Ігар Случак выставіў на дабрачынны аўкцыён BYSOL блок рэдкай маркі «Белпошты»

Моўны інспектар далучыўся да каляднай акцыi «Падорым дзецям цуд!»

– Які лот на дабрачынны аўкцыён можна чакаць ад чалавека, што дасылае звароты тысячамі? Гэта блок даволі рэдкай маркі Белпошты 2015 года з маёй асабістай калекцыі – рэпрадукцыя легендарнай і культавай карціны «Ева» Хаіма Суціна, што стала адным з сімвалаў пратэстаў 2020-га, – піша Ігар Случак.

Не ведаю, чым я кіраваўся падчас эвакуацыі, але замест дыплома аб адукацыі або пальчатак узяў гэты блок марак. То няхай яны паслужаць добрай справе.

Усе атрыманыя сродкі пойдуць на калядныя падарункі дзецям палітвязняў.

Пачатковая стаўка – 100 € (падарунак для аднаго дзіцяці), мінімальны крок 15 €. Пішыце ў каментарах сваю стаўку.

Калі з нейкіх прычын вы не можаце зрабіць стаўку публічна, пішыце мне ў асабістыя паведамленні сваю стаўку, і я дадам яе ў каментары.

Аўкцыён завершыцца 26 лістапада ў 10:16 па Менску. Маркі атрымае чалавек, чыя стаўка будзе найвышэйшай.

Случак нагадвае: калі вы ў Беларусі не лайкайце і пішыце стаўку ў прыват або з ананімнага акаўнта.

Нагадаем, BYSOL адкрыў калядны збор для дзяцей, чые бацькі апынуліся ў турме па палітычных матывах.

«Разам з вамі мы можам зрабіць так, каб палітзняволеныя мамы і таты падарылі сваім дзецям радасць і напамін пра сябе гэтымі днямі. Дзякуючы невялікаму цуду, які мы з вамі ў сілах ажыццявіць», – заявілі ў фондзе.

Прыняць удзел у каляднай акцыі можна тут.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(6)