады з боку Польшчы, і ці варта чакаць новых «шпіёнскіх скандалаў», Филин распытаў палітолага, дырэктара інстытута «Палітычная сфера» Андрэя Казакевіча.

— З боку Беларусі і Расіі было зроблена некалькі заўважных захадаў па эскалацыі: заява пра размяшчэнне ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі, пагрозы яе выкарыстання супраць суседзяў (намёкі на Польшчу і Украіну), зараз магчымы перавод байцоў ПВК «Вагнер». Усё гэта прадказальна будзе мець адказ з боку Польшчы, Літвы, а пазней НАТО, — мяркуе палітолаг. — Дакладна дзеянні ў адказ сёння цяжка спрагназаваць, але можна меркаваць, што на ўзроўні ЕС Польшча і Літва будуць апеляваць да эскалацыі як падставы для ўзмацнення санкцый.

На ўзроўні НАТО будзе ставіцца пытанне пра павялічэнне вайсковай прысутнасці ў рэгіёне, размяшчэння ў Польчшы тактычнай ядзернай зброі. Імаверныя новыя вучэнні і іншая дэманстрацыя гатоўнасці, а таксама ўзмацненне дапамогі Украіне.

Што тычыцца аднабаковых захадаў, то арсенал тут у Польшчы і Літвы не такі шырокі. Так, варта чакаць узмацнення аховы мяжы, памежнага кантролю (за людзьмі і таварамі), візавых і іншых абмежаванняў для грамадзян Беларусі (пакуль гэта дыскутуецца і рэалізуецца пераважна ў Літве), абмежавання гандлю і ціск на бізнес, звязаны з беларускай дзяржаваю.

Ці будзе закрытая мяжа цалкам — пакуль не вядома, але ў арсенале сродкаў гэта застаецца, асабліва на выпадак працягу эскалацыі.

— Пасля расейскага ўварвання многія краіны ЕС, засцерагаючыся шпіянажу, пачалі скарачаць прысутнасць расейскіх дыпламатаў – паводле ТАСС, мінімум 600 чалавек (па іншых звестках, 750)  былі высланыя з краінаў Захаду. У Польшчы частка расейскіх дыпламатаў засталася — але і «шпіёнскае расследаванне» Агенцтва ўнутранай бяспекі працягваецца. Ці варта чакаць у сувязі з самітам НАТО і ў навінаў пра «вагнераўцаў» новых віткоў шпіёнскіх скандалаў ,выкрывання агентаў і высылкі расейцаў?

— Думаю, што выкрыццё агентаў спецыяльных служб не трэба прывязваць выключна да саміту. Павелічэнне шпіёнскай актыўнасці ў рэгіёне — агульная праблема пасля лютага 2022 года.

Таму сапраўды варта чакаць далешага пошуку, выкрыцця агентаў, а таксама прыветныўных захадаў у гэтай сферы:  высылка дыпламатаў, прыпыненне дзейнасці лабістаў, расійскіх СМІ і г. д. Гэта будзе і да і пасля саміту. Пытанне толькі ў тым, наколькі  публічна. Дынаміка будзе залежаць выключна ад узроўню эскалацыі і пагрозаў бяспецы ў рэгіёне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(13)