Политика

Галіна Кудрук

Карбалевіч: «Заявы пра тое, што ў Славакіі да ўлады прыйшла прарасійская партыя, не адпавядаюць рэчаіснасці»

Палітолаг — пра тое, ці зможа Славакія стаць «адвакатам» Лукашэнкі ў ЕС, а таксама асаблівую пазіцыю Венгрыі. 

Валерый Карбалевіч

Былы прэм'ер-міністр Славакіі Роберт Фіцо, чыя партыя СМЕР перамагла на парламенцкіх выбарах, заявіў, што зробіць усё магчымае, каб мірныя перамовы паміж Расіяй і Украінай пачаліся як мага хутчэй, піша ВВС. Фіцо вядомы сваімі прарасейскімі поглядамі.

Палітычны аналітык Ігар Тышкевіч звярнуў увагу: «Падобна, што ў Лукашэнкі можа з’явіцца яшчэ адзін «адвакат» у ЕС — Славакія».

Ці зможа гэтая краіна лабіраваць інтарэсы Лукашэнкі ў Еўразвязе?

— Партыя СМЕР набрала адносную большасць, а не абсалютную. Увайшло шмат партый, хутчэй за ўсё ўрад будзе складацца з кааліцый, таму зусім не факт, што СМЕР узначаліць урад.

У выніку камбінацыі яна можа апынуцца ў апазіцыі. Заявы пра тое, што ў Славакіі да ўлады прыйшла прарасійская партыя, не адпавядаюць рэчаіснасці, — кажа Валерый Карбалевіч ў экспрэс-каментарыі «Салідарнасці». 

Адна справа — перадвыбарная рыторыка, другая — рэальная палітыка. Гэтыя рэчы вельмі моцна адрозніваюцца, зусім не факт, што партыя, якая аб’яўляла сябе прарасійскай, увайшоўшы ва ўрад, будзе абараняць Расію, процідзейнічаць агульнай палітыцы ў Еўрасаюзе.

Я б паасцярогся выдаваць рыторыку за рэальную палітыку. Шмат было прыкладаў, калі партыі падчас выбарчай кампаніі дэкларуюць нейкія пазіцыі, а потым ва ўладзе мяняюць іх. Увогуле пакуль бы не разглядаў пытанне лабіравання нейкіх інтарэсаў Лукашэнкі Славакіяй, да гэтага далёка.

«На агульную пазіцыю Еўрасаюза ў адносінах да Беларусі Венгрыя ніяк не паўплывае»

Венгрыя стала адзінай краінай ЕС, чыя абмасадар уручыла даверчыя граматы Лукашэнку пасля выбараў 2020 года, якія Захад адмовіўся прызнаць. Якія дывідэнды з гэтага могуць атрымаць беларускія ўлады?

— Венгрыя займае асаблівую пазіцыю сярод краін Еўрасаюза адносна Расіі, Беларусі і падтрымкі Украіны. Сапраўды амбасадар Венгрыі ўручыў даверчыя граматы Лукашэнку. Гэта пазіцыя пакуль не дае ніякіх практычных дывідэндаў афіцыйнаму Мінску, хіба што чыста прапагандысцкі.

На агульную пазіцыю Еўрасаюза ў адносінах да Беларусі Венгрыя ніяк не паўплывае. Тут больш важна, ці паўплывае гэта на пазіцыю ЕС адносна Расіі. Венгрыя тармозіць прыняццё жорсткіх санкцый, купляе расійскі газ. Тым не менш, казаць, што яна блакуе ўсе спробы санкцыйнага ціску на Расію з боку Еўразвязу, так меркаваць не выпадае. Тым больш на Беларусь. Няма рэальных звестак, што Венгрыя лабіруе нейкае зняццё санкцый.

Партыя, якая цяпер знаходзіцца пры ўладзе ў Венгрыі, атрымлівае найбольш падтрымкі сярод насельніцтва, шмат гадоў трымае ўладу. Грунтуючыся на гэтым, прэм’ер Віктар Орбан лічыць, што такая палітыка забяспечыць яму ўладу, плюс, канечне, эканамічны інтарэс, у іх важны гандаль з Расіяй.

Ціск з боку ЕС на Венгрыю аказваецца, менавіта па гэтым пытанні знаходзіцца ў ізаляцыі. Але пакуль бачу, што для Еўрапейскага саюза такая пазіцыя Венгрыі не з’яўляецца праблемай, яна не блакуе ўсю палітыку ЕС адносна Беларусі і Расіі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(12)