«Калега напісаў запіску, каб абаронцу Насты Лойка пазбавілі ліцэнзіі. Чаму ён гэта зрабіў, я не ведаю»

Прэзідэнтка Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека Марыя Колесава-Гудзіліна — пра тое, што адбылося з адвакатурай у нашай краіне.

Чаму адной з вядомых беларускіх адвакатак сорамна за юрфак БДУ?

— Калі ўбачыла «пакаяльнае відэа», якое выклаў не ГУБАЗіК, а мая альма-матар — юрфак БДУ, мне стала сорамна. І наогул зараз сорамна там навучацца. Гэта першае, што я падумала, — адзначыла адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна на Радыё Свабода. — А другое, што я падумала: як ім адправіць мой дыплом.

Калі такое робяць студэнты, гэта брыдка. Таму я адразу напісала аб гэтым у сваіх сацсетках.

Я навучалася на юрфаку з 2006 па 2011 год. І ў 2006 годзе, калі я ўжо занесла дакументы на факультэт, мы з маімі сябрамі з «Маладога фронту» паехалі ў летнік пад Менскам, і там нас затрымалі, а потым выпусцілі пра гэта такое «шыкарнае» відэа, дзе нас параўналі з УНА-УНСО.

На відэа, напрыклад, былі Валер Мацкевіч, Іван Шыла, Зміцер Хведарук. Але нават пасля такога мяне не адлічылі і я навучалася потым пяць год на юрфаку. У той час у нас былі выкладчыкі, якія насілі БЧБ-сцяжкі.

Марыя Колесава-Гудзіліна

Пазбаўленая ў Беларусі ліцэнзіі адвакатка ўзгадвае пра абуральныя парушэнні правоў падабаронных падчас сваёй працы.

— Сустрэчы падабаронных з адвакатамі адбываюцца, напрыклад, на Валадарцы ў памяшканні без вакон. Увесь час ты сустракаешся праз такую пластыкавую альбо іншую перагародку.

Каб перадаць нейкую інфармацыю падабароннаму, я прыкладала да перагародкі лісток, на якім нешта было напісана. Зразумела, што і здымаць, і праслухоўваць усё могуць з усіх бакоў.

Тым больш што з-за гэтай перагародкі ты можаш там толькі крычаць, каб штосьці пачуць, альбо прыкладаць паперку.

Але гэта парушэнне — няма ніякай тайны, — падкрэслівае юрыстка.

Яна сцвярджае, што ў Беларусі больш не засталося незалежнай адвакатуры.

— Зараз беларуская адвакатура зруйнаваная. У нас увогуле не існуе права на абарону. Ёсць адзінкі, некаторыя адвакаты, якія працуюць, абараняюць людзей і па шчырасці робяць сваю справу, але як інстытут беларуская адвакатура не існуе.

У Беларусі пазбаўляюць права на прафесію, могуць прыцягнуць цябе за тое, што ты падпісаў нейкую петыцыю, напрыклад, супраць вайны.

Адну маю калегу, абаронцу Насты Лойка, затрымалі адразу пасля суда над Настай. І калі яна адбывала содні, калега напісаў запіску, каб яе пазбавілі ліцэнзіі. Вось такі прыклад. Чаму ён гэта зрабіў, я не ведаю, можа, лічыў, што гэта дапаможа яму застацца адвакатам.

Адвакатка Юлія Юргілевіч, зараз палітзняволеная, атрымала прысуд толькі за тое, што паведаміла, колькі далі Алесю Пушкіну. Яе асудзілі і далі 6 гадоў за тое, што яна агучыла інфармацыю, якую дзяржСМІ ўжо напісалі. Я не ведаю, якое тут можа быць парушэнне?

Зараз у Беларусі няма права, няма закона. Якая свабода меркаванняў і выказванняў у адваката? Не, гэта будзе парушэнне, калі ты нешта напішаш ці паведаміш. І добра, калі цябе проста за гэта пазбавяць ліцэнзіі.

Але ж у дэмакратычнай краіне ты маеш права казаць, асабліва калі гэта тычыцца інтарэсаў твайго падабароннага. Ты нават павінен казаць і пра катаванні, і пра астатняе, што адбываецца, — падкрэсліла адвакатка.

Яна лічыць, што ўся незалежная адвакатура з Беларусі з’ехала. Для яе захавання была створана Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека.

— У асацыяцыю абʼядналіся адвакаты, якіх пазбавілі права на прафесію, якія зʼехалі з краіны і засталіся там. Гэта асацыяцыя, у якой ёсць свае каштоўнасці ў працы, перш за ўсё, каштоўнасць правоў чалавека.

Другое, у нас ёсць місія — мы жадаем узнавіць інстытут адвакатуры і права на абарону ў Беларусі. Мы лічым, што ў нашай краіне павінны працаваць адвакаты і інстытут адвакатуры павінен быць незалежным.

Зараз 6 адвакатаў знаходзяцца ў зняволенні. Беларускі суд прысудзіў ім ад 6 да 10 год за тое, што яны былі адвакатамі. Сярод краін Еўропы такіх прыкладаў больш няма нідзе.

Мы ўсе жадаем вярнуцца ў Беларусь і працаваць. Мы ведаем, што наступіць такі час, калі мы павінны будзем працаваць і з інстытутам адвакатуры, і з незалежным судом. Некаму патрэбна будзе гэта рабіць. А рабіць гэта могуць толькі адукаваныя юрысты, — кажа Колесава-Гудзіліна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(23)