Гурневіч: «Бясконцыя клопаты «Белсату» з фінансаваннем немагчыма зразумець логікай»

Журналіст Дмітрый Гурневіч – пра скарачэнне бюджэта тэлеканала «Белсат» амаль напалову.

8 сакавіка дырэктарка «Белсата» Агнешка Рамашэўска-Гузы напісала: «У якасці падарунка да жаночага дня ліквідацыя — не дэ-юрэ, дэ-факта. Не магу паверыць».

Яна паведаміла, што мінулагодні бюджэт «Белсата» складаў 74 мільёны злотых з якіх 63 мільёны злотых давала МЗС Польшчы, а яшчэ 11 мільёнаў злотых — TVP (грамадскае Польскае тэлебачанне).

У 2024 годзе бюджэт зменшыцца да 40 мільёнаў злотых (каля $10 мільёнаў). Усе гэтыя грошы выдзяляе МЗС Польшчы, а TVP не дасць нічога.

Журналіст Дмітрый Гурневіч піша:

– Бясконцыя клопаты «Белсату» з фінансаваннем немагчыма зразумець логікай. У супернеспрыяльных умовах тэлеканал паспяхова працуе, стварае, расце. І ўсё гэта за капейкі. Я ўжо раней прыводзіў прыклад, што ўвесь гадавы бюджэт каналу быў не так даўно роўны месячным выдаткам расейскага НТВ усяго ТОЛЬКІ на замежныя камандзіроўкі супрацоўнікаў.

Ідзе вайна, Расея і нават Лукашэнка даюць мора грошай на прапаганду, узнікае новая жалезная заслона, у Беларусі барацьба з вальнадумствам на ўзроўні лайку ў сацсетках. Павальна ўсё русіфікуецца. І канал вяшчае туды, дзе эпіцэнтар усяго гэтага.

І ў гэты момант нейкі геніяльны стратэг вырашае зменшыць фінансаванне. Гэта яшчэ дзіўна і таму, што ў Польшчу прыехала больш сотні тысяч беларусаў, з грашыма. Яны купляюць там кватэры, плоцяць падаткі, інвестуюць у гэту краіну. Гэта ўжо не беднае студэнцтва як 15 год таму.

Для беларусаў тэлевізія па-беларуску сёння – апошняе масавае акно ў свет беларускай мовы, якую можна пачуць і «убачыць», а не прачытаць. І менавіта гэтыя перадачы давядзецца скарачаць, калі канал хоча выжыць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(16)