Кацярына Глод: Пуцін цісне на Лукашэнку больш па эканоміцы, а не палітыцы

Палітолаг, супрацоўніца Цэнтра аналізу еўрапейскай палітыкі Кацярына Глод – пра тое, навошта Лукашэнку і Пуціну частыя сустрэчы, і ці магчымы ў Беларусі казахстанскі сцэнар з перадачай улады народнаму сходу.

– На 78-й асамблеі ААН адно з галоўных пытанняў было пра тое, што свет стаў не біпалярны, як было раней, калі Захад дамінаваў, а мультыпалярны. Таму такім інстытуцыям як ААН трэба прыслухоўвацца да краін Афрыкі, Азіі і г.д.

На гэтай хвалі некаторыя краіны, у тым ліку Беларусь, вырашылі, што яны могуць паспрабаваць выказаць свае прэтэнзіі. У Лукашэнкі і іншых дыктатур гэта прэтэнзіі санкцый, — тлумачыць палітолаг у інтэрв’ю Лампе.

Кацярына Глод

Але я не думаю, што мы пабачым з боку ААН нейкі станоўчы адказ на іх просьбу. Па-першае, ААН не займаецца пытаннямі санкцый, іх прымаюць іншыя інстытуцыі.

Экспертка таксама пракаментавала здагадку пра тое, што Лукашэнка ў апошнюю сваю сустрэчу з Пуціным абмяркоўваў перадачу ўлады Усебеларускаму народнаму сходу (УНС). Палітолаг лічыць, што казахстанскі сцэнар у Беларусі на сёння немагчымы.

— Па-першае, няма ціску на Лукашэнку, каб нешта рабіць. Так, у 2020 годзе яны думалі зрабіць нешта такое, каб Лукашэнка захаваў сваю ўладу, але тэхнічна не быў прэзідэнтам. І тады Крэмль, напэўна, націскаў на Лукашэнку.

Сёння ён з усімі гэтымі праблемамі справіўся: у Беларусі няма пратэстаў, а Крэмль заняты вайной ва Украіне. Я не думаю, што сёння на Лукашэнку ёсць нейкі ціск з боку Крамля.

Мы ведаем, што Лукашэнка амаль кожны месяц ездзіць да Пуціна, але я думаю, што ціск там больш ідзе па эканоміцы Беларусі, каб зрабіць беларускі рынак больш адкрытым для расійскіх бізнесоўцаў, каб больш пераняць адміністратыўнае кіраванне беларускай эканомікай.

Канешне, ёсць ціск і наконт вайны, каб Лукашэнка больш падтрымаў Расею. Але гэтыя сустрэчы паказваюць, што Крэмль вельмі задаволены тым, што ёсць Лукашэнка, які прыязджае на гэтыя перамовы, які праводзіць лінію Расеі. Таму я не думаю, што сёння Крэмль захоча мяняць Лукашэнку.

Думаю, Лукашэнка пакуль што сам для сабе не вырашыў, ці будзе ён старшынёй УНС, ці застанецца прэзідэнтам. Гэта будзе больш бачна бліжэй да 2025 году. Але так, як сёння развіваюцца падзеі, падаецца, што Лукашэнка хоча быць і там, і там. І Крэмль яму ў гэтым толькі дапамагае.

Кацярына Глод лічыць, што ў будучыні Беларусь зможа жыць і без уплыву Расіі.

— Краіны Балтыі – вельмі добры прыклад таго, як можна пазбавіцца залежнасці ад РФ: ад яе нафты, газу, электрычнасці. Канешне, Беларусі прыйдзецца праводзіць вельмі шмат структурных рэформ, каб пазбегнуць у першую чаргу энергетычнай залежнасці ад Расіі. Зрабіць нешта больш эфектыўнае з тымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі, якія не прыносяць прыбыткаў.

Па-другое, трэба будзе ўдасканаліць сістэму сацыяльнай дапамогі. Ну і, канешне, спатрэбіцца шмат дапамогі з боку міжнародных інстытуцый і заходніх дзяржаваў.

Палітолаг таксама лічыць, што беларусы ўжо даўно гатовыя да дэмакратыі.

— Людзі не маглі гэтага паказаць раней, але ў 2020 годзе добра гэта зрабілі. Беларусы паказалі, што адстойваюць дэмакратычныя каштоўнасці — выбранне ўраду, вяршынства закона, павагу да правоў чалавека. Таму, безумоўна, Беларусь гатовая да дэмакратыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(17)