Филин

Юлія Кот

Карбалевіч: «Канфлікты пры дэмакратыі нястрашныя, калі ёсць легальныя механізмы іх вырашэння»

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валерый Карбалевіч распавядае Филину пра ўрокі дэмакратыі, якія беларусы вучаць пасля 2020-га.

Паўнамоцтвы Каардынацыйнай Рады — прадстаўнічага органу дэмакратычных сіл і арганізацый грамадзянскай супольнасці — скончыліся 8 лютага. Напярэдадні дэлегаты прагаласавалі за іх падаўжэнне да моманту абрання наступнага складу, але не ўсе падтрымалі такое рашэнне: пакінула сваю пасаду віцэ-спікерка Алена Жываглод, сышлі яшчэ некалькі дэлегатаў.

Ды і як адбудзецца новы «набор», таксама невядома — дагэтуль няма не тое што працэдуры выбараў (папярэдне вызначана толькі дата: 25 траўня), але нават пэўнасці аб выбарчай сістэме, якая будзе выкарыстоўвацца.

Натуральна, ніхто і не чакаў ад структуры, якая аб’ядноўвае зусім розных палітычных і грамадскіх актараў, поўнага дзэну і еднасці, але выходзіць, што і доўгатэрміновага кансенсусу дасягнуць не змаглі. У дэмсілах адбываецца чарговы крызіс?

На думку палітычнага аналітыка Аляксандра Класкоўскага, ідэя выбараў, альтэрнатыўных лукашэнкаўскай электаральнай кампаніі, наогул праваленая, і пытанне, каго насамрэч прадстаўляе КР, паўстане яшчэ больш востра. Спікер Рады Андрэй Ягораў, са свайго боку, заявіў, што гатовы паставіць пытанне аб перавыбарах кіраўніцтва, калі гэта дапаможа «вырашыць прыярытэтныя задачы». Але ці вырашыць?

— Можна назваць гэта і крызісам, але я б дастаткова спакойна паставіўся да ўсіх абазначаных праблем. Ёсць аб’ектыўныя прычыны, якія ствараюць цяперашнюю сітуацыю, — гаворыць у каментары Филину Валерый Карбалевіч. — Па-першае, гэта дэмакратычны працэс, а любы дэмакратычны працэс ёсць канфліктам. Дэмакратыя і канфлікт — рэчы абсалютна сумяшчальныя і неабходныя, бо гаворка пра ўзгадненне розных пазіцый, розных інтарэсаў, якія канфліктныя заўсёды і ў любой краіне.

Гэта ў дыктатарскіх рэжымах канфлікту няма, бо ён падаўляецца сілай, а ў дэмакратычных працэсах — не.

Другі момант, на які звяртае ўвагу Валерый Карбалевіч, — існуючы канфлікт абвастраецца, калі на гарызонце не бачна нейкіх рэальных перспектыў перамен да лепшага. Калі такі ёсць, гэта з’яўляецца мабілізуючым чыннікам для хуткага знаходжання кампрамісу і сумеснага рашэння ў пераадоленні канфлікта.

— А калі такіх перспектыў не бачна, і цяпер менавіта такая сітуацыя, — мы і бачым тое, што было са старой апазіцыяй да 2020 года, — зазначае эксперт. — Там таксама пастаянна адбываліся канфлікты, былі нейкія то аб’яднанні, то раз’яднанні, то спрэчкі за лідарства і шмат чаго іншага.

Цяпер гэтая традыцыя перайшла да новай апазіцыі. Але тыя, хто назіраў за працэсамі, якія адбываліся ў апазіцыі да 2020 года, нічым не здзіўленыя: усё адбываецца па тых самых правілах.

Трэцяй прычынай крызісу палітолаг называе сам факт эміграцыі.

— Любая палітычная эміграцыя — вельмі канфліктнае поле, незалежна ад краіны і эпохі. Палітэміграцыя — заўжды расколы, канфлікты, падзяленні і г.д. Таму, зноў жа, я не бачу тут вялікіх асаблівасцяў.

Паглядзіце, што робіцца з расійскай апазіцыяй у эміграцыі — на гэтым тле беларуская значна больш адзіная, таму што існуе легітымнасць Святланы Ціханоўскай.

Адыгрывае негатыўную ролю і нявызначаны статус Каардынацыйнай Рады, дадае Валер Карбалевіч.

Дасюль ідуць спрэчкі наконт таго, што такое КР: ці ёсць гэта паўнавартасны парламент, які кантралюе ўрад — так званы Пераходны кабінет, ці кансультатыўная структура — па сутнасці, проста клуб, месца, дзе сабраліся дэлегаты, няхай і выбраныя, якія вядуь дыскусіі, нешта могуць прапаноўваць — але не могуць вызначаць палітыку АПК.

— Няпэўнасць гэтага статусу таксама павялічвае спрэчкі, і невыпадкова ў іх умяшаўся Аляксандр Мілінкевіч, які абвінаваціў КР у тым, што тая хоча стаць парламентам, і назваў структуру «небеларускімі сіламі». З чым я, дарэчы, не згодны: я не лічу, што трэба вешаць такія цэтлікі на розныя пазіцыі.

Нарэшце, пятая прычына крызіснага стану Каардынацыйнай Рады, на думку аналiтыка, палягае ў тым, што пасля 2020 года ў беларускае палітычнае жыццё ўключылася вялікая колькасць людзей, якія раней «былі па-за палітыкай» — не займаліся, не цікавіліся і, адпаведна, не мелі палітычнага досведу, а таксама і досведу вырашэння канфліктаў і пошуку кампрамісаў.

— Цяпер беларусы ў эміграцыі і самі набываюць гэты досвед, і бачаць, як працуе дэмакратыя, і што часам паітычныя рашэнні прымаюцца не хутка. А з другога боку, калі доўга няма плёну, змяншаецца крэдыт даверу да будзь-якіх структур. Ці можна выправіць гэтае становішча, прыкладам, праз большую празрыстасць, інфармаванасць грамадства?

— Тут рэцэпты відавочныя і не новыя. Галоўны рэцэпт пераадолення канфліктаў — існаванне нейкіх легальных механізмаў.

То бок, канфлікты пры дэмакратыі не страшныя, калі ёсць легальныя, легітымныя механізмы, у рамках якіх гэтыя канфлікты вырашаюцца. Таму трэба, каб такія механізмы існавалі і былі замацаваныя: каб былі дакументы, якія б рэгламентавалі і дзейнасць Каардынацыйнай Рады, і як вырашаюцца спрэчкі паміж удзельнікамі.

Галоўная парада — стварэнне такіх механізмаў, і разуменне таго, што канфлікты непазбежныя. Без іх жыцця ва ўмовах дэмакратыі проста не існуе. А ўжо дзейсныя  механізмы прадугледжваюць і празрыстасць, і актыўны ўдзел экспертнай супольнасці, і шмат чаго іншага.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(15)