«Іх смеласць і годнасць натхняюць працягваць змагацца за лепшую будучыню, пра якую мы ўсе марым»

Сёння беларусы па ўсім свеце адзначаюць Дзяды, адзін з самых важных дзён памінання продкаў у народнай традыцыі.

— Дзяды – важны дзень для беларусаў яшчэ са старажытных часоў. Сёння, згодна з традыцыяй, беларусы наведаюць магілы родных, блізкіх і сяброў. У гэты дзень мы аддаём даніну павагі продкам, вяртаемся да каранёў. І з цеплынёй, але і з болем у душы, мы згадаем родных і блізкіх, якія больш не з намі, — гаворыць лідарка дэмакратычных сіл.

Але ж беларусы — гэта вялікая сям’я. Таму сёння давайце разам успомнім нашых беларускіх герояў. Тых, хто загінуў падчас пратэстаў. Тых, хто загінуў у зняволенні. Тых, хто загінуў на вайне, змагаючыся за свабоду Украіны і Беларусі.

Успаміны пра іх жывуць у нашых сэрцах. І ў маім сэрцы. А іх смеласць і годнасць натхняюць працягваць змагацца за лепшую будучыню, пра якую мы ўсе марым.

Я спачуваю кожнаму, хто страціў блізкіх людзей. Яны заўсёды застаюцца побач, падтрымліваюць і аберагаюць нас. Калі ласка, шануйце памяць пра іх.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(31)